Мікалай Віслоцкі (; ) — калекцыянер, падарожнік і археолаг.

Біяграфія З роду Віслоцкіх герба «Сас». Сын Клеменса Віслоцкага, берасцейскага падкаморыя, фундарата ўніцкай царквы Св. Параскевы ў Лышчыцах ў 1817 годзе, і Луцыі са Стэцкіх. Нарадзіўся ў 1821 годзе ў родавым маёнтку Грымяча.

Пачатковую адукацыю, напэўна, атрымаў у 1820-х — 1830-х гадах у павятовай школе манахаў-базыліян у Берасці. Вучыўся ў Кіеўскім універсітэце, дзе на яго значна паўплываў выкладчык рэлігіі Ігнат Галавінскі.

Пад уплывам Галавінскага ў 1843—1844 гадах Мікалай Віслоцкі здзейсніў маштабнае падарожжа па Малой Азіі, Паўночнай Афрыцы і Святой Зямлі. У Іерусаліме прыняты ў рыцары Ордэна Гроба Гасподняга. Вясной 1844 года ў Іерусаліме атрымаў ганаровае даручэнне ад прускага прынца Вальдэмара — уручыць ордэн Чорнага Арла вядомаму егіптолагу Карлу Рыхарду Лепсіусу.

Падарожнічаў па Егіпце, вывучаў цячэнне Ніла. У Фівах пазнаёміўся з Карлам Рыхардам Лепсіусам і ўдзельнічаў у археалагічных даследаваннях руін Карнака, Мемфіса, шукаў забытыя гарады ў Сахары. Падчас быцця ў Егіпце вывучыў арабскую мову і запісваў мясцовыя паданні.

Зіму 1844—1845 гадоў правёў у Каіры. Сваім коштам аднавіў за Дамаскай брамай помнік Юзафу Сулкоўскаму, ад’ютанту Напалеона Банапарта, які загінуў у 1798 годзе. Падарожжы гэтага перыяду Віслоцкі фіксаваў у дзённіку.

Пасля Егіпта некалькі гадоў жыў у Рыме, падаў Папу Рымскаму Рыгору XVI справаздачу пра стан Гроба Гасподняга ў Іерусаліме. Падарожнічаў па Італіі, Швейцарыі, Францыі і Германіі, працаваў у бібліятэках і збіраў звесткі пра гісторыю Рэчы Паспалітай.

Вярнуўся ў свой маёнтак Грымяча і займаўся яго добраўпарадкаваннем, вызваліў сваіх сялян з «падданства», на думку Валера Пазднякова, магчыма, гэта значыла замену паншчыны на чынш. Адначасова працягваў археалагічныя пошукі, даследаваў замкі, капліцы і курганы.

У 1856—1860 гадах жыў пераважна ў Варшаве, яго дом быў асяродкам аматараў старажытнасцей. Быў актыўным удзельнікам Сельскагаспадарчага таварыства. У 1859 годзе ўдзельнічаў у заснаванні «Tygodnik Ilustrowany».

З 1864 года жыў у маёнтку Пагажэль у Польшчы. У 1873 годзе наведаў Саксонію, Баварыю, Галандыю і Бельгію для вывучэння тэхналогій вытворчасці торфу, па вяртанні заснаваў у маёнтку прадпрыемства па вырабе торфабрыкету.

Час смерці застаецца дыскусійным. Паводле базы «Niekrologi Warszawskie», памёр 23 снежня 1885 года. Даследчык Ёахім Сліва, на грунце некралога апублікаванага ў пачатку 1886 года, называе часам смерці 1886 год.

Калекцыянаванне

Сабраў унікальную калекцыю старажытнасцей, яна ўключала: Галерэю з некалькіх сотняў гістарычных партрэтаў; Некалькі тысяч гравюр; Старажытныя гербы, шляхецкія сыгнеты і манеты, рыцарскі пояс XVII ст. з-пад Кобрына; Егіпецкія артэфакты: статуэткі Асірыса, амулеты, скарабеі, папірусы, канопы (выкапаныя ў Фівах), гліняныя лямпы; Грэка-рымскія знаходкі (напрыклад, малое начынне для духмяных рэчываў з «лазняў Клеапатры»); Мясцовыя археалагічныя знаходкі: жалезныя цвікі і прасліцы з маёнтка Грымяча, каменныя наканечнікі стрэл з Літвінак, бронзавыя фібулы з Вялечкавічаў, пярсцёнкі з кургана каля Чыжэвічаў .

У 1856—1857 гадах значная частка яго егіпецкай і краёвай калекцый прадстаўлена на Варшаўскай выставе старажытнасцей у палацы Аўгуста Патоцкага. Акрамя таго, Віслоцкі перадаў археолагу Баляславу Падчашынскаму галаснік з Каложскай царквы ў Гродне.

Па смерці Мікалая Віслоцкага вялікая частка яго збораў трапіла ў музей князёў Чартарыйскіх у Кракаве і ў Ягелонскі ўніверсітэт . У музейных зборах Беларусі археалагічных знаходак Віслоцкага не захавалася.

Узнагароды Ордэн Святога Рыгора Вялікага ад Папы Рымскага Рыгора XVI (1845).

Крыніцы

Катэгорыя:Віслоцкія герба «Сас»