«Бабру́йск-Арэ́на» — спартыўны комплекс у Бабруйску. З’яўляецца дамашняй пляцоўкай хакейнага клуба «Дынама-Шыннік».

Гісторыя Будаўніцтва комплексу пачалося ў 2006 годзе на тэрыторыі помніка гісторыі і архітэктуры XIX стагоддзя — Бабруйскай крэпасці. Праектную дакументацыю распрацаваў інстытут «Белпрампраект». Генеральным падрадчыкам выступіла РУП «Бабруйскі домабудаўнічы камбінат». Архітэктарамі праекта з’яўляліся М. Гроднікаў (галоўны), А. Нічкасаў, Ю. Даргевіч. Інжынерамі былі А. Перагуд, Н. Слабодчыкава, Л. Лазаковіч, Н. Рушава.

Будаўнічы цыкл, разлічаны на 41 месяц, завяршылі за 20 месяцаў. 31 мая 2008 года адбылося ўрачыстае адкрыццё арэны. 4 верасня 2008 года перад будынкам арэны ўсталявалі скульптуру У. Жбанава «Маленькі хакеіст» паводле праекта М. Гроднікава.

Характарыстыкі і інфраструктура Будынак мае акруглую форму дыяметрам 118,8 метра. Агульная плошча спартыўнага комплексу складае 22 890 кв. м. Умяшчальнасць трыбун для гледачоў — 7151 месца, тры гасцявыя ложы на 10 месцаў кожная і 10 месцаў для інвалідаў-калясачнікаў.

Спартыўны комплекс прызначаны для правядзення спаборніцтваў рознага ўзроўню, трэніровачных заняткаў па хакеі з шайбай, фігурным катанні, шорт-трэку, іншых лядовых відах спорту. Лядовая арэна можа трансфармавацца для спартыўных мерапрыемстваў па гульнявых відах спорту (валейбол, баскетбол, гандбол і інш.), адзінаборствах, цяжкай атлетыцы, гімнастыцы, боксе. Палац можа служыць і сцэнічным комплексам для правядзення канцэртаў і іншых відовішчных мерапрыемстваў. У вольны ад спартыўных мерапрыемстваў час лядовая пляцоўка задзейнічана для масавых катанняў на каньках.

У будынку размяшчаюцца 6 спецыялізаваных раздзявальняў для хакейных камандаў з саўнамі для аднаўленчых працэдур, зала для прэс-канферэнцый і прэс-цэнтр, трэнажорная і харэаграфічная залы, кафэ-бар «Авертайм». Побач з арэнай знаходзіцца атэль «Гасціны дом».

Значныя падзеі На «Бабруйск-Арэне» праводзілася шмат міжнародных спартыўных мерапрыемстваў: юніёрскі чэмпіянат свету па хакеі 2010, маладзёжны чэмпіянат свету па хакеі ў дывізіёне I 2011, маладзёжны чэмпіянат Еўропы па валейболе сярод мужчын 2010 і інш.

23—25 жніўня 2011 года тут праходзілі здымкі фільма «Легенда № 17».

У сценах спартыўнага комплексу праводзяцца ўрачыстыя адкрыцці і закрыцці Міжнароднага фестывалю народнай творчасці «Вянок дружбы».

Крыніцы

Спасылкі Афіцыйны сайт ХК «Бабруйск» Старонка на сайце НАК Беларусі

Катэгорыя:З’явіліся ў 2008 годзе Катэгорыя:2008 год у Бабруйску Катэгорыя:Лядовыя арэны Беларусі Катэгорыя:Спартыўныя збудаванні Беларусі Катэгорыя:Спорт у Бабруйску Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Бабруйска Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Марата Гроднікава Катэгорыя:Будынкі і збудаванні Анатоля Нічкасава