Бару́нская базылья́нская шко́ла — колішняя сярэдняя навучальная ўстанова свецкага кірунку, якая дзейнічала ў мястэчку Баруны Ашмянскага павета пры кляштары манахаў-базыльян. Школа рыхтавала кадры для грамадзянскай службы і ўтрымлівалася на сродкі базыльянскага ордэна.
Гісторыя Першыя звесткі пра ўніяцкую школу ў Барунах адносяцца да перыяду каля 1617 года. Вядома, што ў 1700 годзе сюды з мястэчка Вішнева Ашмянскага павета разам з маёмасцю і настаўнікамі была пераведзена 3-гадовая свецкая школа.
У 1740 годзе па патрабаванні клерыкалаў навучальная ўстанова змяніла праграму і пачала рыхтаваць кандыдатаў у духоўнае званне. Аднак у 1780 годзе яна зноў стала свецкай і была ператворана ў 6-гадовую школу з прэфектам на чале.
У 1835 годзе, у сувязі з разгромам царызмам базыльянскай сістэмы свецкай адукацыі, школа была ліквідавана. На яе базе было створана духоўнае вучылішча для 20 дзяцей-сірот або дзяцей з беднага духавенства.
Навучальны працэс Спачатку ў школе выкладалі выключна вучоныя манахі, але ў XIX стагоддзі з’явіліся і свецкія выкладчыкі. Усе настаўнікі свайго часу скончылі Віленскі ўніверсітэт, двое з іх па стане на 1826 год мелі ступень кандыдатаў філасофіі. Раз на год школу інспектаваў візітатар, прызначаны саветам універсітэта з ліку сваіх прафесараў.
Школа размяшчалася ў асобным драўляным будынку, мела бібліятэку і кабінет з матэматычнымі інструментамі. Штат складаўся з 6 настаўнікаў, якія штодня па чарзе выкладалі свае прадметы ва ўсіх класах. Вядомы імёны выкладчыкаў: Ф. Бялдоўскі, М. Лебель, Б. Ляўковіч, Г. Лебель, Б. Гамалінскі, С. Катовіч, С. УшацкіКаранеўскі А. Р. Баруны // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. 1 Мн., 1993. С. 313.. У 1804—1811 гадах фізіку выкладаў Юльян СпірыдовічРасійскі дзяржаўны гістарычны архіў. ф. 824, воп. 4, спр. 214, арк. 4 адв..
Праграма навучання ўключала: Мовы: лацінская, французская, нямецкая, руская (з 1800 г.), красамоўства (рыторыка). Дакладныя навукі: арыфметыка, матэматыка, фізіка. Гуманітарныя і прыродазнаўчыя навукі: гісторыя, права, эканоміка, геаграфія, батаніка, гісторыя Святога Пісання. Прыкладныя прадметы: сельская гаспадарка. Расклад дня пачынаўся з імшы ў 6:30, заняткі працягваліся з перапынкамі да 17:00. Навучальны год завяршаўся публічнымі экзаменамі. Пры школе знаходзіўся манах, які валодаў лекарскім майстэрствам, і неабходны набор лекаў.
Для праверкі ведаў выкарыстоўвалася сістэма аўдытараў — лепшых вучняў, якія правяралі заданні ў сваіх калег і дакладвалі выкладчыку. На чале класа стаяў «імператар» (лепшы вучань), які вёў журнал паспяховасці («эрату»). Ацэнкі ў «эраце» выстаўляліся словамі: «умее», «сумняваецца», «памыляўся», «умее не добра», «не дэкламаваў», «не ўмее». Найбольш здольныя выпускнікі працягвалі адукацыю ў Віленскім універсітэце.
Вучні У XIX стагоддзі ў школе займалася ад 140 да 200 юнакоў ва ўзросце 9—25 гадоў. Асноўны кантынгент складалі сыны шляхты з Ашмянскага і суседніх паветаў.
Паводле звестак 1826 года, навучалася 152 вучні (ва ўзросце 16—25 гадоў), з іх: па веравызнанні: 151 рымска-каталік; па паходжанні: 143 са шляхты, 3 з мяшчан, 6 сыноў уніяцкіх святароў; па месцы нараджэння: 139 ураджэнцаў Гродзенскай губерні.
Два першыя класы называліся ніжнімі, а іх вучні насілі пагардлівую мянушку «мінімусы» ( — найменшы) і не мелі роўных правоў з вучнямі чатырох старэйшых (вышэйшых) класаў. Вучні жылі ў дамах мяшчан і знаходзіліся пад наглядам гувернёраў (старэйшых вучняў, званых «пенсіянерамі»).
Вядомыя выкладчыкі і выпускнікі Многія выпускнікі школы сталі вядомымі дзеячамі навукі, культуры і грамадскага жыцця XIX стагоддзя, займалі высокія пасады ў органах улады і царкоўнай іерархіі.
Антон Вырвіч — матэматык, прафесар Віленскага ўніверсітэта (быў выпускніком школы). Вінцэнт Карчэўскі — ад’юнкт прафесара астраноміі Віленскага ўніверсітэта. Антоній Камінскі — аўтар прац па асновах геаграфіі і матэматыкі. Леанард Ходзька — пісьменнік, гісторык, географ. Ігнат Ходзька — пісьменнік (аўтар успамінаў пра школьнае жыццё ў Барунах). Антон Эдвард Адынец — паэт, перакладчык, мемуарыст (таксама пакінуў успаміны пра школу). Юльян Корсак — паэт і перакладчык. Станіслаў Мацкевіч — губернатар Плоцка, а затым Любліна.
Крыніцы
Літаратура Бітэль П. Баруны // Голас Радзімы. — 1991. — 31 кастрычніка. Палуцкая С. В. Барунская базыльянская школа і яе выхаванцы // Ашмяншчына: Гісторыя і сучаснасць: Матэрыялы навук.-практ. краязн. канф., Ашмяны, 15 кастр. 1993 г. — Гродна-Ашмяны, 1995. — С. 25—34.
Катэгорыя:Навучальныя ўстановы, заснаваныя ў 1617 годзе Катэгорыя:Базыльяне Катэгорыя:Баруны (Ашмянскі раён) Катэгорыя:Зніклі ў 1835 годзе Катэгорыя:Колішнія навучальныя ўстановы Беларусі Катэгорыя:Адукацыя ў Вялікім Княстве Літоўскім Катэгорыя:Адукацыя ў Расійскай імперыі