Удму́рцкая аўтано́мная во́бласць (Удмурцкая АВ; , ) — аўтаномная адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка РСФСР, якая існавала з 4 лістапада 1920 года па 28 снежня 1934 года.
Да 1 студзеня 1932 года мела назву Воцкая аўтаномная вобласць (вацякі — састарэлы экзонім удмуртаў). Адміністрацыйны цэнтр — горад Іжэўск (са студзеня па чэрвень 1921 года — горад Глазаў).
Гісторыя
Дэкрэт УЦВК і СНК Расіі «Аб утварэнні Аўтаномнай Вобласці Вацяцкага Народа» ад 4 лістапада 1920 года паклаў пачатак утварэнню Удмурцкай аўтаномнай вобласці як аўтаномнага тэрытарыяльнага ўтварэння для кампактнага пражывання карэннага народа — вацякоў.
На працягу 1921 года адбывалася фарміраванне структуры новых дзяржаўных органаў. Дэкрэтам УЦВК ад 5 студзеня 1921 года ў склад Аўтаномнай вобласці Воцкага народа былі ўключаны горад Глазаў (адміністрацыйны цэнтр) і воласці Глазаўскага, Сарапульскага, Ялабужскага і Малмыжскага паветаў. 10 чэрвеня 1921 года адміністрацыйны цэнтр быў перанесены ў Іжэўск.
З стварэннем аўтаноміі пачала хутка развівацца нацыянальная ўдмурцкая культура, вялася праца па ліквідацыі непісьменнасці.
14 студзеня 1929 года Воцкая АВ увайшла ў склад Ніжагародскай вобласці (пазней — Горкаўскі край). 1 студзеня 1932 года перайменавана ва Удмурцкую аўтаномную вобласць. 28 снежня 1934 года пастановай УЦВК Удмурцкая АВ ператворана ва Удмурцкую АССР.
Насельніцтва На 1 студзеня 1931 года насельніцтва вобласці складала 880 700 чалавек, шчыльнасць — 27,4 чал./км². Паводле перапісу 1926 года нацыянальны склад быў наступным: удмурты — 52,3 %; рускія — 43,3 %; татары — 2,3 %; бесярмяне — 1,2 %.
Адміністрацыйны падзел З 8 снежня 1921 года і да 1924 года Аўтаномная Воцкая вобласць складалася з 5 паветаў: Дзябёскага, Глазаўскага, Мажгінскага, Іжэўскага і Сялцінскага. У 1924 годзе Дзябёскі і Селцінскі паветы былі скасаваны.
Раёны і раённыя цэнтры Удмурцкай АВ на момант пераўтварэння яе ва Удмурцкую АССР: Алнашскі — с. Алнашы; Балезінскі — пас. пры станцыі Балезіно; Вавожскі — с. Вавож; Глазаўскі — г. Глазаў; Грахаўскі — с. Грахава; Дзябёскі — с. Дзябёсы; Зурынскі — с. Зура; Іжэўскі — г. Іжэўск; Карсавайскі — с. Карсавай; Кезскі — пас. пры ст. Кез; Малапургінскі — с. Малая Пурга; Мажгінскі — г. Мажга; Сялцінскі — с. Сялты; Сюмсінскі — с. Сюмсі; Шарканскі — с. Шаркан; Юкаменскі — с. Юкаменскае; Якшур-Бодзьінскі — с. Якшур-Бодзья; Ярскі — пас. пры станцыі Яр.
Крыніцы
Спасылкі
Катэгорыя:Гісторыя Удмурціі Катэгорыя:Аўтаномныя вобласці РСФСР Катэгорыя:Адміністрацыйныя адзінкі, утвораныя ў 1920 годзе Катэгорыя:Адміністрацыйныя адзінкі, скасаваныя ў 1934 годзе