Пінгвін Адэлі (Pygoscelis adeliae) — нелятаючая птушка з атрада пінгвінападобных. Адзін з самых распаўсюджаных відаў пінгвінаў.
Назва Назва віду ўзыходзіць да імя () жонкі французскага мараплаўца і даследчыка Жуля Дзюмон-Дзюрвіля, экспедыцыя якога ў 1840 годзе адкрыла ў Антарктыдзе Зямлю Адэлі, дзе была знойдзена вялікая колькасць гэтых птушак. Натуралісты Жак Бернар Амброн і Анарэ Жакіно, знаходзячыся ў складзе экспедыцыі, вывучалі гэтых пінгвінаў і далі віду такую назву.
Апісанне Пінгвін Адэлі — птушка сярэдніх памераў. Вышыня тулава каля 70 см (можа дасягаць 80 см), маса каля 6 кг. Вакол вока — адметнае тонкае белае кольца. Галава, шыя, спіна і ласты (са спіннога боку) чорныя з адметным сіняватым адлівам, грудзі і чэрава белыя. Палавы дымарфізм не выяўлены, але самцы крыху буйнейшыя за самак.
Працягласць жыцця — у сярэднім 12 гадоў.
Пашырэнне Пінгвін Адэлі гняздуецца на ўзбярэжжа Антарктыды і найблізкіх да мацерыка астравах — Паўднёвых Шэтландскіх, Паўднёвых Аркнейскіх і Паўднёвых Сандвічавых. На поўнач ад 60° пд. ш. прадстаўнікі віду сустракаюцца вельмі рэдка.
Колькасць папуляцыі — больш за 2,37 мільёна пар (4,74 мільёна асобін).
Асаблівасці біялогіі Часцей за ўсё птушкі ўладкоўваюць свае гняздоўі на скалістым, вольным ад лёду беразе. Калонія складаецца з рознаўзроставых птушак, а яе аснову складаюць птушкі, ва ўзросце 4-5 гадоў, якія не першы раз гняздуюцца. З сакавіка па кастрычнік пінгвіны Адэлі вандруюць у акіяне, аддаляючыся ад месцаў гнездавання на 600—700 км. У моры птушкі жывуць групамі ад 5 да 10 асобін. У перыяд паміж восенню і вясной яны праводзяць большую частку часу, знаходзячыся на крыгах і аддаючы некалькі гадзін на пошукі ежы. Увесну яны больш ловяць рыбу, каб атрымаць запас тлушчу для міграцыі і размнажэння.
Пінгвін Адэлі — вельмі даверлівая птушка. Асноўнае харчаванне пінгвінаў Адэлі — крыль, у меншай ступені рыба, амфіподы і галаваногія малюскі.
Крыніцы
Катэгорыя:Пінгвінападобныя