Чарльз Джэймс «Чарлі» Кірк (; ) — амерыканскі палітычны і хрысціянскі актывіст, прадпрымальнік і медыяасоба.
Заснавальнік і выканаўчы дырэктар буйнейшай у ЗША кансерватыўнай студэнцкай арганізацыі Turning Point USA (TPUSA).
Чарлі Кірк быў адным з найбольш прыкметных публічных прадстаўнікоў руху MAGA ў Рэспубліканскай партыі ЗША і набыў папулярнасць як удзельнік дэбатаў з моладдзю.
Чарлі Кірк быў забіты выстралам у шыю 10 верасня 2025 года падчас публічных дэбатаў на сустрэчы са студэнтамі на кампусе Універсітэта даліны Юты (Utah Valley University). Падазраваны ў забойстве Кірка Тайлер Робінсан матываваў свае дзеянні несупадзеннем палітычных поглядаў і неабходнасцю барацьбы за правы ЛГБТ і транс-людзей.
Біяграфія
Кірк нарадзіўся ў прыгарадзе Чыкага ў сям’і архітэктара і біржавай трэйдаркі. Бацькі Кірка прытрымліваліся ўмераных рэспубліканскіх поглядаў. Падчас навучання ў сярэдняй школе ён пачаў цікавіцца палітыкай і ўдзельнічаць у кансерватыўных ініцыятывах; у 2012 годзе апублікаваў артыкул на кансерватыўным навінавым сайце Breitbart News пра ўмовы навучання ў дзяржаўных школах, што прыцягнула ўвагу кансерватыўных донараў.
У 2012 годзе разам з кансерватыўным бізнесменам Білам Мантгомеры Кірк заснаваў студэнцкую арганізацыю Turning Point USA з мэтай прасоўвання прынцыпаў свабоднага рынку і абмежаванага ўраду ў амерыканскіх універсітэтах. Арганізацыя хутка вырасла ў нацыянальны рух з сотнямі студэнцкіх аддзяленняў і значнымі фінансавымі ўліваннямі ад буйных кансерватыўных спонсараў.
Чарлі Кірк быў блізкім саюзнікам прэзідэнта Донадльда Трампа і адным з ключавых арганізатараў кампаній па мабілізацыі маладых выбаршчыкаў на падтрымку Трампа падчас прэзідэнцкіх выбараў 2016, 2020 і 2024 гадоў.
Turning Point USA стала вядомай дзякуючы актыўнасці на кампусах, арганізацыі канферэнцый для маладых кансерватараў, стварэнню спадарожных структур Turning Point Action і Turning Point Faith, а таксама праз актыўную прысутнасць у сацыяльных сетках.
Медыякар’ера
З 2019 года Кірк вёў штодзённы падкаст і радыёперадачу The Charlie Kirk Show. Праграма спалучала інтэрв’ю з палітыкамі і каментатарамі, каментары па актуальных тэмах і фрагменты дэбатаў Кірка са студэнтамі на кампусах. Падкаст меў шматмільённую аўдыторыю і стаў важнай платформай для прасоўвання пазіцый руху MAGA і палітычнага хрысціянскага нацыяналізму. Праграма Кірка падвяргалася крытыцы з-за распаўсюду дэзынфармацыі.
Спасылкі
Крыніцы