Бэр Сарын, сапраўднае імя Майсей або Мойша Левін (1907, Вільня — 1942, Мінск) — яўрэйскі пісьменнік і мастак, сябра літаратурнага аб’яднання «Юнг Вільне» (Вільня), грамадскі дзеяч, удзельнік падпольнай арганізацыі Мінскага гета.
Біяграфія Нарадзіўся ў Вільні ў сям’і беднага шкляра. У часе Першай сусветнай вайны разам з сям’ёй быў у бежанстве, пасля вярнуўся ў Вільню. У 1922 годзе скончыў яўрэйскую публічную школу Лейзара Гурэвіча, працаваў рэтушорам у фотастудыі. Вучыўся на факультэце выяўленчых мастацтваў ва Універсітэце імя Стэфана Баторыя ў Вільні, скончыў Яўрэйскую настаўніцкую семінарыю імя Уладзіміра Медэма (1928).
Працаваў у Tsenṭrale Yidishe Shul-Organizatsye (школы TSYSHO) — сістэме, свецкіх яўрэйскіх школ у Вільні, якой кіраваў Бунд. У 1934 годзе паліцыя забараніла Левіну педагагічную дзейнасць за рэвалюцыйную актыўнасць.
Галомб (1947), сябра з часоў навучання ў настаўніцкай семінарыі, намякае на эмацыйныя праблемы Левіна, якія былі вынікам стрэсаў, атрыманых падчас бяздомнага бадзяння. Паводле Галомба, Левін мусіў вельмі старацца, каб застацца на шляху вучобы, сацыяльнага і маральнага жыцця. Таксама Левін пакутаваў на цяжкае спадчыннае парушэнне слыху (яго бацька быў глухі). Эльханон Воглер (1955), калега па «Юнг Вільне», успамінаў, як Левін чытаў свае вершы на літаратурных вечарынах пад бурлівыя апладысменты, якіх ён сам не мог чуць.
У другой палове 1930-х гадоў Левін займаўся публіцыстыкай, пісаў апавяданні і навелы. Друкаваўся ў ідышамоўных выданнях Вільні, Варшавы, Нью-Ёрка. Большасць яго твораў, напісаных для дарослых, засталася ў міжваеннай яўрэйскай перыёдыцы. Рэагаваў на антысеміцкія праявы ў Польшчы ў канцы 1930-х гадоў, апісаў Віленскі пагром 1936 года ў абразку «Tsalel der glezer nokh’n pogrom: dertseylung fun di November-teg in Vilne in 1936» («Шкляр Цалель пасля пагрому: гісторыя з лістападаўскіх дзён у Вільні ў 1936»).
У той самы перыяд Левін напісаў і выдаў на ўласным друкарскім абсталяванні шэраг кніг для дзяцей, аздобленых уласнымі ж ілюстрацыямі пад псеўданімам Бэр Сарын (Ber Sarin, Ber Sorin).
Як мастак, з 1935 года ўдзельнічаў у яўрэйскіх выставах у Вільні.
Пасля паходу Чырвонай арміі ў Заходнюю Беларусь (1939) і далучэння Віленшчыны да СССР Левін супрацоўнічаў з віленскімі і ковенскімі ідышамоўнымі газетамі «Vilner emes», «Kovner emes», тыднёвікам «Shtraln», і альманахам «Bleter». Быў дэлегатам на 1-й канферэнцыю яўрэйскіх пісьменнікаў у ЛітССР (Коўна, май 1941).
Пасля гітлераўскага нападу на СССР у чэрвені 1941 года, ратуючыся ад нацыстаў, з жонкай і дачкой прыйшоў з Вільні ў Мінск.
Уваходзіў у падпольную групу ў Мінскім гета. Паводле ўспамінаў Гірша Смоляра, кватэра Левіна была месцам збору падпольшчыкаў: Мы хавалі там амуніцыю, адзежу і ежу для тых, хто збіраўся ў лес у партызаны. Бэр Сарын быў вельмі рукасты чалавек. Ён мог зрабіць усё, за што браўся. Аднойчы гітлераўцы пагналі яго на работу, рамантаваць і прыбіраць мінскую турму. Турэмнае начальства, пабачыўшы яго кваліфікацыю, прызначыла яго брыгадзірам. Мінскае падполле мела з гэтага карысць. Бэр Сарын мог вольна перамяшчацца ў ваколіцы. Ён зрабіўся тапаграфістам баявой арганізацыі гета. Эн маляваў мапы з дакладнымі пазнакамі, дзе вораг мае войскі і зброю. Ён мог таксама пазначаць шляхі, якія яўрэі маглі выкарыстоўваць, каб сыходзіць з гета.Мойшэ Левін забіты гітлераўцамі ў сакавіку 1942 года. Паводле Гірша Смоляра, Левін адмовіўся выйсці з калоны рабочых, прызначаных на расстрэл, і ўратаваць сабе жыццё.…2 сакавіка 1942 (Пурым), карычневыя забойцы пачалі абшукваць гета і заходзіць з сабакамі на кожны падворак. Але яны знайшлі толькі некалькі яўрэяў. Тады яны прыняліся чакаць вяртання яўрэяў у гета ўвечары з працы, каб вывезці іх з горада і забіць. Фашысцкія бандыты перанялі групу рабочых, якую вёў Бэр Сарын. Начальнік турмы павярнуўся да Бэра Сарына і загадаў яму пакінуць групу, з думкай захаваць яму жыццё. Яўрэйскі дзіцячы пісьменнік цвёрда адказаў: 'Калі я сыйду, дык толькі з рэштай рабочых!'Бэр Сарын расстраляны ў Трасцянцы (паводле іншых звестак, у двары менскай турмы). Яго сям’я таксама загінула ў гета.
