Змрочнае сямігоддзе (1848—1855; ) — прынятая ў гістарыяграфіі (пераважна расійскай) назва перыяду найбольш рэпрэсіўнай палітыкі Мікалая I, накіраванай на абмежаванне грамадзянскіх і акадэмічных свабод і жорсткае падаўленне іншадумства ў Расійскай імперыі, ў якасці рэакцыі на рэвалюцыйныя падзеі ў Еўропе 1848 году («Вясну Народаў»). Літаратурны крытык П. В. Аненкаў лічыў, што разам са змрочным сямігоддзем «пачынаецца царства цемры ў Расіі».

Узмацненне рэпрэсій напярэдадні «Вясны Народаў»

Узмацненне рэпрэсій у заходніх губернях імперыі пачалося раней за цэнтральную Расію, у 1846 годзе. У гэты час тут ужо існавала сетка падпольных арганізацый, звязаных з рэвалюцыянерамі іншых еўрапейскіх краін, што не было вялікім сакрэтам. Арышт Людвіка Мераслаўскага прускімі ўладамі адкрыў імёны і ягоных кантактаў у Літве, якія былі перададзеныя расійскім жандарам. Выкрыццё таемнай бібліятэкі Аніцэта Рэньера ў Вільні дало ім чаірговыя імёны недабранадзейных. Сярод арыштаваных і асуджаных у гэтай хвалі былі Браніслаў Залескі, Дыянізы Скаржынскі і іншыя. Вясной 1847 году было раскрыта и разгромлена ўкраінскае Кірыла-Мефодзьеўскае таварыства. Арыштаваныя часцей за ўсё высылаліся шараговымі жаўнерамі ў расійскія войскі на Каўказе, у Арэнбургскай губерні і Закаспіі.

Узмацненне цэнзуры

Асцерагаючыся пранікнення «рэвалюцыйнай заразы», Мікалай I у 1848 годзе рэзка ўзмацніў жорсткасць унутранай палітыкі па ўсёй імперыіТаньшина Н. П. Образ власти императора Николая I в представлениях современников-французов // Вестник РГГУ. Серия: Литературоведение. Языкознание. Культурология. — 2017. — № 10—1 (31). Архивировано 29 сентября 2021 года.. Іншаземцам быў забаронены ўезд у Расію, а рускім падданым — выезд за мяжу, апроч выпадкаў выключнай дзяржаўнай важнасці. Тыя, хто ўжо знаходзіўся за мяжой, павінны былі вярнуцца пад пагрозай пазбаўлення падданства і канфіскацыі маёнткаў. У лютым 1848 года цар загадаў «скласці камітэт, каб разгледзець, ці правільна дзейнічае цэнзура і выдаюцца часопісы, ці выконваюць дадзеныя кожнаму праграмы»Русская старина. 1903. Июль. — с. 137.. Для нагляду за друкам быў створаны камітэт на чале з вайсковым і дзяржаўным дзеячам Д. П. Бутурліным — «бутурлінскі камітэт», які правяраў выданні, якія ўжо прайшлі цэнзуру.

