Бабру́йская жано́чая наста́ўніцкая семіна́рыя — сярэдняя спецыяльная навучальная ўстанова ў Бабруйску, якая рыхтавала настаўніц пачатковых народных вучылішчаў.
Гісторыя Семінарыя існавала ў 1916—1919 гадах. Уваходзіла ў склад Віленскай навучальнай акругі, утрымлівалася на сродкі губернскага земства. Пры паступленні аддавалася перавага ўраджэнкам Мінскай губерні. Тэрмін навучання складаў 4 гады. Пры семінарыі было ўзорнае пачатковае вучылішча, дзе выхаванкі праходзілі практыку. У 1916 годзе навучаліся 34 выхаванкі.
Выкладаліся наступныя прадметы: руская мова і літаратура, царкоўнаславянская мова (з 1917 года), матэматыка, фізіка, прыродазнаўства, мінералогія, геалогія, хімія, гісторыя і геаграфія, логіка, псіхалогія і педагогіка, дзіцячае чытанне, методыка выкладання прадметаў, графічныя мастацтвы (чыстапісанне, маляванне, чарчэнне), спевы, музыка, рукадзелле, Закон Божы, сельская гаспадарка, фізічныя практыкаванні і інш. Начальніцай семінарыі была А.Д. Дудзіцкая-Лішына, настаўнікі — І.Д. Акімава, П.І. Ліпінскі, В.І. Рашчанка, Л.М. Фірасевіч і іншыя.
З 1 верасня 1917 года семінарыя рэарганізавана ў сярэднюю педагагічную навучальную ўстанову для асоб абодвух полаў. З кастрычніка 1918 года ўстанова стала пяцікласнай, рыхтавала выкладчыкаў для адзінай працоўнай школы першай ступені. У 1918/1919 навучальным годзе ў семінарыі займалася 193 чалавекі, былі ўведзены новыя прадметы: беларусазнаўства, польская мова, гігіена.
У 1919 годзе семінарыю пераўтварылі ў трохгадовыя педагагічныя курсы.
Крыніцы
Катэгорыя:Колішнія навучальныя ўстановы Беларусі Катэгорыя:Навучальныя ўстановы Бабруйска Катэгорыя:Гісторыя Бабруйска Катэгорыя:Настаўніцкія семінарыі