Лю́бча — вёска на тэрыторыі Вілейскага раёна, знішчаная разам з жыхарамі ў час Вялікай Айчыннай вайны. У 1955—1978 гады створаны мемарыяльны комплекс «Месца спаленай вёскі Любча».

Гісторыя Вёска размяшчалася за 2 км на ўсход ад в. Малявічы, пры грунтавой дарозе, якая звязвала вёскі Малявічы, Любча, Боркі. У ёй налічвалася 23 двары, перад вайной у вёсцы жылі 95 чалавек.

Раніцай 5 мая 1943 г. у вёску прыехалі карнікі, якія пад выглядам праверкі правільнасці аплаты падаткаў, спачатку сабралі ўсіх мужчын у доме Станкевіча. А затым сталі іх выводзіць у гумно. Тых, хто спрабаваў збегчы, расстрэльвалі. Загнаўшы мужчын у будынак, карнікі зачынілі дзверы, абклалі будынак саломай і падпалілі. Тром мужчынам удалося ўратавацца. Жанчын з дзецьмі карнікі сабралі ў другім гумне на ўскраіне вёскі і зажыва спалілі. Ніхто не ўратаваўся. Усяго ў агні загінулі 93 чалавекі. Пасля вайны вёска не адрадзілася.

Ушанаванне памяці У 1955 г. на брацкай магіле астанкаў спаленых жыхароў вёскі была пастаўлена стэла. 1978 г. на месцы спаленай вёскі ўзведзены мемарыял. З боку в. Малявічы пры дарозе стаіць паказальнік «Любча». Адразу за ім з паўднёвага боку ад дарогі вузкая дарожка вядзе да месца, дзе спалілі жанчын і дзяцей. На месцы гаспадарчага будынка пастаўлены памятны знак. Далей па грунтавой дарозе, праз колькі дзесяткаў метраў, таксама з паўднёвага боку знаходзіцца брацкая магіла, у якой пахаваны астанкі любчан, і помнік на ёй. На мемарыяльнай дошцы пералічаны ўсе 23 сям’і, што жылі ў вёсцы і былі загублены карнікамі. На месцы кожнага дома ўстаноўлена мемарыяльная пліта, з прозвішчам загінуўшай сям’і. Дзве пліты знаходзяцца паблізу брацкай магілы, з паўднёвага боку ад дарогі. Уздоўж галоўнай вуліцы ўстаноўлены 20 пліт на месцы хат. Яшчэ адна хата знаходзілася асобна на паўночна-ўсходняй ўскраіне вёскі, паблізу гумна, у якім было спалена мужчынскае насельніцтва Любчы. На месцы будынка, у якім спалілі мужчын, пастаўлены памятны знак.

Вёска ўвекавечана ў мемарыяльным комплексе «Хатынь».

Спасылкі

heritage.gov.by

Катэгорыя:Вёскі Беларусі, цалкам або часткова знішчаныя нацыстамі