Рыгор Мацвеевіч Галавацкі (27 чэрвеня 1914, Губічы або Астрашыцкі Гарадок, Мінскі раён, Мінская вобласць — 12 снежня 1943, Гомель) — удзельнік вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Гвардыі маёр. Працаваў рахункаводам, старшынёй калгаса.

Біяграфія Рыгор Галавацкі нарадзіўся 27 чэрвеня 1914 года ў вёсцы Губічы Мінскага раёна ў сялянскай сям'і. Аднак у архіўных армейскіх дакументах пазначана іншае месца нараджэння — Астрашыцкі Гарадок. Беларус.

Пасля заканчэння Мінскага аўтадарожнага тэхнікума ў 1933 годзе Рыгор Мацвеевіч прайшоў навучанне ў раённай школе. Нейкі час працаваў рахункаводам, затым 20-гадовага хлопца абралі старшынёй калгаса. Малады камсамолец паспяхова кіраваў гаспадаркай два гады.

У 1936 годзе пачынаецца ваенны шлях Рыгора Галавацкага — прызыў у Чырвоную Армію, дзе ён уступае ў шэрагі Камуністычнай партыі. У 1938 годзе Рыгор Галавацкі сканчае Разанскае артылерыйскае вучылішча, а затым — акруговыя курсы малодшых палітрукоў і становіцца прафесійным палітработнікам Чырвонай Арміі.

З лістапада 1943 года намеснік камандзіра артылерыйскага палка, маёр.

Ваяваў у складзе 22-й артылерыйскай дывізіі. У складзе гэтай дывізіі, вызваляў Гомельшчыну намеснік камандзіра 316 артылерыйскага палка па палітчастцы, гвардыі маёр Галавацкі. Увесь час знаходзіўся на перадавой пазіцыі. Пасля ранення камандзіра прыняў на сябе камандаванне палком у баях на подступах да Гомеля.

12 снежня 1943 года ў выніку варожай контратакі Рыгор Мацвеевіч загінуў.

З ваеннымі ўшанаваннямі ён быў пахаваны ў вызваленым Гомелі, паводле армейскіх дакументаў «на вуліцы Савецкай у Піянерскім садзе» (меркавана на тэрыторыі цяперашняга сквера імя А. А. Грамыкі). Пазней быў перапахаваны ў брацкай магіле савецкіх воінаў і падпольшчыкаў ля Вечнага агню ў Гомелі. На адной з мармуровых пліт золатам высечаныя словы: «Гв. майор Г. М. Головацкий».

Рыгор Мацвеевіч быў жанаты (жонка Марыя Іванаўна), у шлюбе нарадзіліся два сыны.

Узнагароды і званні

Гвардыі маёр

Памяць

Імя Р. М. Галавацкага носіць адна з вуліц і праезд у Гомелі.

Першапачатковая назва – вуліца Прудкоўская. У далейшым вуліца стала называцца Старопрудковской. Рашэннем гарвыканкама 17 сакавіка 1944 года вуліца Старапрудкоўская перайменавана ў гонар Рыгора Мацвеевіча Галавацкага, намесніка камандзіра артылерыйскага палка па палітчастцы, які загінуў пры вызваленні Гомеля ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. На доме № 1 устаноўлена мемарыяльная дошка: .

Матэрыялы і дакументы пра яго захоўваюцца ў Гомельскім абласным краязнаўчым музеі, Гомельскім абласным музеі ваеннай славы. Мурал у гонар Р. М. Галавацкага размешчаны на доме № 38 па вуліцы Мазурава ў горадзе Гомелі (25.11.2025). Мурал адкрыты напярэдадні 82-й гадавіны вызвалення Гомеля ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Крыніцы

Літаратура

Агеев, М. Их именами названы улицы Гомеля / М. Агеев, М. Зеленков. – Минск: Полымя, 1974. – С. 52-53. Стэльмашок, Ф. Клікала слова ў бой: [Рыгор Мацвеевіч Галавацкі] / Ф. Стэльмашок // Гомельская праўда. – 1984. – 27 снежня. Головацкий Григорий Матвеевич: [биографическая справка] // Их именами названы…: энциклопедический справочник / [гл. ред. И. П. Шамякин]. – Минск: БелСЭ, 1987. – С. 147-148. Головацкий Григорий Матвеевич: [биографическая справка] // Гомель: энциклопедический справочник / [гл. ред. И. П. Шамякин]. – Минск: Белорусская Советская Энциклопедия им. П. Бровки, 1991. – С. 136. Головацкого, улица [Электронный ресурс] // Улицы Гомеля. – Режим доступа: https://gomelstreet.by/ulicy-goroda-gomel/golovackogo-ulica/. – Дата доступа: 14.06.2021.

Спасылкі

Имя ему — герой. Наш комиссар Григорий Головацкий. Гомельские ведомости.

Катэгорыя:Артылерысты_Вялікай_Айчыннай_вайны Катэгорыя:Пахаваныя_ў_Гомелі