Арфаэ́пія белару́скай мо́вы — сукупнасць нормаў беларускай літаратурнай мовы, якія ахопліваюць правілы вымаўлення гукаў і іх спалучэнняў.
Гісторыя Арфаэпічныя нормы беларускай літаратурнай мовы сфарміраваліся ў XIX — пачатку XX стагоддзя на аснове сістэмы вымаўлення сярэднебеларускіх гаворак і першапачаткова вызначаліся высокай ступенню варыянтнасці. Іх станаўленню спрыяла актывізацыя тэатральнай справы (дзейнасць І. Буйніцкага, адкрыццё дзяржаўных тэатраў у Мінску і Віцебску ў 1920-я гады), арганізацыя рэгулярнага радыёэфіру ў 1925 годзе, публічныя лекцыі А. В. Багдановіча, П. А. Бузука, Я. В. Воўка-Левановіча, Я. Ю. Лёсіка, С. М. Некрашэвіча і іншых.
Вымаўленне галосных гукаў і іх спалучэнняў Правілы вымаўлення і напісання галосных у пераважнай большасці выпадкаў супадаюць. Пад націскам усе галосныя вымаўляюцца выразна: р[э́]кі, [з’э́]млі, в[о́]льны, [л’о́]гкі, пр[а́]вільны, з[в’а́]зка, [в’і́]льгаць, в[ы́]бары, д[у́]мка, [z’у́]ба.
У вымаўленні галосных не пад націскам адзначаюцца пэўныя асаблівасці. Ненаціскныя гукі [э], [о], [а] пасля цвёрдых зычных ва ўсіх складах — пераднаціскных і паслянаціскных — вымаўляюцца як выразны гук [а], толькі карацейшы за націскны (аканне, на пісьме абазначаецца літарай а): р[а]чны́, ц[а]на́, дв[а]ры́, г[а]рады́, тр[а]ва́, с[а]давіна́, палі́ц[а]. Галосны [э] у ненаціскным становішчы захоўвае сваё гучанне толькі ў словах іншамоўнага паходжання: [э]по́ха, [э]кскава́тар, р[э]канстру́кцыя. На пісьме гэтаму гуку адпавядае літара э. У некаторых словах, запазычаных праз рускую мову, пасля [р], [ц] вымаўляецца як [ы] (на пісьме перадаецца літарай ы): бр[ы]зе́нт, др[ы]зі́на, інж[ы]не́р, канц[ы]ля́рыя, р[ы]со́ра. Словы з націскнымі складамі ро, ло, рэ не падпарадкоўваюцца аканню. Не пад націскам [о], [э] у розных формах слова або ў аднакарэнных словах замяняюцца гукам [ы]: кр[о]ў — кр[ы]ві́, гл[о́]тка — гл[ы]то́к, бл[о́]хі — бл[ы]ха́, хр[э́]сьбіны — хр[ы]шчэ́нне.
Пасля мяккіх зычных гукі [э], [о], [а] вымаўляюцца як [а] толькі ў першым складзе перад націскам (яканне, на пісьме — літара я): [в’а]се́лле, [л’а]со́к, [м’а]до́к, [с’а]ло́, г[л’а]дзе́ць. У часціцы не і прыназоўніку без вымаўляецца [а], калі націск падае на першы склад наступнага за імі слова: [н’а] ве́даў, [н’а] пры́йдзе, [б’аз] ры́бы, [б’аз] ба́цькі. У першым пераднаціскным складзе [э] захоўваецца ў большасці запазычаных слоў: а[б’э]лі́ск, [б’э]нзі́н, [г’э]ро́й, [м’э]да́ль, [п’э]ро́н, [с’э]зо́н, але [с’а]ржа́нт. Ва ўсіх іншых ненаціскных складах пасля мяккіх зычных у спрадвечна беларускіх словах вымаўляецца [э], набліжаны да [а]: [з’эал’эа]нава́ты, во́[з’эа]ра, [с’эа]ляні́н. На месцы спрадвечнага (этымалагічнага) [а] у гэтых складах можа вымаўляцца таксама выразны гук [а]: [л’а]мантава́́ць, [п’а]цярня́, [ц’а]гнікі́, су́[в’а]зь, параўнанне [л’а́]мант, [п’а́]ць, [ц’а́]гнеш, [в’а́]жаш.
