Чыставу́ст (Osmunda) — род папарацей сямейства чыставуставых.

Апісанне Шматгадовая травяністая карэнішчавая расліна вышынёй да 2 м. Ваі буйныя, двойчы перыста-рассечаныя, на доўгіх (дасягаюць паловы даўжыні ліста), жалабатых чаранках, пашыраных ля асновы. Спараносныя ваі дыморфныя і складаюцца з дзвюх частак: ніжняй — вегетатыўнай і верхняй — спараноснай. Вегетатыўная частка (даўжыня 50–100 см і шырыня 25–45 см) з голымі, шчыльнымі, бледна-зялёнымі, лінейна-ланцэтнымі канцавымі сегментамі; іх бакавыя праводныя пучкі разгалінаваныя. Цэнтральная вось ваі (рахіс) таксама жалабатая. Спараносная частка з драбнейшымі, вузкалінейнымі, спачатку зялёнымі, потым цёмна-карычневымі сегментамі, сабранымі ў верхавінкавую плоскую мяцёлку. Гэтыя сегменты па ўсёй паверхні пакрытыя шарападобнымі спарангіямі без індузія.

Пашырэнне Паводле сучасных даных, род прадстаўлены 9 відамі і адным гібрыдам, спарадычна распаўсюджанымі ў трапічных, субтрапічных і ўмераных рэгіёнах зямнога шара. Арэал шырокі, але разарваны, што сведчыць пра старажытнасць роду. Вядомы часткі арэала ў Заходняй Еўропе, на Чарнаморскім узбярэжжы Каўказа, у Паўночнай і Паўднёвай Амерыцы, Паўднёва-Заходняй Індыі. На Беларусі адзначаны чыставуст велічны, або каралеўскі (Osmunda regalis), уключаны ў Чырвоную кнігу. Гэта вільгацелюбівая папараць насяляе забалочаныя альшанікі, вільготныя шыракалістыя і мяшаныя лясы, крынічныя і тарфяныя лясныя балоты.

Дэкаратыўная і лекавая расліна.

Крыніцы

Спасылкі

Катэгорыя:Чыставуставыя