«Бурачо́к» — самвыдавецкі грамадска-палітычны часопіс, які выдаваўся ў 1986—1987 гадах. За два гады выйшла тры нумары.

Гісторыя Часопіс быў створаны ў 1986 годзе ўдзельнікамі моладзевага нацыянальнага руху з мэтай адкрытага абмеркавання пытанняў беларускай незалежнасці, дэмакратыі і свабоды. Назва часопіса з'яўляецца адсылкай да псеўданіма «Мацей Бурачок», якім карыстаўся класік беларускай літаратуры XIX стагоддзя Францішак Багушэвіч.

Ініцыятарамі выдання былі Алесь Бяляцкі, Вінцук Вячорка, Сяргей Дубавец і Віктар Івашкевіч.

Часопіс друкавалі на партатыўнай друкарскай машынцы на папяроснай паперы. Каб пазбегнуць выкрыцця з боку КДБ, пасля працы над кожным нумарам машынку закопвалі ў зямлю ў лесе пад Мінскам. Алесь Бяляцкі ўспамінаў пра небяспеку такой працы і пра тое, як старанна знішчаліся сляды пасля друку.

Рэдакцыя распаўсюджвала часопіс паводле загадзя складзенага спісу адрасатаў, раскладаючы асобнікі ў канверты і пакідаючы іх у паштовых скрынях у Мінску або дасылаючы па пошце ў іншыя гарады.

Пераслед Пасля выхаду другога нумара КДБ пачаў адсочваць выдаўцоў і выклікаць іх на «прафілактычныя гутаркі». Падчас распаўсюджвання трэцяга нумара быў затрыманы рабочы Яўген Івашкевіч. Увесь астатні наклад часопіса, які захоўваўся ў Доме літаратара, быў канфіскаваны падчас ператрусу ў кабінеце літкансультанта Саюза пісьменнікаў Алеся Емяльянава.

Крыніцы

Літаратура

Спасылкі Электронны скан 2-га нумара за 1987 год

Катэгорыя:Беларускі самвыдат Катэгорыя:Часопісы Беларусі на беларускай мове Катэгорыя:Літаратурныя часопісы Беларусі Катэгорыя:1986 год у Мінску