Фрыдэрык Папэ ( або Pappè; нар. , Золачаў, Украіна — , Кракаў) — польскі гісторык, бібліятэкар. Акадэмік Польскай акадэміі ведаў (1920), звычайны прафесар (1920).

Біяграфія Паходзіў з сям’і французскіх эмігрантаў (першапачаткова пратэстанцкай), якая прыбыла ў Львоў у пачатку XIX стагоддзя. Сын Фрыдэрыка (нар. 1822), чыноўніка, і Людвікі з Геймаў (1835—1910).

Вучыўся ў гімназіі імя Франца Іосіфа ў Львове. У 1873—1875 гадах вывучаў гісторыю ў Львоўскім універсітэце, у тым ліку ў Ксаверыя Ліске. У 1875 годзе перавёўся ў Вену, дзе працягнуў навучанне ў Венскім ўніверсітэце і Інстытуце аўстрыйскіх гістарычных даследаванняў. У 1878 годзе атрымаў ступень доктара ў Венскім універсітэце на падставе дысертацыі «Polityka polska w czasie upadku Jerzego z Podiebradu wobec kwestii następstwa w Czechach, 1466—1471» (Польская палітыка ў час падзення Іржы з Падэбрадаў у пытанні пераемнасці ў Чэхіі, 1466—1471).

У 1879—1880 гадах выкладаў гісторыю ў II гімназіі ў Львове, затым пачаў працаваць скрыптарам у Нацыянальным інстытуце імя Асалінскіх у Львове. З 1883 года працаваў у Бібліятэцы Львоўскага ўніверсітэта, даслужыўшыся да пасады захавальніка фондаў (1893) і намесніка дырэктара (1895). З 1902 года быў таксама кансерватарам для Усходняй Галіцыі.

У 1905 годзе пераехаў у Кракаў, дзе стаў дырэктарам Ягелонскай бібліятэкі і кіраваў ёю да 1926 года. Садзейнічаў развіццю бібліятэкі: распачаў будаўніцтва новага будынка, павялічыў фонды прыкладна на 150 тысяч тамоў, стварыў навуковы калектыў.

З 1920 года як ганаровы прафесар чытаў у Ягелонскім універсітэце лекцыі па гісторыі Польшчы і Літвы XV і XVI стагоддзяў. Працаваў таксама ў іншых кракаўскіх бібліятэках — быў намеснікам дырэктара Бібліятэкі Чартарыйскіх (1920, 1929—1930) і інспектарам Бібліятэкі Польскай акадэміі ведаў (1927—1933).

Адзін з заснавальнікаў Львоўскага гістарычнага таварыства (з 1886), рэдактар часопіса «Kwartalnik Historyczny» (1904—1905). Член-карэспандэнт Акадэміі ведаў у Кракаве (1907), правадзейны член Польскай акадэміі ведаў (1920). Член Польскага гістарычнага таварыства (у 1912—1927 гадах старшыня Кракаўскага аддзялення, з 1924 — ганаровы член), Навуковага таварыства ў Львове (з 1921), Таварыства сяброў Ягелонскай бібліятэкі (сузаснавальнік, 1923), Саюза польскіх бібліятэкараў (ганаровы член, 1927). Быў членам Венгерскай акадэміі навук і Венгерскага гістарычнага таварыства.

Памёр у Кракаве, пахаваны на Сальваторскіх могілках.

Навуковая дзейнасць Вывучаў гісторыю Польшчы і ВКЛ часоў Ягелонаў.

У манаграфіі «Польшча і Літва на пераломе сярэдніх вякоў. Т. 1. Апошняе дванаццацігоддзе Казіміра Ягелончыка» (1903) разгледзеў дзяржаўны лад, унутраную і знешнюю палітыку абедзвюх дзяржаў. Вывучэнне гэтых тэм працягнуў у працах «Ян Ольбрахт» (1936), «Аляксандр Ягелончык» (1949).

Аўтар біяграфій «Жыццё гетмана Жулкеўскага» (1895), «Ян Длугаш» (1897), «Святы Казімір, каралевіч польскі» (3-е выд., 1933). Выдаў зборнік крыніц часоў панавання вялікага князя Аляксандра «Акты Аляксандра, караля польскага, вялікага князя літоўскага» (1927).

Сям’я Быў двойчы жанаты: з 1887 года з Уладзіславай (1859—1914), дачкой паэта і драматурга Уладзіслава Людвіка Анчыца, і з 1915 года з Алімпіяй з Рэйдаў Шмідловай (1863—1940). Ад першага шлюбу меў сыноў: Адама (юрыст, банкір, прызёр Алімпійскіх гульняў па фехтаванні) і Казімеж (дыпламат, пасол Польшчы ў Чэхаславакіі і Ватыкане).

Узнагароды Камандорскі крыж Ордэна Адраджэння Польшчы (1927) Залаты Крыж Заслугі (1936) Рыцарскі крыж Ордэна Франца Іосіфа (Аўстра-Венгрыя, 1905) Камандорскі крыж Ордэна Заслугі (Венгрыя)

Бібліяграфія Zabytki przeszłości miasta Bełza (1884) Skole i Tucholszczyzna (1891) Historya miasta Lwowa w zarysie (1894, 2-е выд. 1924) Żywot hetmana Żółkiewskiego (1895) Jan Długosz (1897) Święty Kazimierz królewicz polski (Lwów, 1902; 3-е выд. 1933) Polska i Litwa na przełomie wieków średnich. T. 1. Ostatnie dwunastolecie Kazimierza Jagiellończyka (Kraków, 1903) Studia i szkice z czasów Kazimierza Jagiellończyka (Warszawa, 1907) — змешчана бібліяграфія прац Папэ. Jagiellonowie a Moskwa // Kwartalnik historyczny. 1922. Z. 1. Historia Polski 1429—1506 (1923) O przywileju mielnickim dla senatu z r. 1501 // Księga pamiątkowa ku czci Oswalda Balzera. T. 2. — Lwów, 1925. Acta Alexandri Regis Poloniae, Magni Ducis Lithuaniae (1501—1506) (Kraków, 1927) — выдавец. Jan Olbracht (Kraków, 1936) Aleksander Jagiellończyk (Kraków, 1949; 2-е выд. 1999)

Крыніцы

Літаратура

Dąbrowski J. Fryderyk Papée (1856—1940) // Kwartalnik Historyczny. 1939—45. R. 53. Biogramy uczonych polskich, Część I: Nauki społeczne, zeszyt 3: P-Z. — Wrocław: Ossolineum, 1985.

Спасылкі

Катэгорыя:Нарадзіліся 4 чэрвеня Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1856 годзе Катэгорыя:Памерлі 20 кастрычніка Катэгорыя:Памерлі ў 1940 годзе Катэгорыя:Памерлі ў Кракаве Катэгорыя:Гісторыкі Польшчы Катэгорыя:Бібліятэкары Польшчы Катэгорыя:Акадэмікі Польскай акадэміі ведаў Катэгорыя:Выпускнікі Львоўскага ўніверсітэта Катэгорыя:Выпускнікі Венскага ўніверсітэта Катэгорыя:Даследчыкі гісторыі Вялікага Княства Літоўскага Катэгорыя:Кавалеры ордэна Адраджэння Польшчы Катэгорыя:Кавалеры ордэна Франца Іосіфа Катэгорыя:Медыевісты Польшчы