Адам Фелікс Аляксандр Рымша () — вайсковец і землеўласнік з шляхецкага роду Рымшаў гербу «Газдава».

Біяграфія Сын Людвіка Ануфрыя Рымшы і Ганны з Цывінскіх, нарадзіўся ў 1796 годзе.

У вайну 1812 года далучыўся ў Наваградку да 19-га ўланскага палка ВКЛ, адным з галоўных арганізатараў якога быў капітан Ксаверый Рымша, яго старэйшы брат.

Закахаўся ў стрыечную сястру свайго вайсковага таварыша Ваўжынца Путкамера, юную баранесу Вераніку Остэн-Сакен з маёнтка Гайцюнішкі. Бацькі дзяўчыны не далі дазволу на шлюб, і Адам у роспачы ажаніўся з іншай, але працягваў патаемна падтрымліваць адносіны з Веранікай.

Арыштаваны ў 1833 годзе па абвінавачанні ў дачыненні да паўстання 1831 года з-за таго, што быццам ведаў пра экспедыцыю Юзафа Заліўскага, якая мусіла стаць пачаткам агульнага паўстання, ад яго эмісара. Даказаць дачыненне да справы не атрымалася, але рашэннем віленскага генерал-­губернатара Адам Рымша быў высланы на пасяленне ў Вяцкую губерню.

У 1835 годзе да яго прыехала Вераніка Остэн-­Сакен, у Вятцы маладыя былі павянчаныя ссыльным ксяндзом Шыманам Гілеўскім без дазволу ўладаў. Гэта выклікала скандал і асуджэнне з боку грамадства. Бацькі баранесы ўжо памерлі і не маглі ёй перашкодзіць, але яе апякун Ваўжынец Путкамер выказваў сваё абурэнне з гэтай нагоды. Даследчыца Т. Дварэцкая, якая працавала з дакументамі ссыльнага Рымшы, звяртае ўвагу на яго грэбаванне, ці нават пагарду, да мясцовых улад.

У 1837 годзе Адам Рымша быў памілаваны і атрымаў дазвол вярнуцца на радзіму. 14 верасня чарга падвод сямейства Рымшаў з маёмасцю і людзьмі адправілася ў шлях на радзіму. У вяцкай кватэры Рымшаў застаўся ссыльны філамат Тэадор Лазінскі.

Пасля атрымання звестак аб смерці жонкі Адама яны з Веранікай узялі шлюб. Вераніка ўнесла маёнтак Гайцюнішкі (у тым ліку Падварышкі, Подзегуці, Лоўцы, Варнакелі, Забалаць, Лянцішкі, Беняконцы — разам 3300 дзесяцінамі зямлі і 426 душ) у пасаг свайму мужу.

У 1843 годзе Вераніка памерла, пакінуўшы сыноў і дачку. У 1844 годзе Адам Рымша меў ужо толькі 885 дзесяцін зямлі.

Сучаснікі пісалі пра фотаздымак Адама Рымшы, зроблены ў Парыжы ў 1863 годзе. На ім бачны моцны плячысты мужчына з выразным шрамам на падбародку.

Памёр Адам Рымша ў 1866 годзе. Па смерці бацькоў іх маёмасць атрымала ў спадчыну дачка Алена, жонка Рамуальда Рымшы.

Спасылкі pawet.net