Справа беларускіх радыёаматараў — шэраг затрыманняў, арыштаў, пераследу і ціску з боку беларускіх уладаў у дачыненні да радыёаматараў. Гэтыя дзеянні распачаліся ў канцы 2025 года. На думку праваабаронцаў, падзеі можна разглядаць у кантэксце хвалі рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці, што накіравана на кантроль над інфармацыйнай прасторай у Беларусі, абмежаванне выкарыстання радыёсувязі грамадзянскімі асобамі, узмацненне кантролю за эфірам і пераслед уладальнікаў прыёмаперадавальных прылад.

Храналогія У снежні 2025 года старшыня КДБ Беларусі Іван Церцель заявіў аб ліквідацыі «шырокай сеткі замежных спецслужбаў», якая праслухоўвала перамовы пілотаў грамадзянскай і ваеннай авіяцыі, а таксама вяла маніторынг рэжымных аб’ектаў з дапамогай тэхнічных сродкаў. Дэталей пра арыштаваных не было агучана.

14 студзеня 2026 стала вядома, што КДБ Беларусі затрымаў больш за 50 асоб, у тым ліку 50-гадовага Андрэя Рэпеція (радыёаматарскі пазыўны EW1ABT), 35-гадовага Мікіту Красько (радыёаматарскі пазыўны EW1AEH), 41-гадовага Вячаслава Бянько (радыёаматарскі пазыўны EW1ACE).

15 студзеня на дзяржаўным тэлебачанні паказаны «доказы» — аматарскія радыёрацыі Baofeng, SDR-прыемнікі, антэны.

16 студзеня прапагандыст Раман Пратасевіч у эфіры дзяржаўнага канала СТБ заявіў пра «ліквідацыю вялікай сеткі радыёшпіёнаў», якія перадавалі «стратэгічную інфармацыю на Захад»

Абвінавачанні

Па версіі следства:

Перахоп нешыфраваных перамоў у VHF/UHF-дыяпазоне (СБП, УС, МУС). Трансляцыя запісанага эфіру ў інтэрнэт Парушэнне парадку набыцця і выкарыстання радыёабсталявання (500+ адзінак: рацыі Baofeng UV-5R, RTL-SDR, антэны).

​Арыштаваныя абвінавачваюцца ў «здрадзе Радзіме» (арт. 356 КК Беларусі) і «шпіянажы» (арт. 358 КК РБ). Прынамсі сямі арыштаваным (у тым ліку Рэпецію, Красько і Бянько) пагражае да 12 гадоў калоніі строгага рэжыму, пажыццёвае зняволенне або расстрэл.

Кантэкст, прававыя аспекты і крытыка Радыёаматарства з’яўляецца распаўсюджаным у свеце відам тэхнічнай творчасці. Напрыклад, авіячастоты (118—137 МГц) адкрытыя па Радыярэгламенце Міжнароднага саюза па электрасувязі (артыкул 5), а артыкул 19 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека забяспечвае права на атрыманне інфармацыі «любымі сродкамі», то бок пасіўны прыём радыёэфіру падпадае пад гэту катэгорыю. У Беларусі з 1993 года афіцыйна дзейнічае Беларуская федэрацыя радыёаматараў і радыёспартсменаў, якая аб’ядноўвае радыёаматараў унутры краіны і займаецца развіццем аматарскай радыёсувязі і радыёспартыўных кірункаў.

Многія тэхнічныя эксперты і вопытныя радыёаматары адзначаюць абсурднасць абвінавачванняў.

Адметнай рысай рэпрэсій з’яўляецца існаванне юрыдычнага дысанансу: папулярныя сярод аматараў і турыстаў радыёстанцыі (напрыклад, брэндаў Baofeng або Quansheng) знаходзяцца ў вольным і легальным продажы на маркетплэйсах (Wildberries, Ozon і інш.). Аднак тэхнічныя характарыстыкі гэтых прылад дазваляюць ім працаваць у шырокім дыяпазоне (136—174 МГц і 400—520 МГц), які ў Беларусі амаль цалкам зарэзерваваны за дзяржаўнымі органамі. Такім чынам, сам факт набыцця прылады праз легальную гандлёвую сетку робіць пакупніка патэнцыйным правапарушальнікам у момант першага ж уключэння станцыі, калі яна настроена на фабрычныя (недазволеныя) частоты.

Тэхнічныя эксперты звяртаюць увагу на тое, што ў Беларусі размеркаванне частот моцна адрозніваецца ад міжнародных стандартаў. Частоты, якія ў краінах ЕС ці ЗША з’яўляюцца вольнымі або аматарскімі, у Беларусі выкарыстоўваюцца сілавымі структурамі (напрыклад, ДАІ). Праз гэта карыстальнікі рацый, набытых за мяжой, могуць выпадкова апынуцца на «службовых» частотах, што інтэрпрэтуецца праваахоўнымі органамі не як тэхнічная памылка, а як свядомы шпіянаж або перашкода рабоце спецслужбаў.

У кантэксце падзей пасля 2020 года (у прыватнасці, інцыдэнту з самалётам А-50 у Мачулішчах) валоданне радыёсканерамі або партатыўнымі рацыямі пачало разглядацца ўладамі як форма «садзейнічання экстрэмісцкай дзейнасці» (арт. 361-4 КК РБ). Фіксуюцца выпадкі, калі людзей вінавацяць у адсочванні перамяшчэння ваеннай тэхнікі або праслухоўванні перамоў сілавікоў, нават калі самі перамовы ідуць у зашыфраваным лічбавым выглядзе, а перахопленая інфармацыя не мае ніякай аператыўнай каштоўнасці. Такім чынам, аматарскі інтарэс да эфіру прыраўноўваецца да разведвальнай дзейнасці.

Паводле ацэнак спецыялістаў, вынікам «зачысткі» радыёэфіру стала фактычнае разбурэнне культуры бяспечнай грамадзянскай камунікацыі. У выпадку адключэння інтэрнэту або сотавай сувязі (напрыклад, падчас стыхійных бедстваў) адзінай крыніцай інфармацыі для людзей магла б стаць менавіта аматарская сувязь. Цяпер жа радыёаматары вымушаны хаваць абсталяванне або пазбаўляцца ад яго праз страх перад ператрусамі, што робіць соцыум больш безабаронным у крызісныя моманты.

Спасылкі

Крыніцы

Катэгорыя:Палітычныя рэпрэсіі Катэгорыя:Правы чалавека ў Беларусі Катэгорыя:Палітычны крызіс у Беларусі (2020) Катэгорыя:Радыёаматарства Катэгорыя:Радыётэхніка Катэгорыя:Радыёвяшчанне Катэгорыя:Цэнзура ў Беларусі