Пустаўшчы́на, або зямля́ пустаўска́я — у канцылярскай і актавай тэрміналогіі Вялікага Княства Літоўскага ў канцы XV — першай палове XVI стагоддзяў зямельны надзел або тэрыторыя, з якіх не паступала феадальная рэнта (падаткі) на карысць землеўладальніка або землетрымальніка. Тэрмін меў шырокае юрыдычнае значэнне і мог ахопліваць як фізічна пакінутыя і незаселеныя землі, гэтак і тэрыторыі, якія ўжо апрацоўваліся новымі сялянамі, але часова не прыносілі даходу феадалу.
Тэрміналогія і гістарыяграфія У справаводчай практыцы Вялікага Княства Літоўскага гэтае паняцце пачало шырока выкарыстоўвацца з часоў кіравання вялікага князя Казіміра Ягайлавіча. У дакументах сустракаюцца такія варыянты тэрміна, як «пустовъщина», «земля пустовская», «земля пустая», «землица пустовская». У аналагічных лацінамоўных актах выкарыстоўваліся дэфініцыі «solitudinis» і «terra deserta». У традыцыйнай гістарыяграфіі пераважная частка даследчыкаў (Мацвей Любаўскі, Мітрафан Доўнар-Запольскі, Міхаіл Спірыдонаў, Андрэй Мяцельскі) разумела пад «пустаўшчынай» выключна сялянскі надзел, які ў выніку пэўных абставін застаўся без селяніна, што ім карыстаўся. Некаторыя гісторыкі, напрыклад, Андрэй Блануца, асацыявалі пустаўшчыну з землямі, якія ўвогуле не выкарыстоўваліся ў сельскагаспадарчым звароце. Згодна з класіфікацыяй Валерыя Мянжынскага і Алега Дзярновіча, пад гэтай дэфініцыяй маглі разумецца: пустое незасеянае поле; неўрадлівая зямля; недагледжаная, часова пакінутая зямля. Аднак сучасны аналіз Метрыкі ВКЛ паказвае, што юрыдычны сэнс тэрміна быў значна шырэйшым і грунтаваўся найперш на падатковым статусе тэрыторыі.
Прычыны з’яўлення і характарыстыка Вельмі часта пустаўшчына вызначалася паводле адсутнасці спадчыннікаў або невыканання служб і неаплаты данін з надзелаў. Часта гэтыя дзве прычыны фігуравалі ў дакументах разам, утвараючы ўстойлівыя канцылярскія формулы. Напрыклад, у Метрыцы сустракаюцца запісы: «…что жъ тые земли пусты а служобъ и дачокъ намъ з них на тотъ час нетъ, а отчычы тых земль розышли ся прочь…» або «…што жь тыи землицы пусты давно лежать, а службы с них никоторое нет, бо деи наследка никакого нетъ…».
Прычынамі пуставання маглі быць як непасільна высокі памер феадальнай рэнты, так і фізічная страта глебай урадлівасці. Апошняе нярэдка з’яўлялася прамым наступствам выкарыстання сістэмы трохполля без належнай колькасці ўгнаенняў. У выпадку збегу або смерці селяніна спадчыннік часта адсутнічаў у выніку няпоўнай змены пакаленняў: такая дэмаграфічная з’ява была шырока вядома ў тагачаснай Еўропе. Акрамя таго, існуюць шматлікія звесткі пра апусташэнне зямель праз ваенныя дзеянні.
Юрыдычны крытэрый Разам са звесткамі пра фізічна пакінутыя землі, у актах Метрыкі сустракаюцца згадкі пра тэрыторыі, якія фігуравалі як «пустыя» або «пустаўшчыны», але ў той жа час ужо былі заселеныя людзьмі і актыўна апрацоўваліся ў сельскай гаспадарцы. Гэта тлумачыцца тым, што апусцелыя землі працягвалі лічыцца «пустаўшчынамі» пэўны час нават пасля іх паўторнага засялення і загаспадарання, калі з іх яшчэ не выплачваўся падатак. Такім чынам, адзіным універсальным і падставовым крытэрыем, паводле якога ў канцылярыі Вялікага Княства Літоўскага зямельны надзел лічыўся «пустаўшчынай», было непаступленне з яго феадальнай рэнты на карысць феадала. Пад гэтае азначэнне часам падпадалі і землі, якія раней наогул ніколі не выкарыстоўваліся ў сельскагаспадарчым звароце. Напрыклад, у дакументах згадваецца, што Мітка Фёдаравіч на атрыманых ад вялікай княгіні Алены «землях пустаўскіх» пабудаваў двор і зрабіў раллю. У дакументах за 1522 год згадваюцца «тры землі пустаўскія» ў Слонімскім павеце, пра якія асобна ўдакладняецца, што яны «не пад пушчай». Гэта ўскосна сведчыць пра тое, што іншыя «пустаўшчыны» маглі знаходзіцца непасрэдна пад пушчай, гэта значыць з'яўляліся некранутымі тэрыторыямі.
Зыходзячы з архіўных даных, у актавай тэрміналогіі ВКЛ канца XV — сярэдзіны XVI стагоддзяў пад пустаўшчынамі разумеліся тры асноўныя тыпы зямель. Па-першае, гэта была часова пакінутая зямля, што магло адбыцца ў выніку дэградацыі якасцяў глебы, непасільнага памеру феадальнай рэнты, смерці селяніна або ваенных спусташэнняў. Па-другое, статусам пустаўшчыны валодаў зямельны надзел, які пасля апусташэння ўжо быў заняты новымі сялянамі, што яго апрацоўвалі, але пакуль не плацілі рэнту землеўладальніку. Па-трэцяе, так называлі цалкам незагаспадараныя раней або даўно пакінутыя тэрыторыі, якія працяглы час не выкарыстоўваліся ў гаспадарцы.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Сельская гаспадарка Вялікага Княства Літоўскага Катэгорыя:Эканоміка Вялікага Княства Літоўскага