Творчасць У школьныя гады публікаваў вершы ў варшаўскіх выданнях «Yugnt-veker» і «Folkstsaytung». Ад 1927 года друкаваўся ў «Vilner tog» (1927—1939), «Yung-vilne» (1934—1935), «Zibn teg» (Вільня); «Literarishe bleter», «Folkstsaytung», «Vokhnshrift far literatur», «Foroys» і «Der fraynd» (Варшава); «Forverts» (Нью-Ёрк). Ад апошняга выдання Левін атрымаў прэмію за апавяданне «Dray shpigl[e]n» («Тры люстэркі», 1937). Быў сябрам літаратурна-мастацкай суполкі «Юнг Вільне».
У 1936 годзе ў Вільні выдаў першую кнігу навел і гумарэсак «Friling in kelershtub, noveln un humoreskes» («Вясна ў падвале, навелы і гумарэскі»), а таксама кнігі апавяданняў і вершаў для дзяцей: «A denkmol baym taykhl» («Помнік каля ручая», Варшава, 1937, 16 с.); «Der vagon» («Вагон», Варшава, 1938, 14 с.); і «Di kats dertseylt» («Котка апавядае», Варшава, 1939, 16 с.). Пад псеўданімам Бэр Сарын (Ber Sorin) на ўласным друкарскім абсталяванні надрукаваў дзіцячыя кніжкі-буклеты «Makhn mir a shneymentsh» («Зляпі мне снегавіка», 1937, 8 с.), «A mayse vegn mayzelekh vayse» («Казка пра маленькіх белых мышэй», 1937, 8 с.) і «Kitsi un murele» («Кіцы і Мурэле», 1938, 9 с.) — усе з уласнымі каляровымі ілюстрацыямі.
Псеўданім Бэр Сарын узяў, найхутчэй, ад імя жонкі Сары, віленскай настаўніцы.Ён жыў у цяжкі час, яўрэйскі дзіцячы пісьменнік Бэр Сарын. У той час (канец 1930-х) у капіталістычнай Польшчы не было дзяржаўных выдавецтваў, якія б публікавалі падручнікі і апавяданні для яўрэйскіх дзяцей. Прыватныя выдавецтвы найперш арыентаваліся на прыбытак, і для іх не было фінансава выгадна друкаваць кнігі апавяданняў для дзяцей з вялікай колькасцю каляровых ілюстрацый. Тады пісьменнік і настаўнік Бэр Сарын, якому польскія ўлады ў 1934 забаранілі вучыць дзяцей за яго рэвалюцыйныя погляды, ашчаджаў грош за грошам і купляў усё неабходнае для выдання кніжак і іх распаўсюду сярод яўрэйскіх дзяцей", — Гірш Смоляр. Прадмова да кнігі «Kh’vel aykh dertseyln a mayse» («Я раскажу табе гісторыю», Варшава, 1958).У сваёй творчасці для дзяцей натхняўся творамі Шолам-Алейхема, Мендэле Мойхер-Сфорыма, Перэца, Мані-Лейба Брагінскага, Лейба Квітко, а таксама мастакамі ўзроўню Марка Шагала і Эль Лісіцкага, якія таксама ілюстравалі кнігі для дзяцей на ідышы.
Пасля вайны сябры Левіна Гірш Смоляр і Аўром Суцкевер перавыдалі яго кнігу «Shmulyes shtub fort avek (dertseylung)» («Шмулеў дом пакідае горад») з кароткай біяграфіяй аўтара ў квартальніку «Di goldene ḳeyṭ» (Тэль-Авіў, 1962).
У культуры Бэр Сарын стаў прататыпам героя апавядання Уладзіміра Карпава «Развітанне».
Крыніцы
Катэгорыя:Ідышамоўныя пісьменнікі Катэгорыя:Ахвяры Халакоста Катэгорыя:Расстраляныя на акупаванай тэрыторыі СССР Катэгорыя:Дзіцячыя пісьменнікі