Заходнябалцкая культура — археалагічная культура заходніх балтаў (I—V ст. н.э.), якая сфарміравалася на аснове культуры заходнябалцкіх курганоў.

Старажытнасці распаўсюджаны на тэрыторыі сучаснай Калінінградскай вобласці Расіі, на захадзе Літвы, паўночным усходзе Польшчы, часткова на захадзе Беларусі. Пачала вывучацца нямецкімі археолагамі ў XIX ст.

Характэрны грунтовыя і курганныя (для судаўскай і занёманскай груп) пахаванні, якія выконваліся па абрадах трупалажэння (I—II ст. для самбійскай, III—IV ст. для судаўскай груп) і трупаспалення. Для магіл часта выкарыстоўвалі каменныя канструкцыі (абставы, скрыні, абкладкі). У пахавальны інвентар уваходзілі ўпрыгажэнні, узбраенне, прылады працы. Існавала традыцыя пахавання побач з памерлымі коней. Існуюць «княжацкія» пахаванні — багатых мужчын з коньмі.

У складзе заходнябалцкай культуры вылучаюцца 8 лакальных груп (часам некаторыя даследчыкі адносяць іх да асобных культур). Асобныя групы можна суаднесці з рознымі народнасцямі ці плямёнамі (куршамі, прусамі, галіндамі, судзінамі, яцвягамі). Гэта насельніцтва вядома па пісьмовых крыніцах з I—II ст., пасля V ст. змянілася іншымі культурамі (пруская, ольштынская, каменных курганоў), якія былі звязаны з раннесярэднявяковымі народнасцямі гэтых мясцін.

Літаратура А. М. Мядзведзеў. Заходнябалцкая культура // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя. У 2 т. Т. 1. — Мінск, 2009.

Катэгорыя:Археалагічныя культуры Беларусі Катэгорыя:Археалагічныя культуры Літвы Катэгорыя:Археалагічныя культуры Польшчы Катэгорыя:Археалагічныя культуры Расіі Катэгорыя:Балты