Пётр Казіміравіч Калавур (; 1799 — 1896, Пінск) — дзяржаўны службовец, суддзя Пінскага павятовага суда, дэпутат дваранства Мінскай губерні.
Біяграфія Нарадзіўся ў 1799 годзе ў шляхецкай сям'і Калавураў герба «Астоя». У 1818 годзе скончыў дваранскае павятовае вучылішча ў Пінску і пачаў адміністрацыйную службу. У 1823—1832 гадах працаваў асэсарам Пінскага ніжняга земскага суда, пасля чаго займаў пасаду межавага суддзі пінскага (1832—1835). Працягнуў кар'еру ў якасці асэсара Пінскага павятовага суда (1836—1850), а ў перыяд з 1853 па 1856 год з'яўляўся дэпутатам дваранства Мінскай губерні ад Пінскага павета. З 1856 па 1863 год займаў пасаду суддзі Пінскага павятовага суда. 26 красавіка 1863 года, у знак салідарнасці з паўстаннем 1863—1864 гадоў, звольніўся са службы па ўласным жаданні. Пасля адстаўкі жыў ва ўласным маёнтку Асаўцы, дзе да адмены прыгоннага права валодаў 63 мужчынскімі душамі.
Сям'я Быў жанаты з Канстанцыяй Шчэрбай (нар. 1816), меў двух сынавей - Тамаша Уладзіслава (нар. 1848) і Рамана (нар. 1851).
Маёнтак Асаўцы Згодна з «Планам Мінскай губерні Пінскага павета Плотніцкага воласнага праўлення часткі фальварка Асаўцы», які ў 1908 годзе належаў яго сыну Тамашу Уладзіславу Калавуру, 14 надзелаў былі перададзены сялянам. У 1910-х гадах астатняя зямля была прададзена. Паводле этнаграфічных звестак, у побыце сям'я Калавураў карысталася польскай мовай. Гісторыя фальварка скончылася трагічна: пасля продажу зямлі нехта з жыхароў вёскі падпаліў сядзібу, у выніку чаго ў агні загінула гаспадыня, яе двое дзяцей і служанка. На месцы былой сядзібы ў савецкі час быў пабудаваны калгасны двор.
Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1799 годзе Катэгорыя:Памерлі ў 1896 годзе Катэгорыя:Памерлі ў Пінску Катэгорыя:Калавуры Катэгорыя:Суддзі Пінскага павета