Абмежаванні акадэмічных свабодаў

Новым пераследам падвергліся ўніверсітэты (існаваў нават праект іх поўнага закрыцця, але ад яго ўсё ж адмовіліся). У кожным з іх, за выключэннем Маскоўскага, магло вучыцца не больш за трыста студэнтаў. Плата за навучанне ўзрасла, нагляд за студэнтамі і прафесарамі ўзмацніўся. Нават выбітны імперскі дзяржаўнік, міністр народнай асветы, стваральнік ідэалагічнай трыяды «праваслаўе—самадзяржаўе—народнасць» С. С. Увараў падаўся цару занадта «ліберальным» і быў звольнены. Міністрам асветы стаў надзвычай рэакцыйны князь П. А. Шырынскі-Шыхматаў, які патрабаваў, каб «надалей усе палажэнні і навукі былі заснаваныя не на разумаваннях, а на рэлігійных ісцінах у сувязі з багаслоўем». Новы міністр распачаў шэраг выключных мерапрыемстваў: устанаўленне камплекта студэнтаў ва ўніверсітэтах; забарона паездак за мяжу з вучонай мэтай; распараджэнне дастаўляць у Публічную Бібліятэку літаграфаваныя лекцыі за подпісамі прафесараў; прыём ва ўніверсітэты асоб выключна дваранскага саслоўя; спыненне чытання філасофіі свецкімі прафесарамі; скасаванне выкладання логікі і псіхалогіі і замена яго багаслоўем, а выкладанне дзяржаўнага права — заняткамі па вайсковай падрыхтоўцы. У адносінах да сярэдніх і ніжэйшых навучальных устаноў галоўным клопатам міністра было выкананне «Найвышэйшай» (царскай) волі — зрабіць Закон Божы асновай усякага карыснага вучэння. Да канца эпохі Мікалая I, па словах гісторыка С. М. Салаўёва, «фрунтавікі (мянушка страявых афіцэраў) аселі на ўсіх урадавых месцах, і з імі запанавалі невуцтва, самавольства, рабаўніцтва, разнастайныя беспарадкі»Соловьев С. М. Мои записки для детей моих, а если можно, и для других // Соловьев С. М. Избранные труды. Записки / Подгот. А. А. Левандовский, Н. И. Цимбаев. — М.: Изд-во МГУ, 1983. — С. 233—235.. Характэрна, аднак, што акурат у гэты час (1848 год) Вышэйшая сельскагаспадарчая школа ў Горках была ператворана ў Горы-Горацкі земляробчы інстытут, профіль якога не выклікаў боязі ўраду наконт магчымай нелаяльнасці студэнтаў і выкладчыкаў.

Становішча ў Літве і Беларусі

У жыцці Паўночна-Заходняга краю (Літвы і Беларусі), як ці не найменш лаяльнага да царызму рэгіёну імперыі, гэты перыяд праявіўся асабліва жорстка, склаўшы рэзкі кантраст з папярэднім 7-годдзем (1841—1848), у якім мясцовае польскамоўнае грамадства, пасля амністыі 1841 года, здавалася, намацала межы дазволенага і ў які было створана найбольш знакавых твораў культуры за ўвесь час паміж паўстаннямі. Цікава, што менавіта ў 1848 годзе быў ліквідаваны Камітэт заходніх губерняў, паколькі цар палічыў, што задачы ўніфікацыі заканадаўства, сацыяльнай і культурнай палітыкі ў 9 далучаных у выніку Падзелаў Рэчы Паспалітай губернях цалкам выкананыя, і яны могуць кіравацца гэтаксама як звычайныя расійскія губерні. Вяртанне ў 1848 годзе расійскай арміі фельдмаршала Паскевіча ў Расію выклікала распаўсюджанне эпідэміі халеры ў Літве і Беларусі, ахвярамі якой сталі дзясяткі тысяч чалавек, а эфектыўных захадаў па ахове здароўя насельніцтва дзяржава арганізаваць не змагла праз тэхнічную і арганізацыйную адсталасць. Вясной 1849 году быў раскрыты жандарамі Братні саюз літоўскай моладзі, большасць з яго прыкладна 200 сяброў панесла досыць жорсткія пакаранні, найбольш характэрным было прымусовае рэкрутаванне ў рускае войска, як правіла — з накіраваннем на Каўказ або за Каспій. У 1849 годзе квота пабору рэкрутаў з грамадзянаў і аднадворцаў заходніх губерняў дасягнула рэкорднага ўзроўню — 22 чалавекі на 1000Горизонтов Л. Е. Парадоксы имперской политики: Поляки в России и русские в Польше. М.: "Индрик", 1999. С. 39.. У 1851 годзе быў арыштаваны вядомы журналіст і выдавец Рамуальд Падбярэскі — і сасланы ў Архангельскую губерню, дзе звар’яцеў і памер. У тым жа годзе паэт Эдвард Жалігоўскі быў арыштаваны і сасланы ў Аланецкую губерню, а затым у Арэнбургскую, за сатырычную паэму "Іярдан". Цэнзары імкнуліся ўсяляк «падстрахавацца» і забаранялі нават самыя бяскрыўдныя выданні ды публічныя мерапрыемствы — напрыклад, камічная опера «Сялянка» В. Дуніна-Марцінкевіча і Ст. Манюшкі была забаронена пасля першага ж прадстаўлення ў Мінску (9 лютага 1852 году). Таму многія літаратурныя творы таго перыяду не маглі быць надрукаванымі, а іх аўтары нярэдка хаваліся за псеўданімамі, як напрыклад Адэля з Устроні, аўтарка алегарычнай паэмы "Мачыха" (1850) са схаваным анты-царскім пасылам.

