Каля в. Нача (Воранаўскі раён) выяўлены старажытныя стаянкі, паселішчы, могільнікі.

Гісторыя вывучэння Пачатак археалагічных даследаванняў паблізу Начы адносіцца да 1820 года, калі ў час земляных работ каля вёскі было разбурана старажытнае пахаванне, у якім знайшлі каменную свідраваную сякеру. У 1880—1920-я гады Вандалін Шукевіч выявіў 8 помнікаў у ваколіцах вёскі. З яго публікацый вядома пра каменныя сякеры, трохвугольныя наканечнікі стрэл, ляпную кераміку са шнуравымі адбіткамі, нарэзкамі і лінейным штампам. Ваколіцы вёскі абследавалі ў 1960-я гады М. М. Чарняўскі, у 1974 годзе А. Р. Мітрафанаў, у 1997-98 гады В. Л. Лакіза.

Могільнік Могільнік за 1-1,2 км на паўднёвы ўсход ад вёскі, ва ўрочышчы Ланкішкі выявіў і даследаваў В. Шукевіч. На плошчы 3600 м² знойдзена 81 пахаванне і 7 агнішчаў для крэмацыі памерлых, некаторыя ямы прыкрываліся камянямі, каменнымі плітамі ці буйнымі каменнымі выбрукоўкамі. В. Шукевіч аднёс могільнік да неаліту, падкрэсліўшы, што ў агульнаеўрапейскім разуменні гэта быў ужо бронзавы век, а некаторыя пахаванні з'явіліся і ў жалезным веку (хоць у раскапаных магілах не знойдзена металу).

У 1998 годзе В. Лакіза апісаў 3 пахаванні па абраду трупаспалення. На адным з іх меліся сляды драўлянага перакрыцця і каменнай выбрукоўкі. Знойдзены крамянёвыя адшчэпы і свідраваныя сякеры. Адносіцца да позняга перыяду бронзавага веку і пачатку жалезнага веку.

Паселішча і могільнік

Старажытная стаянка знаходзіцца за 0,3 км на паўночны захад ад вёскі, на дзюне, пасярод шырокай затарфаванай поймы ракі Начы. Адкрыў у пачатку ХХ ст. В. Шукевіч, абследаваў у 1967 г. М. Чарняўскі. Культурны пласт 0,6 м. Раскопкі не праводзіліся. Сярод знаходак крамянёвыя вырабы і фрагменты прафіляваных ляпных пасудзін з заштрыхаванымі паверхнямі.

У 1998 годзе В. Лакіза даследаваў 18 м². Былі выяўлены 4 ямы, запоўненыя чорным гумусавым пяском з вугольчыкамі, перапаленымі косткамі, абломкамі керамікі. Меркавана, гэта рэшткі як гаспадарчых ям, так і пахаванняў з крэмацыяй.

Помнік датуецца канцом III тысячагоддзя да н.э. — пачаткам I тысячагоддзя да н.э. адносіцца да позняга неаліту (кола культуры шнуравой керамікі), позняга бронзавага веку і ранняга перыяду жалезнага веку. Могільнік магчыма датаваць I тысячагоддзем да н.э. і аднесці да культуры заходнябалтыйскіх курганоў (група тыпу Нача). Ва ўрочышчы жыццё працягвалася і ў Сярэдневякоўі.

Літаратура В. Л. Лакіза, А. М. Мядзведзеў. Нача // Археалогія Беларусі: энцыклапедыя. У 2 т. Т. 2. — Мінск, 2011.

Спасылкі heritage.gov.by

Катэгорыя:Археалагічныя аб’екты Воранаўскага раёна Катэгорыя:Нача (Воранаўскі раён)