Пянькоўская культура — археалагічная культура славянскіх плямён, якія ў V—VII ст. насялялі тэрыторыі лесастэпавага памежжа ад Ніжняга Падунаўя на захад да Северскага Данца на ўсход. Назва ад паселішча каля в. Пянькоўка ў Палтаўскай вобласці (Украіна).
Асноўныя заняткі насельніцтва — земляробства і жывёлагадоўля. Найбольш пашыраны тып помнікаў — неўмацаваныя селішчы плошчай 1,5 — 2 га. Насельніцтва жыло ў паўзямлянках зрубнай ці каркаснай канструкцыі плошчай ад 4,75 да 25 м², паглыбленых у грунт на 0,6 — 1,8 м, з каменна-глінянымі агнішчамі ці печамі-каменкамі. Пахавальны абрад — трупаспаленне па-за межамі могілак, трапляюцца пахаванні ў урнах; знойдзены гаршкі, бронзавыя трапецападобныя і спіральныя падвескі, пранізкі, абпаленыя шкляныя пацеркі і інш.
Носьбітамі Пянькоўскай культуры лічаць вядомых па пісьмовых крыніцах антаў.
Літаратура
Катэгорыя:Археалагічныя культуры Украіны