Зыгмунт Юндзіл (; ) — віленскі і эміграцыйны палітык, краёвец, юрыст.
Біяграфія Сын вядомага віленскага лекара Гіпаліта Юндзіла і Марыі, народжанай Тапліцкай.
У 1908 годзе ажаніўся з Марыяй Наімскай.
У 1898 годзе Юндзіл закончыў гімназію ў Вільні і пачаў вучобу ў Лазараўскім інстытуце ўсходніх моў у Маскве. Аднак ён вучыўся там толькі адзін год, а ў 1899 годзе перавёўся на філалагічны факультэт Імператарскага Варшаўскага ўніверсітэта. У 1900 годзе зноў змяніў напрамак навучання і паступіў на юрыдычны факультэт таго ж універсітэта. Юрыдычную вучобу ён у канчатковым выніку завяршыў не ў Варшаве, а ў Кіеве, і прысвяціў сваю кандыдацкую дысертацыю ў галіне грамадзянскага права пытанню валодання. У 1908 годзе ён быў прызначаны ў акруговы суд Варшавы ў якасці кандыдата на пасады суддзі. Пасля двух гадоў працы ў Варшаўскім судзе ён вярнуўся ў Вільню, дзе рыхтаваўся стаць адвакатам, і ў рэшце рэшт, у 1912 годзе, стаў прысяжным адвакатам.
Напярэдадні выбуху Першай сусветнай вайны, у 1913—1914 гадах, Юндзіл працаваў сакратаром інфармацыйнага бюро Кола дэпутатаў ад Літвы і Беларусі ў Думе.
У пачатку вайны ён як сакратар актыўна далучыўся да дзейнасці Віленска-Ковенскага грамадзянскага камітэта. Камітэт складаўся з літоўцаў, палякаў, беларусаў (з боку беларусаў — В. Ластоўскі, А. і І. Луцкевічы, А. Заштаўт) і яўрэяў і быў прыняты практычна ўсімі нацыянальнымі палітычнымі партыямі. Гэтая арганізацыя павінна была выконваць двайную ролю: з аднаго боку, яна павінна была быць дабрачыннай установай, а з другога — складаць палітычнае прадстаўніцтва нацыянальнасцей, якія насялялі гэтую тэрыторыю. Паводле З. Юндзіла, гэта структура спыніла сваё існаванне па віне польскіх сяброў камітэту, якія спрабавалі выкарыстаць атрыманыя сродкі на дабрачыннасць толькі для патрэбаў польскай грамадскасціСмалянчук Алесь. Паміж краёвасцю і нацыянальнай ідэяй. Польскі рух на беларускіх і літоўскіх землях, 1864 — люты 1917 г., Санкт-Пецярбург: Неўскі прастор, 2004..
Затым Юндзіл уключыўся ў дзейнасць Польскага камітэта ў Вільні, які, у адрозненне ад Грамадзянскага камітэта, быў палітычным прадстаўніцтвам толькі літоўскіх палякаў у адносінах да нямецкіх акупацыйных уладаў.
Быў шчыльна звязаны з асяроддзем краёўцаў дэмакратычна-ліберальнай арыентацыі. Сцвярджаў, што палякі павінны былі прызнаць правы літоўцаў і беларусаў і выступіць як роўны партнёр у культурным і палітычным жыцці.
Браў удзел у перамовах польскага боку з літоўскай дэлегацыяй 30 снежня 1918 году, але паколькі літоўцы настойвалі на прызнанні Польшчай літоўскай дзяржавы са сталіцай у Вільні, то перамовы скончыліся безвыніковаMackiewicz, Marta, 2012. Wilno – kwestia sporna : dyplomacja II RP wobec polityki rządu kowieńskiego w latach 1918–1920 . 2012. Wrocław: Wydział Prawa, Administracji i Ekonomii Uniwersytetu Wrocławskiego.
У 1919 годзе Юндзіл заняў пасаду чыноўніка ў юрыдычным аддзеле Міністэрства рэлігійных канфесій і народнай адукацыі, і адначасова прыняў актыўны ўдзел у перамовах, ініцыяваных Ромерам з прадстаўнікамі літоўскага ўрада адносна стварэння польска-літоўскай федэрацыі.
Юндзіл разам з Міхалам Ромерам і Юзафам Лукомскім уваходзіў у склад неафіцыйнай польскай дэлегацыі, накіраванай Юзафам Пілсудскім у Коўна ў красавіку 1919 года, якая павінна была прапанаваць літоўскаму ўраду аднаўленне Вялікага Княства Літоўскага. Як вядома, гэтая місія скончылася няўдачай, бо літоўскі ўрад рашуча адхіліў ідэю федэрацыі.
Адмовіўся ад прапановы Вітольда Абрамовіча заняць пасаду палітычнага дарадцы Люцыяна Жалігоўскага, палічыўшы заняцце Вільні войскамі Жалігоўскага актам гвалту.
