Сядзібна-паркавы комплекс «Двор Стайкі» — помнік архітэктуры другой паловы ХVІІІ — XIX стагоддзяў, знаходзіцца на паўночны ўсход ад вёскі Стайкі (Вілейскі раён). Захаваліся рэшткі былой сядзібы: фрагменты парку, воднай сістэмы, гаспадарчыя пабудовы (будынак былога бровара, рэшткі склепа, стайні, тока).

Па звестках Р. Афтаназі, ужо ў першай палове ХVІІІ ст., а, магчыма, і раней Стайкі належалі роду Багдановічаў герба «Багорыя». Сядзіба ў Стайках будавалася Тадэвушам Багдановічам у другой палове ХVІІІ ст. ў стылі барока.

Размешчана сядзіба ў маляўнічым узвышаным месцы. Мела асіметрыча-восевую кампазіцыю. Больш верагодна, што сядзібны дом быў пабудаваны ў канцы ХVІІІ ст., меў рысы класіцызму. Будынак стаяў на даволі высокім цокалі, быў аднапавярховы, драўляны, атынкаваны. Галоўны фасад вылучаўся чатырохкалонным тасканскім порцікам з тэрасай. З тыльнага боку сядзібнага дома таксама існавала тэраса. У доме было шмат фамільных каштоўнасцей. Паведамляецца, што ў доме спыняўся Напалеон Банапарт. На чырвоным століку 2 снежня 1812 г. ён падпісаў загад аб прымяненні палявых судоў да марадзёраў. Пазнейшая дабудова правага крыла ўнесла ў кампазіцыю дома элемент асіметрыі. Адначасова пачалося пераафармленне парку ў пейзажны.

Спасылкі

heritage.gov.by

Катэгорыя:Славутасці Вілейскага раёна Катэгорыя:Стайкі (Вілейскі раён)