Вака́льна-сімфані́чная паэ́ма — буйны музычны твор (часцей адначасткавы), звязаны з літаратурным тэкстам. Прызначаны пераважна для спевакоў-салістаў (часам чытальніка), хору і сімфанічнага аркестра.
Агульная характарыстыка Узаемадзеянне музыкі са словам абумоўлівае праграмнасць гэтага жанру, а таксама характэрную тэндэнцыю да ўзаемадзеяння розных формаў і жанраў. Ад кантаты і араторыі вакальна-сімфанічная паэма адрозніваецца большай цэласнасцю, што дасягаецца значнай роляй скразнога сімфанічнага развіцця, выкарыстаннем прынцыпаў монатэматызму і інш. У некаторых творах гэтага жанру выкарыстоўваюцца прынцыпы тэатралізацыі і элементы сцэнічнага дзеяння.
Вытокі вакальна-сімфанічнай паэмы знаходзяцца ў прынцыпах паэмнага сімфанізму Ф. Ліста.
У сусветнай музыцы У рускай музыцы XIX—XX стагоддзяў вядомыя вакальна-сімфанічныя паэмы «Званы» С. Рахманінава, «Паэма памяці С. Ясеніна» Г. Свірыдава і іншыя.
У беларускай музыцы Пачатак беларускай вакальна-сімфанічнай паэмы паклалі М. Аладаў («Над ракой Арэсай», 1933) і А. Багатыроў («Паэма-казка пра Мядзведзіху», 1937).
Да гэтага жанру ў беларускай музыцы належаць «Буравеснік» Я. Цікоцкага (1944), «Попел» С. Картэса (1966), «Два твары зямлі» Дз. Смольскага (1969), «Вечна жывыя» (1959) і «Героям Брэста» (1975) Г. Вагнера, «Янка Купала» В. Помазава (1983). Сярод вакальна-сімфанічных паэм 1980—1990-х гадоў — «Радуйся, Францыск Скарына» Э. Наско, «Зямля» Э. Казачкова, «Памяці маці» У. Кур’яна, «Настальгія» Г. Ермачэнкава і іншыя.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Музычныя жанры Катэгорыя:Сімфанічная музыка Катэгорыя:Вакальная музыка Катэгорыя:Музычная тэрміналогія