Усевалад Аляксандравіч () — князь холмскі (1339—1365), вялікі князь цвярскі (1346—1349); родапачынальнік князёў холмскіх. Швагер вялікага князя літоўскага Альгерда.

Біяграфія З цвярскіх Рурыкавічаў. Сын Аляксандра Міхайлавіча. Старэйшы брат Міхаіла Аляксандравіча

Дзяцінства правёў у Пскове, дзе жыў разам з іншымі членамі сям’і Аляксандра Міхайлавіча пасля падаўлення Цвярскога паўстання (1327). У 1337 годзе разам з бацькам і братамі вярнуўся ў Цвер. У 1339 г. пасля гібелі ў Ардзе бацькі і старэйшага брата Фёдара стаў на чале Холмскага княства.

У 1346 г. падчас канфлікту з дзядзькам, вялікім князем цвярскім Канстанцінам Міхайлавічам, які настойваў на зборы павышанай даніны з баяраў і слуг дзяцей Аляксандра Міхайлавіча, выступіў у саюзе са сваёй маці — княгіняй Анастасіяй і братамі. Абодва князі адправіліся ў Арду на суд хана Джанібека, падчас цяжбы князь Канстанцін Міхайлавіч памёр.

У гэтай сітуацыі хан Джанібек перадаў ярлык на цвярское княжанне Усеваладу Аляксандравічу. Аднак даведаўшыся пра смерць Канстанціна Міхайлавіча, у барацьбу за ўладу ў Цвярскім княстве ўступіў малодшы з сыноў Міхаіла Яраславіча, кашынскі князь Васіль Міхайлавіч. Ён даслаў у Холмскае княства сваіх даншчыкаў і, сабраўшы даніну, паехаў у Арду да хана Джанібека. Ужо пакінуўшы стаўку хана, Усевалад Аляксандравіч даведаўся пра паездку свайго дзядзькі ў Арду. У г. Бездзеж (існуюць розныя лакалізацыі ў Сярэднім або Ніжнім Паволжы) Усеваладу Аляксандравічу разам з ханскім паслом удалося перахапіць Васіля Міхайлавіча і адабраць у яго ардынскі выхад. У 1348 г. хан Джанібек паўторна аддаў ярлык на Цвярское княства Усеваладу Аляксандравічу, аднак гэтае рашэнне зноў выклікала пярэчанні з боку Васіля Міхайлавіча. У 1349 г. канфлікт, які пагражаў перарасці ў ваеннае сутыкненне, быў уладжаны пры пасрэдніцтве епіскапа Цвярскога Феадора II. У выніку Усевалад Аляксандравіч саступіў цвярское княжанне дзядзьку.

Пасля атрымання Васілём Міхайлавічам ярлыка на Цвярское княства (1352) яго даншчыкі сталі патрабаваць ва Усевалада Аляксандравіча ардынскі выхад. Адной з нагод да абвастрэння канфлікту з’яўлялася жаданне Васіля Міхайлавіча кампенсаваць рабаванне ў Бездзежы. Ад яго дзеянняў пацярпелі найперш баяры і слугі холмскага князя.

Становішча ў Цвярскім княстве зноў ускладнілася ў 1357 годзе, калі Усевалад Аляксандравіч звярнуўся па дапамогу да мітрапаліта Кіеўскага і ўсяе Русі Аляксея, які прыехаў ва Уладзімір. У сваю чаргу, Васіль Міхайлавіч атрымаў падтрымку з боку вялікага князя маскоўскага Івана II Іванавіча. Перамовы ва Уладзіміры паміж варагуючымі бакамі пры ўдзеле мітрапаліта Аляксея і епіскапа Цвярскога Феадора II не прывялі да міру. Больш за тое, калі ў тым жа годзе, у сувязі са зменай улады ў Ардзе, Васіль Міхайлавіч і Усевалад Аляксандравіч адправіліся да новага хана Бердыбека, масквічы не пусцілі холмскага князя далей за Пераслаўль-Залескі, і яму прыйшлося дабірацца ў Арду праз літоўскія землі.

Вярнуўшыся з Арды ў 1358 г., Васіль Міхайлавіч адправіў пасланцаў са скаргай на Усевалада Аляксандравіча да хана. Прадстаўленыя абвінавачанні былі пераканаўчымі, і хан Бердыбек без суда выдаў вялікаму князю цвярскому пляменніка, які знаходзіўся ў Ардзе. Меркавана, адной з галоўных прычын такога рашэння паслужылі сувязі Усевалада Аляксандравіча з Вялікім Княствам Літоўскім, паколькі вялікі князь літоўскі Альгерд быў жанаты другім шлюбам з роднай сястрой Усевалада Аляксандравіча Ульянай.

Пасля выдачы Усевалада Аляксандравіча людзі вялікага князя цвярскога спаганялі велізарную даніну з жыхароў Холмскага княства (у тым ліку з уладанняў малодшых братоў Усевалада Аляксандравіча Міхаіла, Уладзіміра і Андрэя), за кошт якой Васіль Міхайлавіч спрабаваў пакрыць выдаткі, панесеныя ў Ардзе. У гэтай сітуацыі Усевалад Аляксандравіч у 1359 г. з’ехаў у ВКЛ, адкуль вярнуўся з дапамогай ад Альгерда.

Атрыманая падтрымка спрыяла прымірэнню ў 1360 годзе Усевалада Аляксандравіча з дзядзькам. У 1361 годзе зноў ездзіў у Арду, відаць, для дастаўкі ардынскага выхаду. Пасля гэтага вядучая палітычная роля сярод сыноў Аляксандра Міхайлавіча перайшла да малодшага брата Усевалада Аляксандравіча мікулінскага князя Міхаіла Аляксандравіча. Згаданы ў даравальнай грамаце цвярскому мужчынскаму манастыру (1362–1364), выдадзенай ад імя ўсіх князёў Цвярскога княства.

Памёр у разгар эпідэміі чумы ў Цвярскім княстве.

Быў жанаты з Сафіяй (пам. у лістападзе-снежні 1365 або ў пачатку студзеня 1366), паходжанне якой невядома.

Крыніцы

Катэгорыя:Князі холмскія Катэгорыя:Князі цвярскія