Традыцыя прыгатавання рыбы, высушанай у печы на саломе, і страў на яе аснове — элемент Нематэрыяльнай культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь. Жыхары вёскі Спорава і Здзітава Спораўскага сельсавета, вёскі Пяскі Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці.

Спосаб прыгатавання сушанай у печы рыбы забяспечвае яе доўгатэрміновае захоўванне з найменшай стратай вітамінаў і карысных рэчываў. Адметным вынікам сушкі рыбы такім спосабам з’яўляецца магчымасць есці яе з усімі касцямі, што забяспечвае паступленне ў арганізм кальцыя.

Пастановай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь ад 10.09.2018 уключана ў спіс нематэрыяльных культурных каштоўнасцяў.

Актуальныя сацыяльныя і культурныя функцыі Традыцыя прыгатавання сушанай рыбы выконвае самаідэнтыфікацыйную функцыю ў агульнай прасторы рэгіянальных народных традыцый. Рыба, высушаная адмысловым спосабам — гэта прадукт, які ў вёсцы Спорава і яе ваколіцах не страціў актуальнасць, а тэхналогіі продкаў працягваюць выкарыстоўвацца ў сучаснай гаспадарцы, хаця і набылі новыя рысы. Актуальна і сацыялізуючая функцыя: традыцыя прыгатавання сушанай у печы рыбы і страў з яе цэніцца і захоўваецца мясцовай супольнасцю, з’яўляецца прадметам яднання сульнасці. Для жыхароў вёсак азначаннага рэгіёна сушаная рыба і стравы з яе застаюцца вельмі папулярнымі не толькі з-за смаку і вялікай колькасці карысных рэчываў, але і як сродак зносін, як крытэрый уваходжання і далейшай прыналежнасці да пэўнага асяродка. Нельга не адзначыць выхаваўчую функцыю элемента. Гаспадыні перадаюць сакрэты хатняй гаспадаркі сваім дочкам, унучкам. Маладыя дзяўчаты, якія далучаюцца да прыгатавання ежы, пераймаюць мясцовую традыцыю і праз гэта ўспрымаюць мадэль паводзін гаспадыні хаты і члена супольнасці наогул. Пры гэтым традыцыя выконвае крэатыўную функцыю. Кожная гаспадыня мае свае адметнасці ў спосабах прыгатавання сушанай рыбы. Рыбу сушаць, з яе гатуюць шматлікую колькасць страў, кампануюць у выглядзе каравая, а таксама ў букет у якасці падарунка. Сушаная рыба прадстае не толькі пачастунакам, але і «рэквізітам» для розных гульняў, святочных падзей, якія адбываюцца ў вёсцы Спорава. Калі казаць пра турыстычна-рэкрэацыйную функцыю элемента, то патрэбна адзначыць, што Спорава і Здзітава з’яўляюцца тымі вёскамі, якія прыцягваюць турыстаў. Шматлікія госці заўжды высока адзначаюць якасці і асаблівасці сушанай у печы на саломе рыбы і рыбных страў, створаных на аснове традыцыйных рэцэптаў.

Паходжанне Навуковыя даследванні тэмы бытавання і заканамернасцей развіцця рыбнай кухні на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь не праводзіліся. Тыя звесткі, якія можна знайсці ў навуковай, мастацкай літаратуры ці ў публіцыстыцы, не складаюць поўнага ўяўлення. Вядома, што з даўніх пор у прырэчных і прыазёрных вёсках Беларусі, асабліва на Палессі і Паазер’і, дзе рыба займала важнае месца ў харчаванні і з’яўлялася паўсядзённай стравай, многа рыбы нарыхтоўвалі пра запас: вялілі, сушылі, летам — на сонцы, зімой — у хатняй печы. Сушанай рыбай запраўлялі стравы, клалі ў суп, боршч. Сушаную рыбу прадавалі, абменьвалі на хлеб, лён, каноплі і іншыя тавары. Пра распаўсюджанне на тэрыторыі Беларусі менавіта такога спосабу нарыхтоўкі рыбы, як сушка яе ў печы, што да сённяшняга дня практыкуецца ў вёсках Бярозаўскага раёна, сведчыць апісанне яго ў кнізе «Літоўская гаспадыня», напісанай больш за паўтара стагоддзя назад. У кнізе захоўваюцца рэцэпты прыгатавання вяленай плоткі і падпечанай белай рыбы. Спосабы прыгатавання вяленай і печанай рыбы на Міншчыне (Мядзельскі і Нясвіжскі раёны) апісваюцца ў дыпломнай рабоце Антановіч А. С., прысвечанай беларускай традыцыйнай кухні ХХ стагоддзя. На Віцебшчыне вяленай лічылася рыба, калі яе, папярэдне ачышчаную, выпатрашаную і крыху падсоленую, запякалі ў печы на разасланай саломе. Такую рыбу потым выкарыстоўвалі як дадатак да страў або проста елі з хлебам. Дакладны час узнікнення традыцыі прыгатавання сушанай у печы рыбы і страў з яе ў вёсцы Спорава і ваколіцах не ўстаноўлены. Можна сцвярджаць, што ў мясцовасці традыцыя сушыць рыбу і гатаваць стравы на яе аснове існавала ў канцы XVII- пачатку XVIII стст. Пацвярджэнне таму сустракаецца ў аповедзе жыхара вёскі Спорава «Пра шведаў», запісаным у 1974 годзе падчас экпедыцыі па вывучэнні гаворак і традыцыйнай духоўнай культуры Палесся пад кіраўніцтвам М. І. Талстога (праўнука Л. М. Талстога), матэрыялы якой апублікаваны ў «Полесском этнолингвистическом сборнике»:«… То ны було ны хліба, ны солы, алэ прожылы люды за рыбою. Рыбы много було. Рыбу эту ловылы, да сушылы, да товклы, на зыму запасвалы, запасы робылы. Так і прожылы. Это мні дід росказвав, шо ёму баба росказвала…».Відавочна, успаміны адносяцца да перыяду Паўночнай вайны (1700—1721 гг.), калі на тэрыторыі сучаснага Бярозаўскага раёна адбываліся ваенныя дзеянні паміж рускімі і шведcкімі войскамі. Традыцыя сушыць рыбу на саломе і гатаваць стравы на яе аснове не перарывалася. Са слоў Таццяны Міхайлаўны Пашкевіч, 1965 г.н., тэхналогія прыгатавання традыцыйных рыбных страў, якой карыстаюцца тут па сённяшні дзень, бытавала ў гэтай мясцовасці здаўна. Для прадстаўнікоў супольнасці рыба з’яўлялася паўсядзённым прадуктам харчавання, а ў цяжкія гады (неўраджай, ваеннае ліхалецце) — замяняла і мяса, і хлеб.