Епіскап Іосіф Сямашка, які ў 1852 годзе атрымаў тытул мітрапаліта, узмацніў кантроль над паводзінамі былых уніятаў. У прыватнасці, была праведзеная канфіскацыя і знішчэнне ўніяцкіх (грэка-каталіцкіх) богаслужэбных кніг, якія і пасля 1839 году яшчэ заставаліся ва ўжытку ў некаторых прыходах (і ў многіх шараговых вернікаў — але канфіскаваць у іх было значна складаней, і гэты працэс расцягнуўся на дзесяцігоддзі). Іх канчаткова і паўсюдна замянілі маскоўскімі сінадальнымі выданнямі праваслаўнага абраду, выключаючы любую варыятыўнасць у богаслужэнні. У грамадстве назіралася апатыя, часовае падзенне цікавасці да грамадскага і культурнага жыцця, нават да айчыннай гісторыі. Напрыклад, самы папулярны віленскі часопіс 1840-х гадоў Athenaeum, дзе публікавалася шмат навінак краёвай літаратуры і артыкулаў на гістарычную тэматыку, у 1851 годзе спыніў існаванне праз крытычнае падзенне колькасці падпісчыкаў. Яшчэ раней, на самым пачатку гэтага перыяду, перастаў выходзіць альманах "Рубон".

Пад час гэтага перыяду абвастрылася ідэйная барацьба вакол трактоўкі гісторыі ВКЛ. Праваслаўны гісторык Іван Барычэўскі апісваў яе як гісторыю адвечнай рускай правінцыі, часткі праваслаўнага свету, якая толькі праз збег выпадковых абставінаў часова "адпала" ад адзінай Русі (кніга „Православіе и русская народность въ Литвѣ“, 1851). Асцярожным адказам літвінаў быў зборнік гістарычных нарысаў на рускай мове „Черты изъ исторіи и жизни древнихъ литовцевъ" (Вільня,1854) ў абарону годнасці гістарычнай Літвы, за які яго укладальнік Адам Кіркор (і асабліва за біяграфічны нарыс вялікага князя Вітаўта) быў звольнены з пасады ў Віленскім статыстычным камітэце.

Пробліскі надзеі

Як адзначаў адзін з сучаснікаў, у перыяд змрочнага сямігоддзя давление сразу и внезапно усилилось настолько, что, очевидно, не могло продолжаться слишком долго; в беспросветном мраке чувствовалось приближение света, но, чтобы дождаться его, надо было пережить семь черных, тяжелых летИванов-Разумник. История русской общественной мысли. / Иванов-Разумник: в 3 т. — М.: Республика; ТЕРРА, 1997. — Т. 1. — с. 194. Заканамерным фіналам рэпрэсіўнай палітыкі стала ўзмацненне адсталасці Расіі і яе ганебнае паражэнне ў Крымскай вайнеИстория России, XIX век. 8 класс: учеб. для учащихся общеобразоват. учреждений / Л. А. Кацва. — М.: Просвещение, 2012. — 336 с.. У лютым 1855 года памёр Мікалай I, і яго смерць паклала канец «змрочнаму сямігоддзю». Адчуванне змен у расійскім грамадстве ўзнікла практычна адразуПредчувствие грядущих перемен возникло ещё двумя годами ранее. См.: Егоров Б. Ф. Борьба эстетических идей в России середины XIX века. — Л., 1982. — С. 62-75.. Пачалася эпоха гэтак званых «Вялікіх рэформаў» Аляксандра ІІ. Аднак «адліга» ў «Паўночна-Заходнім краі» была непрацяглай, і ўжо з канца 1850-х гадоў пачынаецца чарговае ўзмацненне рэпрэсій. Гэта выклікала як узмацненне адкрытага супраціву, так і фармаванне канспіратыўных патрыятычных сетак, што ў выніку прывяло да выбуху паўстання 1863—1864 гадоў.

Крыніцы

Катэгорыя:Мікалай I Катэгорыя:Рэпрэсіі ў Расійскай імперыі Катэгорыя:Цэнзура ў Расійскай імперыі Катэгорыя:Рэпрэсаваныя ў Расійскай імперыі Катэгорыя:Гістарычныя перыяды Катэгорыя:1848 Катэгорыя:Артыкулы праекта Літвінскі лексікон