Выкладаў ва Універсітэце Стэфана Баторыя. Пастановай Савета факультэта права і сацыяльных навук ад 27 ліпеня 1921 г. быў прызначаны намеснікам прафесара на вакантную пасаду кафедры прыватнага права на 1921/1922 навучальны год. 1 кастрычніка 1921 г. узначаліў першую кафедру грамадзянскага права. У снежні 1928 года Юндзіл сышоў з пасады намесніка прафесара кафедры грамадзянскага права ўсходніх зямель. Вярнуўся да выкладання ва ўніверсітэце ў 1934 годзе пасля больш чым пяцігадовага перапынку.
Акрамя выкладчыцкай дзейнасці, Юндзіл займаўся і арганізацыйнай дзейнасцю ва ўніверсітэце. У 1927 годзе стаў прэзідэнтам універсітэцкага Навуковага фонду імя Уладзіслава і Яніны Умястоўскіх. Яго прызначэнне на гэтую адказную пасаду азначала ўзяцце на сябе складанай задачы па аднаўленні фінансаў фонду. Супольна з Зыгмунтам Рушчыцам сельскагаспадарчая школа ў Жамыслаўлі была адноўлена Юндзілам і пачала даваць добрыя вынікі.
Таксама ўдзельнічаў у стварэнні Навукова-даследчага інстытута Усходняй Еўропы ў Вільні, быў выкладчыкам у Школе палітычных навук у Вільні, якая арганізацыйна была звязана з Інстытутам.
Актыўна ўдзельнічаў у структурах Нацыянальнай кансерватыўнай партыі, а пазней далучыўся да Беспартыйнага блока за супрацоўніцтва з урадам. У 1928—1933 гадах быў членам Віленскага гарадскога савета, а на выбарах 1930 года быў абраны сенатарам, і гэту пасаду займаў да канца трэцяга тэрміну Сената ў 1935 годзе. У Сенаце ён уваходзіў у склад канстытуцыйнага, прававога і рэгламентнага камітэтаў.
У 1930-я гады быў членам Кадыфікацыйнай камісіі, падкамісіі спадчыннага права.
Аднак асноўнай сферай прафесійнай дзейнасці Юндзіла была адвакацкая дзейнасць. Кіраваў уласнай юрыдычнай фірмай у Вільні і ўдзельнічаў у працы прафесійнага самакіравання, быў членам Савета адвакатаў. Ён таксама неаднаразова абіраўся ў Вышэйшую раду адвакатаў, апошні раз на тэрмін 1938—1939 гадоў.
У эміграцыі Пасля заняцця Вільні літоўскімі войскамі ў кастрычніку 1939 года Юндзіл застаўся ў горадзе і далучыўся да дзейнасці Польскага камітэта ў Вільні, які быў неафіцыйным прадстаўніцтвам польскага насельніцтва перад літоўскімі ўладамі. Вільню пакінуў у 1940 годзе пасля ўваходу у Літву Чырвонай Арміі, асцерагаючыся арышту. У 1944 годзе ён прабраўся ў Італію. У 1945—1947 гадах ён жыў у Францыі ў у замку Мантрэзор, які належаў Браніцкім, а таксама ў Парыжы. Пазней разам з сям’ёй пераехаў у Лондан.
У гэтым горадзе Зыгмунт Юндзіл уключыўся ў грамадска-палітычнае жыццё польскай эміграцыі. Быў звязаны з Акадэмічнай супольнасцю Універсітэта Стэфана Баторыя — аб’яднаннем выкладчыкаў, выпускнікоў і былых студэнтаў віленскага ўніверсітэта, якое з’яўлялася яго сімвалічным працягам у эміграцыі. Таксама дзейнічаў у Саюзе паўночна-ўсходніх земляў. Не адмовіўся ён і ад навуковай дзейнасці: у 1950—1953 гадах займаў пасаду прафесара польскага права ў Польскім універсітэце ў эміграцыі. Ён таксама чытаў публічныя лекцыі, прысвечаныя, сярод іншага, гісторыі мастацтва і літаратуры.
Прэзідэнт Аўгуст Залескі прызначыў яго суддзём польскага Грамадзянскага суда ў Лондане. Гэты суд, хоць паводле брытанскага права дзейнічаў як ганаровы і пасяродніцкі, меў быць намесніцтвам польскага правасуддзя, якое функцыянавала ў рамках урада ў выгнанні. 16 красавіка 1951 года З. Юндзіл быў абраны Агульным сходам Грамадзянскага суда ў Лондане для вынясення рашэнняў у апеляцыйным складзе і працаваў у ім аж да смерці — да 1953 года.
Пахаваны на могілках Ealing Borough (South Ealing Road) у Лондане (2 L BB).
Беларускія пераклады
«Трагедыя ідэі» (Анталогія краёвай ідэі канца ХІХ — пачатка ХХ стагоддзя)
Крыніцы
Катэгорыя:Выпускнікі Імператарскага Варшаўскага ўніверсітэта Катэгорыя:Адвакаты Катэгорыя:Выкладчыкі Віленскага ўніверсітэта Катэгорыя:Краёўцы