«З жыццяпі́су Яку́ба Ко́ласа» — зборнік дакументаў і матэрыялаў, прысвечаных жыццю і дзейнасці беларускага паэта Якуба Коласа. Выдадзены ў Мінску ў 1982 годзе выдавецтвам «Навука і тэхніка». Падрыхтаваны гісторыкам і літаратуразнаўцам Генадзем Кісялёвым. Працяг зборнікаў «Пачынальнікі» і «Пуцявінамі Янкі Купалы».

Змест У зборніку апублікаваны дакументы, якія тычацца паходжання беларускага паэта, яго вучобы, дзейнасці як творчай, так і службовай, а таксама ўдзелу ў грамадскім руху. Матэрыялы паказваюць уклад Якуба Коласа ў культуру Беларусі, таксама характарызуючы грамадскае асяроддзе, у якім ён быў. У кнізе сустракаюцца дакументы розных устаноў (судовых, цэнзурных і іншых), датаваных раней за 1917 год, матэрыялы перыяду БССР, прэса, успаміны пісьменніка, эпісталярная спадчына і публіцыстычныя творы.

Самі дакументы, апублікаваныя ў зборніку, узяты з наступных устаноў: Літаратурны музей Якуба Коласа, ЦДАМЛіМ БССР, ЦДГА БССР, ЦДАКР БССР, Дзяржаўны архіў Мінскай вобласці, Архіў АН БССР, ЦДАЛіМ СССР, ЦДГА СССР, ЦДГА Літоўскай ССР. Выкарыстаны матэрыялы з бібліятэк Мінска, Вільні, Масквы, дакументы з прыватных збораў таксама ўвайшлі ў зборнік.

Тэксты ў кнізе падзяляюцца на беларускамоўныя, рускамоўныя і польскамоўныя. Польскамоўныя дакументы перакладзены на беларускую мову. У зборніку ёсць падрабязны каментарый, які багаты на дадатковыя факты, таксама прысутнічае інфармацыя пра ненадрукаваныя крыніцы. Прыведзены біяграфічныя даведкі. У кнізе змешчаны 24 ілюстрацыі, ёсць імянны паказальнік.

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Якуб Колас Катэгорыя:Выданні Беларусі Катэгорыя:Кнігі 1982 года