Алена Уладзіміраўна Сянькевіч ( — , Мінск) — беларускі мастацтвазнаўца, музеязнаўца. Вядучы спецыяліст па мастацтве краін Усходу і дэкаратыўна-прыкладным мастацтве ў Беларусі.
Біяграфія Нарадзілася 6 жніўня 1957 года.
Працоўны шлях пачала ў верасні 1974 года ў Дзяржаўным мастацкім музеі БССР на пасадзе музейнага наглядчыка. Пазней працавала лабарантам, рэстаўратарам (1978—1979), навуковым супрацоўнікам аддзела навукова-асветніцкай працы і аддзела перасоўных выставак.
Адначасова з працай вучылася на факультэце тэорыі і гісторыі мастацтваў Інстытута жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя І. Я. Рэпіна ў Ленінградзе, які скончыла ў 1982 годзе, атрымаўшы кваліфікацыю «мастацтвазнаўца». З канца 1970-х гадоў удзельнічала ў экспедыцыях па вывучэнні помнікаў народнага і царкоўнага мастацтва Беларусі.
З ліпеня 1983 года працавала старшым навуковым супрацоўнікам у філіяле «Музей беларускага народнага мастацтва» ў Раўбічах. У 2000 годзе перайшла на пасаду вядучага навуковага супрацоўніка навукова-даследчага аддзела замежнага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея, які ўзначальвала ў 2003—2010 гадах.
У 2020 годзе прайшла перападрыхтоўку ў Інстытуце павышэння кваліфікацыі Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь па спецыяльнасці «Судовая мастацтвазнаўчая экспертыза».
З 7 лютага 2022 года працавала ў аддзеле выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы НАН Беларусі, адначасова застаючыся супрацоўнікам Мастацкага музея.
Памерла 22 красавіка 2025 года.
Навуковая і музейная дзейнасць Асноўны кірунак даследаванняў — мастацтва краін Усходу і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Правяла значную працу па атрыбуцыі калекцыі мастацтва Усходу ў Нацыянальным мастацкім музеі. Падрыхтавала рукапісы навуковых каталогаў кітайскай керамікі, фарфору і народнай карціны.
З'яўлялася аўтарам канцэпцыі пастаяннай экспазіцыі залы мастацтва краін Усходу (2006). Прымала ўдзел у стварэнні экспазіцый Замкавага комплексу «Мір» (2010) і сядзібы ў Лошыцы (2015). Курыравала шэраг выставачных праектаў сумесна з пасольствамі Кітая, Японіі, Індыі і Карэі.
Уваходзіла ў склад экспертных саветаў і камісій Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, у тым ліку Камісіі па стварэнні Дзяржаўнага каталога Музейнага фонду Рэспублікі Беларусь.
Узнагароды Спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва (2007).
Крыніцы
Спасылкі
Катэгорыя:Нарадзіліся 6 жніўня Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1957 годзе Катэгорыя:Памерлі 22 красавіка Катэгорыя:Памерлі ў 2025 годзе Катэгорыя:Памерлі ў Мінску Катэгорыя:Мастацтвазнаўцы Беларусі Катэгорыя:Музейшчыкі Беларусі