Уладзімір Сямёнавіч Падаляка () — савецкі і беларускі лёгкаатлет і трэнер, спецыяліст па бегу на сярэднія дыстанцыі. Выступаў на ўсесаюзным узроўні ў 1976—1981 гадах, чэмпіён СССР, былы рэкардсмен свету ў эстафеце 4 × 800 метраў, фіналіст чэмпіянату Еўропы ў Празе. Прадстаўляў Мінск і спартыўнае таварыства «Працоўныя рэзервы». Майстар спорту СССР міжнароднага класа. Трэнер па лёгкай атлетыцы.

Біяграфія Нарадзіўся 1 мая 1956 года.

Лёгкай атлетыкай пачаў занімацца ў Наваполацку, затым пастаянна пражываў у Мінску. Праходзіў падрыхтоўку пад кіраўніцтвам заслужанага майстра спорту і заслужанага трэнера СССР Анатоля Іванавіча Юліна, выступаў за добраахвотнае спартыўнае таварыства «Працоўныя рэзервы».

Упершыню заявіў пра сябе ў сезоне 1976 года, калі ў бегу на 800 метраў стаў чацвёртым на спаборніцтвах у Кіеве.

У 1977 годзе ў той самай дысцыпліне атрымаў перамогу на спаборніцтвах у Падольску.

У 1978 годзе ў 800-метровым бегу перамог усіх сапернікаў на Мемарыяле братоў Знаменскіх у Вільні. На ўсесаюзных спаборніцтвах «Дзень бегуна» у Падольску разам з Мікалаем Кіравым, Анатолем Рашэтняком і Уладзімірам Малаземляным усталяваў сусветны рэкорд у эстафеце 4 × 800 метраў — 7:08.1. Дзякуючы серыі паспяховых выступаў трапіў у асноўны склад савецкай зборнай і атрымаў права абараняць гонар краіны на чэмпіянаце Еўропы ў Празе — у фінале дысцыпліны 800 метраў з асабістым рэкордам 1:46.24 прыйшоў да фінішу пятым. Таксама ў гэтым сезоне адзначыўся выступленнем на чэмпіянаце СССР у Тбілісі, дзе разам з беларускай камандай выйграў бронзавы медаль у эстафеце 4 × 800 метраў.

У 1979 годзе ў бегу на 800 метраў стаў сярэбраным прызёрам на дамашнім зімовым чэмпіянаце СССР у Мінску. На летнім чэмпіянаце краіны ў межах VII Спартакіяды народаў СССР у Маскве атрымаў срэбра ў індывідуальным бегу на 800 метраў і заваяваў залатую ўзнагароду ў эстафеце 4 × 800 метраў.

У 1980 годзе ў дысцыпліне 800 метраў паказаў пяты вынік на Мемарыяле Знаменскіх у Маскве.

У 1981 годзе выйграў 800 метраў на спаборніцтвах у Падольску, перамог у эстафеце 4 × 800 метраў на чэмпіянаце СССР у Маскве.

За выдатныя спартыўныя дасягненні ўдастоены ганаровага звання «Майстар спорту СССР міжнароднага класа».

Пасля завяршэння спартыўнай кар’еры заняўся трэнерскай дзейнасцю, працаваў у Рэспубліканскай школе вышэйшага спартыўнага майстэрства ў Мінску, займаў пасаду старэйшага трэнера нацыянальнай зборнай Беларусі па скачках і па эстафетным бегу. Сярод яго выхаванцаў такія лёгкаатлеты як Ганна Кацянкова, Сяргей Сабалеўскі, Таццяна Булойчык, Аляксандр Козіч, Аляксей Лазараў.

З 2023 года — настаўнік фізічнай культуры ў Каладзішчанскай сярэдняй школе № 1.

Крыніцы

Катэгорыя:Майстры спорту СССР міжнароднага класа Катэгорыя:Чэмпіёны СССР па лёгкай атлетыцы Катэгорыя:Бегуны на сярэднія дыстанцыі СССР Катэгорыя:Лёгкаатлеты Беларусі