Барыс Клецкін () — заходнебеларускі і яўрэйскі выдавец, мецэнат.

З заможнай яўрэйскай сям’і. У 1885 годзе з сям’ёй пераехаў у Вільню. Быў адным з заснавальнікаў «жаргонных камітэтаў», якія ставілі мэтай распаўсюджванне літаратуры на ідышы сярод рабочых, стварэнне бібліятэк і выданне навукова-папулярнай і мастацкай літаратуры на ідышы.

Сябар Бунда, удзельнічаў у арганізацыі бундаўскіх газет «Дэр векер» («Будзільнік», з 1906) і «Фолксцайтунг» («Народная газета»), выдавецтва «Ды велт». Па бацьку атрымаў багатую спадчыну, за якую ў 1913 (паводле іншых звестак у 1910) заснаваў у Вільні «Выдавецтва Б. Клецкіна», якое адыграла значную ролю ў выданні кніг на ідышы. Выпускаў таксама часопісы, у тым ліку першы дзіцячы часопіс на ідышы «Грынінке беймелэх».

У гады 1-й сусветнай вайны жыў у розных гарадах, у 1919 годзе вярнуўся ў Вільню і аднавіў працу выдавецтва. Згодна з данымі польскай палітычнай паліцыі (1924), шчыльныя сувязі Б. Клецкіна з беларускімі дзеячамі пачаліся яшчэ ў часы нямецкай акупацыі, калі ён супрацоўнічаў з рэдакцыяй беларускай газеты «Гоман».

У 1920—1921 гадах у яго віленскай друкарні выдаваліся беларускія кнігі і падручнікі па замове Беларускага выдавецкага таварыства. З 1921 года актыўна выдаваў кнігі па-беларуску, агулам выпусціўшы 20 беларускамоўных выданняў, у тым ліку «Геаграфію Беларусі» Аркадзя Смоліча. У 1922 годзе Б. Клецкін заключыў пагадненне з С. Рак-Міхайлоўскім, які прадстаўляў Беларускае выдавецкае таварыства. Паводле дагавора, друкарня выпускала кнігі за свой кошт у абмен на працэнт ад прыбытку з продажаў.

Частка гэтых кніг адпраўлялася ў Савецкую Беларусь, дзе на іх быў вялікі попыт (у адрозненне ад Польшчы), а літаратура, надрукаваная ў Мінску, трапляла ў Польшчу менавіта праз Клецкіна. Польскія спецслужбы адзначалі, што выдавецтва валодала адной друкарняй у Вільні і яшчэ адной у Мінску, таму Клецкін фактычна выконваў ролю сувязнога паміж Беларускім камітэтам у Вільні і камуністычнымі ўладамі ў БССР. Паліцыя лічыла, што ён быў вымушаны падтрымліваць добрыя адносіны з савецкім бокам, каб абараніць сваю маёмасць там. Акрамя таго, агенты паліцыі сцвярджалі, што кантакты Клецкіна з беларускім рухам маглі таксама тлумачыцца тым, што ён нібыта з'яўляўся сваяком жонкі Антона Луцкевіча.

У 1925 годзе перавёў выдавецтва ў Варшаву. У 1920—1930-х гадах выдаў сотні яўрэйскіх мастацкіх і навукова-папулярных кніг, у тым ліку шмат перакладаў з сусветнай класікі.

Крыніцы

Літаратура Сяргей Чыгрын. Выдавецтва Барыса Клецкіна // «Ніва» № 34 (2623), 20 жніўня 2006 г.

Спасылкі

Артыкул А. Рэйзена ў газеце «Форверц» 7.1.1938, на ст. 4 — гл. таксама пераклад

Катэгорыя:Яўрэі ў Беларусі Катэгорыя:Выдаўцы Беларусі