Ангіяры́дыум (Angioridium sinuosum, Physarum bivalve) — від грыбападобных арганізмаў сямейства фізарумавых. Часам выдзяляецца ў самастойны род.
Апісанне Спарафоры ў ангіярыдыума — гэта спарангіі або плазмадыяфоры, сядзячыя, адзінкавыя або згуртаваныя, сціснутыя з бакоў, белыя, шэрыя або жаўтлявыя (вышыня 0,7-1,0 мм, даўжыня ад 0,5 мм да 1 см і больш). Перыдый двухслаёвы. Вонкавы слой звычайна тоўсты, абвапнаваны, белы, часам практычна бясколерны ўнізе, аліўкава-карычневы або жаўтлявы. Унутраны слой перыдыю тонкі, бясколерны, парэпаны (больш-менш правільна, усцяж падоўжнай шчыліны). Капіліцый добра развіты, вузельчыкі вялікія, многавугольныя, белыя. Калонкі няма. Споры чорныя ў згуртаванні, цьмяна-фіялетавыя, карычнева-фіялетавыя пры праходзячым святле, раўнамерна арнаментаваныя дробнымі шыпамі. Дыяметр спор 8-10 мкм. Плазмодый шэры, жаўтлявы, светлы або белы.
Пашырэнне Субстрат: кара і гнілая драўніна хвойных і ліставых парод дрэў, апалая лістота, ігліца (шыпулькі), рэшткі травяністых раслін. Часта выяўляецца падчас вопытаў з «вільготнымі камерамі» на кары, ліставым ападзе і суплоддзях алешыны чорнай, рэштках травяністых раслін.
Сустракаецца ў Беларусі.
Крыніцы
Спасылкі
Катэгорыя:Фізарум