«Зня́цце з крыжа́» — мастацкі эскіз, створаны італьянскім жывапісцам Марчэла Бачарэлі на мяжы XVIII і XIX стагоддзяў. Твор паходзіць з даваенных збораў Беларускага дзяржаўнага музея ў Мінску, быў вывезены ў Германію падчас Вялікай Айчыннай вайны і цяпер знаходзіцца ў фондах Дзяржаўнага музейна-выставачнага цэнтра «РОСИЗО» ў Маскве ( КП-9963, АФЖ-373).
Апісанне Карціна ўяўляе сабой шматфігурную прамавугольную кампазіцыю з закругленым верхам. У цэнтры — вялікі драўляны чатырохканцовы крыж, з якога некалькі чалавек здымаюць цела Хрыста, выдзеленае больш светлымі фарбамі. Справа ўнізе адлюстравана Багародзіца, якая страціла прытомнасць. Яе падтрымлівае іншы персанаж. Злева паказана фігура старога, што сядзіць. Падзея адбываецца на фоне цёмна-шэрага неба. Для карціны ўласцівы драматызм, напружанасць і экспрэсія, якія падкрэсліваюцца эскізнай манерай жывапісу, некаторай пастознасцю фарб і выцягнутымі прапорцыямі фігур.
Гісторыя і атрыбуцыя Першапачаткова эскіз уваходзіў у знакамітую калекцыю мастацтва Томаша Зяліньскага (1802—1858) у яго палацы ў горадзе Кельцы. У рукапісным каталогу галерэі 1859 года, складзеным Яцэнтам Саховічам, ён значыўся пад № 212 як эскіз Марчэла БачарэліJakimowicz I., Tomasz Zieliński, kolekcjoner i mecenas. – Warszawa-Kraków-Wrocław, 1973. S. 356.. Пасля смерці Зяліньскага яго зборы былі прададзены і разышліся па музеях і прыватных калекцыях. Менавіта так эскіз «Зняцце з крыжа» (разам з карцінай «Дабравесце» Шымана Чаховіча) у 1870 годзе апынуўся ў зборы Францішка Лубеньскага (1834—1891). Якім чынам гэтыя творы трапілі ў Беларусь, дакладна не высветлена. Магчыма, яны перайшлі праз род Гутэн-Чапскіх, пародненых з Лубеньскімі, і захоўваліся ў маёнтку Станькава.
Карціна паступіла ў зборы Беларускага дзяржаўнага музея ў 1920 годзе, а раней знаходзілася ў калекцыі Мінскага абласнога музея. Супрацоўнікі музея памылкова назвалі аўтарам твора нямецкага мастака Антона Графа. Асновай для такога меркавання паслужыў польскамоўны надпіс на адвароце палатна, зроблены чорнай фарбай: «Zbior Fr. Hr. Lubieńskiego. pr. Graff. Kupieno z galeryi Zielińskiego. 1870» (дзе «pr. Graff» было інтэрпрэтавана як імя мастака). У мінскім музеі карціне прысвоілі інвентарныя нумары І-129 (945) і наляпілі папяровую наклейку з пазнакай аўтарства Антона Графа. Сучасныя даследчыкі, абапіраючыся на каталог Зяліньскага і параўнанне з іншымі работамі (напрыклад, з эскізам «Святы Ісідор»), вярнулі твору сапраўднае аўтарства Бачарэлі.
У перыяд акупацыі Беларусі нямецкімі войскамі карціна была вывезена ў Германію. Пасля вайны і вяртання ў СССР прадмет не трапіў назад у Мінск з-за памылак пры размеркаванні. Ён быў перададзены ва Усесаюзны мастацка-вытворчы камбінат імя Вучэціча, створаны на аснове Дырэкцыі мастацкіх выставак і панарам у Маскве. У 1971 годзе карціна трапіла ў Архіў мастацкіх твораў горада Загорска (цяпер Сергіеў Пасад), а адтуль — у фонды «РОСИЗО».
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Карціны паводле алфавіта Катэгорыя:Карціны Марчэла Бачарэлі Катэгорыя:Рабаванне культурнай спадчыны Беларусі ў час Другой сусветнай вайны Катэгорыя:Перамешчаныя культурныя каштоўнасці Беларусі