Масці́шкі, таксама Мо́сцішкес () — вёска ў Віленскім раёне Віленскага павета Літвы. Уваходзіць у склад Лаварышкаўскай сянюніі і ёсць яе найбуйнейшым паселішчам. Размешчана за 7 км на поўнач ад Лаварышак і за 30 км на ўсход ад Вільні. За 3 км на паўднёвы ўсход ад вёскі знаходзіцца ландшафтны заказнік Баравікіне.
Гісторыя Назва вёскі (якая да XIX стагоддзя сустракалася таксама як Масцішча) паходзіць ад шматлікіх мастоў, якія калісьці дазвалялі падарожнічаць праз навакольныя балоты. У XIX і ў пачатку XX стагоддзя вёска знаходзілася ў складзе Расійскай імперыі, у Віленскім павеце Віленскай губерні. У той час яна складалася з двух сялянскіх засценкаў, падпарадкаваных сельскай акрузе ў Рубне, якая належала да дзяржаўных маёнткаў у Лаварышках.
У часы Першай сусветнай вайны ў 1915 годзе Масцішкі занялі войскі Германскай імперыі. 25 сакавіка 1918 года згодна з Трэцяй Устаўной граматай вёска абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі С. 19.. У пачатку 1919 года тэрыторыя занята Чырвонай Арміяй С. 20.. З 27 лютага 1919 года — у ЛітБел ССР, у канцы сакавіка занята польскімі войскамі.
З 1920 года паселішча ўваходзіла ў склад Сярэдняй Літвы. У 1922—1939 гадах яно знаходзілася ў складзе Віленска-Троцкага павета Віленскага ваяводства Польскай Рэспублікі. Да 1 красавіка 1927 года належала да гміны Быстрыца, пазней — да гміны Міцкуны. У беларускай гістарыяграфіі землі вядомыя як Заходняя Беларусь. Паводле перапісу 1931 года ў вёсцы пражывалі 24 чалавекі.
З пачаткам Другой сусветнай вайны ў верасні 1939 года вёска была занята савецкімі войскамі. Паводле савецка-літоўскага дагавора аб узаемадапамозе, падпісанага 10 кастрычніка 1939 года, Масцішкі разам з часткай Віленскага краю былі перададзены Літве, з 1940 года знаходзіліся ў складзе Літоўскай ССР. У 1941—1944 гадах тэрыторыя знаходзілася пад акупацыяй Германіі.
У савецкі час Масцішкі з’яўляліся цэнтральнай сядзібай мясцовага калгаса. З 1990 года яны ўваходзяць у склад незалежнай Літвы.
Інфраструктура У вёсцы працуе бібліятэка, паштовае аддзяленне, дзіцячы сад і дзве школы: адна з польскай мовай навучання, другая — з літоўскай. Таксама маецца мураваная капліца Маці Божай Каралевы Сем’яў, перабудаваная з былога калгаснага клуба. У вёсцы ёсць мясцовы футбольны клуб ФК «Масцішкі» і дзейнічае польскі жаночы хор «Масцішчанка».
Насельніцтва
Дэмаграфія Дынаміка колькасці насельніцтва Масцішак:
Моўная сітуацыя і этнаграфія Разам з іншымі паселішчамі на ўсход ад Вільні вёска размешчана ў арэале гістарычнага бытавання беларускіх гаворак, якія сфарміраваліся на беларуска-літоўскім моўным памежжы. Паводле даследаванняў польскага славіста Міраслава Янковяка, мясцовая беларуская гаворка (якую жыхары называюць «простай мовай») на працягу апошніх дзесяцігоддзяў паступова саступае месца польскай, а таксама рускай і літоўскай мовам. Сёння яна захоўваецца пераважна сярод жыхароў старэйшага пакалення. У перыяд з 2008 года даследчыкам былі зроблены аўдыязапісы мясцовай гаворкі ад ураджэнцаў Масцішак.
У ліпені 2007 года Масцішкі сталі адным з пунктаў этнаграфічнай экспедыцыі студэнтаў Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта пад кіраўніцтвам беларускага этнолага Юрыя Внуковіча па даследаванні народнай культуры і ідэнтычнасці Віленшчыны. Даследчыкі запісалі гутаркі з мясцовымі жыхарамі-каталікамі, якія захавалі беларускую гаворку і народныя традыцыі. Былі сабраны багатыя звесткі пра каляндарную і сямейную абраднасць, а таксама зроблены фотаздымкі мясцовай традыцыйнай архітэктуры і побыту (напрыклад, старой драўлянай капліцы, прыдарожнага крыжа, традыцыйных вырабаў і інструментаў). Сярод апытаных інфармантаў з Масцішак былі мясцовыя жыхары Васілеўскія — Юльян Феліксавіч (1946 г.н., які таксама прадэманстраваў самаробныя драўляныя прылады) і яго жонка Ганна Юльянаўна (1969 г.н.), а таксама Казіміра Баляславаўна Васілеўская (1939 г.н.).
Славутасці Капліца Маці Божай Каралевы Сем’яў (мураваная) Старая драўляная капліца (перанесена з селішча Рубна пасля 1957 года)
Галерэя
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Населеныя пункты Віленскага раёна Катэгорыя:Лаварышкаўская сянюнія Катэгорыя:Беларускія гаворкі ў Літве