Tiffany & Co. — амерыканская фірма па вытворчасці і гандлі прэстыжнымі ювелірнымі вырабамі са штаб-кватэрай на Пятай авеню ў Манхэтэне, ЗША. Назва паходзіць ад імя заснавальніка, амерыканскага ювеліра і камерсанта Чарльза Льюіса Тыфані, бацькі мастака-ювеліра Луіса Камфорта Тыфані. Гандлёвы дом «Тыфані» вядомы прадметамі раскошы, асабліва ювелірнымі вырабамі са срэбра і брыльянтаў. Крамы кампаніі прадстаўлены ў многіх краінах свету. Фірмовы бірузовы колер (шаснаццатковае значэнне колеру — #0ABAB5), які прысутнічае ў карпаратыўным стылі кампаніі, з’яўляецца зарэгістраванай гандлёвай маркай.
Кампанія Tiffany & Co. прадае ювелірныя вырабы, срэбра, фарфор, хруталь, канцылярскія прыналежнасці, парфумерыю, упрыгожванні, аксэсуары, а таксама вырабы са скуры. Многія з гэтых тавараў прадаюцца ў фірмовых буціках, а таксама пры дапамозе паштовых пераводаў і карпаратыўнага мерчандайзінгу. Кампанія славіцца сваімі прадметамі раскошы, асабліва вядомыя яе ювелірныя вырабы з дыяментамі. Tiffany & Co. пазіцыянуе сябе ў якасці арбітра густу і стылю. У 2018 годзе кампаніі належала 93 крамы ў ЗША і 321 па ўсім свеце.
У цяперашні час належыць кампаніі LVMH, цэнтральны офіс размяшчаецца ў Нью-Ёрку. Цэнтральная і найстарэйшая крама знаходзіцца на Манхэтэне, на рагу Пятай авеню і 57-й вуліцы. Тут праходзілі здымкі фільмаў «Сняданне ў Тыфані» (1961) і «Стыльная штучка / Алабама — родны дом» (2001).
Катэгорыя:Кампаніі ЗША