Мірская кераміка, традыцыйныя ганчарныя вырабы XV—XX ст. з гарадскога пасёлку Мір Карэліцкага раёну. Як цэнтр ганчарнага рамяства Мір вядомы з XV стагоддзя. Выраблялі на ганчарным крузе гаршковую кафлю, якая паступова трансфармавалася ў місачную (гл. Мірская кафля). Адначасова развівалася вытворчасць бытавога керамічнага посуду з ангобнай размалёўкай і штампаваным арнаментам (з XVII стагоддзя існаваў ганчарны цэх).
Асабліва пашырылася ганчарства ў канцы XIX — 1-й палове XX стагоддзя. Тут выраблялі чарнаглянцаваны, гартаваны (рабы, абварны), светлагліняны паліваны посуд (гаршкі, глякі, збанкі, міскі, слоікі, цёрлы, спарышы, бабачнікі), утылітарна-мастацкія вырабы (вазы, вазоны, попельніцы, упрыгожаныя лепкай, фігурныя пасудзіны ў выглядзе львоў, мядзведзяў, бараноў), дзіцячыя цацкі. Посуд вызначаецца простымі выразнымі формамі, падкрэсленымі палівай зялёнага ці карычневага колераў, гладкімі і хвалістымі паяскамі белага ангобу на плечуках. Чарнаглянцавыя вырабы аздаблялі дэкорам з рамбічнай сеткі. З 1980-х гадоў промысел не існуе.
Літаратура
Сахута Я. М. Мірская кераміка // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 10: Малайзія — Мугараджы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн. : БелЭн, 2000. Т. 10. C. 469.
Катэгорыя:Культура Міра