Сучасны стан Тэхналогія прыгатавання сушанай рыбы і страў з яе перадаецца ад пакалення да пакалення ў многіх сем’ях вёсак Спорава, Здзітава, Пескі і Хрыса. Гаспадыні пераймаюць традыцыю ад сваіх маці (ці іншых старэйшый жанчын сям’і), а тыя — ад сваіх. Такім чынам ажыццяўляецца традыцыйны спосаб дыяхроннай перадачы нематэрыяльнай спадчыны ў вясковай сям’і. Таксама перадача традыцыі ажыццяўляецца сінхронна — ад гаспадыні да гаспадыні ў межах адной храналагічнай і геаграфічнай прасторы, адной супольнасці. Захаванне традыцыі сушэння рыбы і прыгатавання страў на яе аснове ў Бярозаўскім раёне звязана з прыроднымі і сацыяльна-эканамічнымі асаблівасцямі вёскі Спорава і яе наваколляў. Ажно да пачатку 80-х гадоў ХХ ст. мясцовыя жыхары жылі ў асноўным за кошт рыбалоўства, палявання, збору ягад і грыбоў. У адрозненне ад іншых рэгіёнаў Заходняй Беларусі, дзе калектывізацыя праходзіла ў 40-я гады, тут калгас быў арганізаваны толькі ў 1983 годзе пасля частковага асушэння Спораўскіх балот. З гэтай прычыны прайшоў зусім невялікі прамежак часу, як змяніліся ўмовы жыцця рэгіянальнай суполкі: асушэнне балота паспрыяла пашырэнню зямельных угоддзяў, развіццю жывёлагадоўлі. Таму ў Спораве і ваколіцах вёскі жыве многа носьбітаў сталага ўзросту, якія па-ранейшаму валодаюць традыцыяй сушэння рыбы і прыгатавання страў на яе аснове, і гатуюць гэтыя стравы як традыцыйную і звыклую ежу продкаў. На сёняшні дзень больш за 20 носьбітаў пажылога ўзросту актыўна трансліруюць веды, звязаныя з традыцыяй і тэхналогіяй прыгатавання сушанай у печы рыбы і страў з яе, сярод жыхароў адзначаных вёсак Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Гаспадыні дзеляцца майстэрствам і дэманструюць тэхналогію прыгатавання сушанай рыбы і страў з яе ўсім жадаючым, апісваючы свае традыцыі і рэцэпты прыгатавання, суправаджаюць аповед рознымі цікавымі фактамі і перадгісторыямі. Так, сакрэты прыгатавання рыбы і традыцыйных спораўскіх рыбных страў былі паказаны ў тэлесюжэтах, знятых студыяй тэлебачання Бярозаўскага райвыканкама «Наш объектив» (дэманстраваўся на канале «Беларусь 4» тэлерадыёкампаніі «Брэст»), тэлеканалам СТВ і творчай групай кулінарна-гістарычнага шоу «Беларуская кухня» Белтэлерадыёкампаніі. Рэцэпт прыгатавання квасу з сушанай рыбай і грыбамі (запісаны ў вёсцы Пескі ад А. П. Яцкевіча), змешчаны ў кнізе «Беларускі кулінарны сшытак № 1», складзенай вядучай тэлеперадачы Л. Л. Мятлеўскай. Гаспадыні, якія перайнялі навыкі ад матуль і бабуль, перадаюць сакрэты іншым гаспадыням, удзельнічаюць у розных мерапрыемствах, падчас якіх сустракаюць гасцей (у тым ліку з-за мяжы) сушанай рыбай і стравамі на яе аснове.

Крыніцы

Інвентар НКС — інвентарызаваныя элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны. living-heritage.by. Праверана 10 сакавіка 2026.

Катэгорыя:Беларуская кухня Катэгорыя:Культура Бярозаўскага раёна Катэгорыя:Рыбныя стравы