Ковенская хасідская сінагога () — былая сінагога ў Коўне, размешчаная па адрасе вул. Гімназіёс, 6. Будынак стаіць на схіле Жалякальніса, насупраць яго месціцца корпус факультэта каталіцкай тэалогіі Універсітэта Вітаўта Вялікага. Тэрыторыя вакол сінагогі не забудавана, таму яе добра відаць і здалёк — з ажыўленай вуліцы Святой Гертруды, якая праходзіць у паўднёвай частцы Старога горада.

Гісторыя Да акупацыі Літвы ў 1940 годзе іўдзеі-хасіды (хабаднікі) мелі свае малітоўныя дамы амаль у кожным мястэчку, дзе жылі яўрэі — агулам налічвалася каля 200 суполак. Станам на 2007 год у краіне засталіся толькі дзве дзейныя грамады: у Вільні і Коўне. Яшчэ ў 1995 годзе рэлігійная суполка Ковенскай хасідскай сінагогі звярнулася з просьбай вярнуць ім былы сакральны будынак. У савецкія часы тут месцілася лабараторыя, а пазней памяшканні знаходзіліся ў распараджэнні філіяла Віленскай акадэміі мастацтваў, пакуль тая не адмовілася ад будынка праз адсутнасць патрэбы ў ім. Рэлігійнае аб’яднанне яўрэяў Літвы афіцыйна прызнае сучасную ковенскую суполку правапераемніцай тых хасідскіх малітоўных устаноў, што дзейнічалі тут да 21 ліпеня 1940 года.

Архітэктура Хасідская сінагога (хасідскі клойз) была ўзведзена ў 1880 годзе. У 1929 годзе інжынер Ноах-Бер Ёфе распрацаваў праект невялікай прыбудовы пад краму, аднак гэтая задума, відавочна, так і не была рэалізавана. Малітоўны дом быў пабудаваны з чырвонай цэглы і патынкаваны, а зверху накрыты двухсхільным дахам. Будынак мае няправільную Т-падобную форму, абумоўленую межамі ўчастка на скрыжаванні вуліц Гімназіёс і А. Мацкевічуса. Сіметрычныя фасады вылучаюцца сціплым неарэнесансным дэкорам.

Паводле здымкаў 1930 года і чарцяжоў Ёфе відаць, што знешні выгляд фасадаў змяніўся нязначна: некаторыя дзвярныя праёмы сталі вокнамі, адно акно ў сутарэнні было замуравана, а частка арачных праёмаў была «выпраўлена» мурам да прамавугольнай формы. Унутраная планіроўка захавалася амаль без змен: у галоўнай малітоўнай зале, якая мае амаль квадратную форму, біма па чатырох вуглах апраўлена парамі калон, што падтрымліваюць драўлянае скляпенне; столь упрыгожана ляпнінай. Элементы інтэр'ера, які доўгі час займала скульптурная студыя, заставаліся без належнага нагляду, таму стан асобных дэталяў значна пагоршыўся.

Літаратура A. Cohen-Mushlin, S. Kravtsov, V. Levin, G. Mickūnaitė, J. Šiaučiūnaitė-Verbickienė. „Synagogues in Lithuania“. Vilnius Academy of Arts Press, 2010. I t. ISBN 978-9955-854-60-9 http://leidykla.vda.lt/en/leidinys/1319616817/synagogues-in-lithuania