Націскныя і ненаціскныя галосныя [і], [ы] пасля зычных у сярэдзіне слова вымаўляюцца выразна: [л’і́]тара, [в’і]нава́ты, назо́ў[н’і]к, пам[ы́]лка, п[ы]та́нне, дабе́гч[ы]. Перад націскным [і] у пачатку слова і ў сярэдзіне пасля галоснага ў вымаўленні развіваецца прыстаўны зычны гук [й]: [й]і́хні, [й]і́ней, [й]і́скры, кра[й]і́на, ма[й]і́мі. Прыстаўны [й] з’яўляецца таксама пасля галоснага, пасля апострафа і мяккага знака як перад націскным, так і перад ненаціскным [і]: кра[й]і́, у сям’[й]і́, у Іль[й]і́, у вы́ра[й]і, се́м’[й]і, Іль[й]іча́. Пасля цвёрдага зычнага (акрамя [γ], [к], [х]) на стыку слоў, частак складанага слова або марфем вымаўляецца гук [ы], які на пісьме можа абазначацца як літарай ы, так і літарай і: брат [ы] сястра, пед[ы]нстыту́т, уз[ы]сці́, але іх [і] няма. Пачатковы ненаціскны [і], а таксама злучнік і пасля слова, якое заканчваецца на галосны, пры адсутнасці паўзы паміж словамі замяняецца ў вымаўленні на [й]: на [й]гры́шчы, маці [й] дачка, прыйшлі [й] сказалі, не [й]дзі. Такая ж замена адбываецца і пасля прыставак на галосны: за[й]гра́ць, па[й]сці́, вы́[й]сці.
Галосны [у] вымаўляецца выразна і ў націскным, і ў ненаціскным становішчы: в[у́]ліца, адв[у]чы́цца, г[у]тарко́вы, сці́сн[у]ць. Пасля галоснага пачатковы [у] і прыназоўнік у замяняюцца на зычны [ў]: прыехалі [ў]чора, дарога [ў] полі, ва [ў]ніверсітэце, брата [ў]ладзіміра (Уладзіміра), на [ў]рале (на Урале), (ва ўласных назвах пачатковы гук [ў] на пісьме абазначаецца адпаведна літарай У: ва Ушачах). У запазычаных словах на -ум, -ус пасля галоснага гук [у] утварае самастойны склад і вымаўляецца нязменна: аквары[у]м, калёкві[у]м.
У спалучэннях галосных [іо], [іа], [іэ] у сярэдзіне запазычаных слоў узнікае ўстаўны (эпентэтычны) гук [й]: б[ійо́]лаг, б[ійа]ло́гія, д[ыйа]рэ́за, пац[ыйэ́]нт.
Вымаўленне зычных гукаў і іх спалучэнняў Зычныя гукі ў становішчы перад галоснымі вымаўляюцца выразна і нязменна: [дароγа], [чароды], [γрымоты].
Перад гукамі [р], [л], [м], [н], [в], [й] зычныя вымаўляюцца выразна: д[р]овы, с[л]ых, з[м]ычка, с[в]абода, [бйу].
Гук [γ] вымаўляецца працяжна. Гэты заднеязычны звонкі і шчылінны гук сустракаецца як у спрадвечна беларускіх, так і ў большасці запазычаных слоў: [γ]арох, а[γ]арод, [γ'э]ктар, [γ]арнізон. Выбухны [г] вымаўляецца толькі ў некаторых запазычаных словах, у спалучэнні [зг] і на месцы [к] перад звонкімі зычнымі: [г]анак, [г]узік, [г]онта, [г]аза, [г]валт, [г’і]рса, шва[г’э]р, ма[зг’і], ва[г]зал (вакзал), ру[г]зак (рукзак), э[г]замен (экзамен), э[г]зэмпляр (экзэмпляр), та[г] было (так было).
Губна-зубны гук [в] вымаўляецца перад галоснымі: гала[в]а, [в]ышыня. Пасля галоснага перад зычным і пасля галоснага ў канцы слова ён замяняецца губна-губным гукам [ў]: галоўка, траўка, галоў, траваў.
Гукі [ж], [ш], [ž], [ч], [р] у беларускай літаратурнай мове заўсёды цвёрдыя: [жы]віца, [шэ]сце, даж[žы], [ча]тыры, [ра]біна.
Гукі [ž], [z], [z’] — афрыкаты (злітныя); яны вымаўляюцца як адзін гук, які на пісьме абазначаецца дзвюма літарамі, але ад афрыкат трэба адрозніваць спалучэнні літар дж, дз, якія на стыку прыстаўкі і кораня абазначаюць два гукі і вымаўляюцца раздзельна: а[д]-[ж]ыць, па[д]-[ж]аць, па[д]-[ж]ылкі, па[д]-[з’]емны. Афрыката [ž] сустракаецца ў спрадвечна беларускіх словах, пераважна ў дзеясловах і аддзеяслоўных назоўніках, а таксама ў некаторых запазычаных: са[ž]у, са[ž]анец, агаро[ž]аны, агаро[ž]а, [ž]эмпер. Цвёрдая афрыката [z] ужываецца ў некаторых гукапераймальных беларускіх словах і запазычаннях з польскай мовы: [z]ынкаць, [z]вынкаць, пэн[z]аль, нэн[z]а, ксян[z]а, а таксама на стыку слоў перад звонкім зычным: хлопе[z] бы прыйшоў (хлопец бы прыйшоў). Мяккая афрыката [z’] больш пашырана ў беларускай мове: [z’э]ці, [z’а]ліць, бара[z’]ба, каман[z’]ір, [z’у]на.
