Станіслаў Мараўскі (, маёнтак Міцкуны Лаварышскай парафіі пад Вільняй — , , Троцкі павет) — доктар медыцыны, мемуарыст.
Біяграфія Сын Апалінарыя Мараўскага і Мар’яны з Сямашкаў, нарадзіўся ў матчыным маёнтку. Апалінарый Мараўскі — шамбялян караля Станіслава Аўгуста, вядомы чалавек свайго часу, падтрымліваў сяброўства з многімі інтэлектуаламі, браў удзел у паўстанні 1794 года, асабіста ведаў Тадэвуша Касцюшку і Якуба Ясінскага, быў масонам.
Бацькі былі вельмі заможнымі, узялі шлюбам па каханні, але ў 1810 годзе развяліся па ініцыятыве Апалінарыя, прычыны разводу ў крыніцах не адзначаны. Каб паскорыць развод, звярталіся нават да імператара Аляксандра I. Мар’яна пасялілася ў Вільні, захварэла на сухоты і памерла ў 1813 годзе, пахавана на Бернардынскіх могілках, магіла не захавалася.
Станіслаў жыў з бацькам і яго другой жонкай Юзэфай з Храпавіцкіх (1770—1842), якая як магла спрыяла пасынку, але дзяцінства яго было няпростым, у асноўным ад стаўлення бацькі, на дзіва рэзкага, строгага і суровага да адзінага сына.
Урэшце, аднак, Станіслава выхавалі здаровым і далі выдатную адукацыю. Спачатку яго вучылі гувернёры — Міхал Канарскі, перакладчык з французскай мовы (потым вучыў Шчаснага Патоцкага), і Захар Нямчэўскі, будучы прафесар матэматыкі Віленскага ўніверсітэта і дэкан факультэта. Потым навучаўся ў Ковенскай павятовай школе, якую скончыў у 1818 годзе.
Настаяннем бацькі Станіслаў паступіў на медыцынскі факультэт Віленскага ўніверсітэта, які скончыў у 1823 годзе і абараніў ступень доктара медыцыны. Вучоба Мараўскага прыпала на гады максімальнага развіцця Віленскага ўніверсітэта і кульмінацыю руху філарэтаў сярод моладзі. Мараўскі браў удзел у гэтым руху, прыняты ў яго сакавіком 1819 года з псеўданімам «Патрокл» і 15 сакавіка прачытаў даклад «Пра свабоду народа», а 7 чэрвеня «Жыццё і справы кардынала Рышэльё». Падчас вучобы ва ўніверсітэце быў звязаны з Адамам Міцкевічам, Тамашам Занам. Станіслаў Мараўскі ўнік суда над філарэтамі і выгнання з краю. Па сямейнай традыцыі быў членам масонскай ложы Litwin Gorliwy.
Ад настойлівай апекі бацькі паехаў у Пецярбург, жыў там у 1827 і 1829—1838 гадах, меў лекарскую практыку, атрымаў ордэн св. Ганны падчас эпідэміі халеры. Падтрымліваў сувязь з Адамам Міцкевічам, сябраваў з піяністкай М. Шыманоўскай, мастакамі Ю. Аляшкевічам і В. Смакоўскім.
Паехаў у Парыж пра справах спадчыны па дзядзьку. Зблізіўся з эміграцыяй і мусіў стаць сватам шлюбу Цэліны Шыманоўскай (1812—1855) з Адамам Міцкевічам, з якім зноў сустрэўся ва Францыі ў 1833 годзе.
Пасля смерці бацькі ў 1838 годзе пасяліўся ў маёнтку Троцкага павета, дзе пісаў мемуары. У 1845—1846 гадах жыў у Варшаве.
Сучаснікі характарызавалі Станіслава Мараўскага як мізантропа, што бачна і з яго ўспамінаў.
Памёр у 1853 годзе ва Устронях, пахаваны ў капліцы ў Неманюнах Троцкага павета.
Успаміны Успаміны Станіслава Мараўскага неаднаразова выдаваліся, перакладзены на літоўскую мову. Меней суб’ектыўныя ўспаміны Мараўскага пра жыццё ў Пецярбургу перакладзены і на рускую мовуМоравский, Станислав. В Петербурге. 1827—1838. // Поляки в Петербурге в первой половине XIX века. — М.: НЛО, 2010. — С. 479—618..
На беларускую мову віленскія ўспаміны пераклаў з каментарамі Леанід Лаўрэш, яны датычаць таксама Лідчыны, Ашмяншчыны, Наваградчыны. У перакладзе ёсць лакуны, у асноўным яны датычаць біяграфій Бенігсена, Зубава і іншых, а таксама адмоўных характарыстык непрыяцеля Станіслава Мараўскага — Навамейскага і іншых, на думку Лаўрэша, суб’ектыўных і малакаштоўных частак пра невядомых цяпер асоб, але лакуны агулам не перавышаюць некалькіх старонак кнігі. Ёсць і іншыя асаблівасці, пададзеныя ў раздзеле выдання «Ад перакладчыка».
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Пісьменнікі Польшчы Катэгорыя:Дактары медыцыны Катэгорыя:Мемуарысты Катэгорыя:Філарэты Катэгорыя:Выпускнікі Віленскага ўніверсітэта Катэгорыя:Урачы XIX стагоддзя