Наста Манцэвіч, поўнае імя Анастасія Аляксандраўна Манцэвіч () — беларуская паэтэса і пісьменніца.
Біяграфія Нарадзілася ў 1983 годзе ў Вілейцы. Дачка журналістаў Аляксандра і Ніны Манцэвічаў, супрацоўнікаў «Рэгіянальнай газеты» (Маладзечна). Мае малодшую сястру Аўгіню Манцэвіч.
Бацька нарадзіўся ў Вілейцы, у 11 гадоў з сям’ёй пераехаў у Беразіно, дзе жыў да паступлення ва ўніверсітэт, па яго сканчэнні і жыцці ў Мінску вярнуўся ў Вілейку. Маці Насты з Радкова Акцябрскага раёна, трапіла ў Вілейку размеркаваннем пасля інтэрнатуры. Таму дзяцінства Насты звязана таксама з Беразіном і Радковым, да дзедаў яна ездзіла на вакацыі.
У 2005 годзе скончыла Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт. Працавала ў журналістыцы, была супрацоўніцай «Еўрарадыё», звольнілася адтуль у 2012 годзе. Станам на 2015 год навучэнка Маскоўскага гештальт-інстытута.
Станам на верасень 2024 года жыве ў бацькоўскім доме ў Вілейцы, часта бывае ў Мінску, практычна жыве паміж двума гарадамі.
Творчасць У 2011 годзе выйшаў электронны зборнік вершаў «Гэта ня лічыцца», выдадзены на сайце bybooks.eu. Тэксты зборніка апісваюць гісторыі кахання і чалавечых стасункаў, падзеі якіх разгортваюцца ў Вілейцы і Мілане.
У 2012 годзе ў серыі «Пункт адліку» Бібліятэкі Саюза беларускіх пісьменнікаў «Кнігарня пісьменніка» (выдавецтва «Логвінаў») выйшла дэбютная кніга «Птушкі» , выданне змяшчае вершы і кароткую прозу. Рэдактарам кнігі быў Павел Анціпаў. Прэзентацыя зборніка адбылася 6 верасня 2012 года . Тэксты кнігі характарызуюцца натуралізмам і эмацыйнай вастрынёй.
У 2014 года была сузаснавальніцай вэб-часопіса MAKEOUT. У 2018 годзе ўдзельнічала ў круглым стале «Вось так я пішу: Рэпрэзентацыя негетэранарматыўнай сексуальнасці ў літаратуры», арганізаваным часопісам «ПрайдзіСвет» і Саюзам беларускіх пісьменнікаў.
У 2024 годзе ў выдавецтве «Пфляўмбаўм» (сумесна са «Skaryna Press») выйшла кніга «Цела таксама архіў». Зборнік змяшчае эсэ напісаныя ў 2019—2023 гадах, а таксама пераклады вершаў амерыканскага аўтара са зборніка «Femme in Public». Тэматыка кнігі ахоплівае даследаванне цялесных і гендарных меж і рэфлексію над праблемамі гвалту.
Прызнанне Фіналістка конкурсу маладога літаратара Беларускага ПЭН-цэнтра да 100-годдзя «Нашай Нівы» (2006). Пераможца на міжнародным паэтычным слэме ў межах фестывалю «» (жнівень 2008, Гуляйполе, Украіна). Шорт-ліст прэміі «Дэбют» за 2012 год з кнігай «Птушкі». Лаўрэатка прэміі імя Алеся Адамовіча (2024) за частку кнігі «Цела таксама архіў» — за смеласць і суперажыванне ва ўмовах дыскрымінацыі і гвалту.
Крыніцы
Катэгорыя:Перакладчыкі з англійскай мовы Катэгорыя:Перакладчыкі на беларускую мову