Гукі [д], [т] пры змякчэнні вымаўляюцца як [z’], [ц’] (дзеканне і цеканне): брыга[д]а — у брыга[z’э], пала[т]а — у пала[ц’э]. У пераважнай большасці запазычаных слоў гукі [д], [т] вымаўляюцца цвёрда: [д]экан, [д]ывізія, [д]элегат, [т]эатр, кры[т]ыка, але: [z’у] шэс, э[ц’у]д, [ц’і]р, [ц’у]ль. Перад мяккім [в’] гукі [д], [т] змякчаюцца і змяняюцца на |z’], [ц’]: ба[ц’]вінне, [ц’]вёрды, змяр[ц’]велы, ча[ц’]вёрты, [z’]веры, [z’]ве. На стыку прыстаўкі і кораня, у прыназоўніках, у формах давальнага і меснага склону назоўнікаў на -тва, -тво перад мяккім [в’] зычныя [д], [т] не памякчаюцца: а[д]весці, па[д]вечар, у Лі[т]ве, у харас[т]ве.
Гукі [з’], [с’], [z’], [ц’] сваім утварэннем адрозніваюцца ад адпаведных парных цвёрдых гукаў [з], [с], [z], [ц]. Пры іх вымаўленні язык прыціскаецца да пярэдняй часткі цвёрдага паднябення, таму яны больш мяккія. Гукі [з], [с] у адпаведнасці з правіламі літаратурнага вымаўлення памякчаюцца перад мяккімі зычнымі і ў словах, і на стыку слоў (асімілятыўнае памякчэнне): [з’]мена, бая[з’]лівы, [з’] дзедам, [с’]ветлы, [с’]мех, [с’] сіняга неба. Перад заднеязычнымі мяккімі [γ’], [г’], [к’], [х’] такога памякчэння не адбываецца: [з]гінацца, [с]кінуць, [с]хіліцца.
Гукі [н], [л] памякчаюцца перад мяккімі [z’], [ц’], [н’], [й]: му[н’]дзір, на фро[н’]це, малі[н’]нік, ка[н’йа]к, насто[л’]нік.
Падоўжаныя зычныя вымаўляюцца як адзін доўгі гук: га[л’:]ё, пыта[н’:]е, збо[ж:]а, узвы[ш:]а.
Звонкія зычныя на канцы слова і перад глухімі вымаўляюцца як глухія, а глухія перад звонкімі — як звонкія: наро[т] (народ), хле[п] (хлеб), яга[т]ка (ягадка), гры[п]кі (грыбкі), ка[з’]ба (касьба), фу[д]бол (футбол).
У спалучэннях шыпячых гукаў са свісцячымі або свісцячых з шыпячымі папярэдні гук прыпадабняецца да наступнага: купае[с’:]я (купаешся), у крыні[ц:]ы (у крынічцы), [ж:]аты (зжаты), пагру[шч]ык (пагрузчык), ра[шч]ысціць (расчысціць), ра[ш:]ыць (расшыць).
Да наступных гукаў прыпадабняюцца [д], [т] у спалучэннях дч, тч, дц, тц, і гэтыя спалучэнні вымаўляюцца адпаведна як [ч:] або [ц:]: перакла[ч:]ык (перакладчык), пераплё[ч:]ык (пераплётчык); у ло[ц:]ы (у лодцы), у пала[ц:]ы (у палатцы). Спалучэнне зск вымаўляецца як [ск]: каўка[ск’]і (каўказскі); спалучэнне дск — як [цк]: грама[цк’]і (грамадскі).
У спалучэннях [кл’], [бл’], [бр], [пр], [рн], [тр], калі імі заканчваецца слова, паміж зычнымі з’яўляецца рэдукаваны (скарочаны) гук [ъ], падобны да [а]: спекта[къл’] (спектакль), ансам[бъл’] (ансамбль), ве[пър] (вепр), зу[бър] (зубр), ме[тър] (метр), го[рън] (горн), у некаторых спалучэннях гэта замацавалася і на пісьме (дзёран).
Спалучэнне чн вымаўляецца так, як пішацца: ру[чн]ы, па[чн]у, сма[чн]ы, але яе[чн]я і яе[шн]я. У словах, якія заканчваюцца спалучэннем [с’ц’], апошні гук вымаўляецца выразна: рада[с’ц’] (радасць), магчыма[с’ц’] (магчымасць), свежа[с’ц’] (свежасць).
Гл. таксама Беларуская фанетыка Арфаграфія беларускай мовы
Крыніцы
Катэгорыя:Беларуская мова