Пасольства вялікага князя Альгерда да хана Джанібека — першая вядомая дыпламатычная місія Вялікага Княства Літоўскага да хана Залатой Арды, ініцыяваная вялікалітоўскім бокам у 1348 годзе. Ключавы момант геапалітычнай гульні за ўплыў на землі былой дзяржавы Рурыкавічаў і за Галіцка-Валынскую спадчыну.

Прадумовы Сітуацыя 1340-х гадоў у рэгіёне вызначалася зменай уладароў і абвастрэннем тэрытарыяльных спрэчак. Смерць вялікага князя Гедзіміна і хана Узбека ў канцы 1341 года пачала новы этап у адносінах Вялікага Княства Літоўскага і Залатой Ардой . Таксама памірае яшчэ адна ключавая асоба — кіеўскі князь Фёдар, брат Гедзіміна, ВКЛ часова страчвае ўплыў у Кіеве. У самім ВКЛ адбылася міжусобіца, пасля чатырох гадоў уладарства Яўнута, у 1345 годзе Кейстут зганяе яго з велікакняжацкага стальца і перадае ўладу Альгерду. Яўнут уцёк у Маскву, а, магчыма, яго саюзнік Нарымонт — непасрэдна ў Арду да хана Джанібека .

Уладу Залатой Арды над рэгіёнам аслабляў шэраг фактараў. Ключавую ролю адыграў разгром татарскага эміра Атламоша венгерскімі войскамі пад камандаваннем трансільванскага ваяводы Андраша ў 1345 годзе . Ударам стала маштабная эпідэмія чумы 1346—1347 гадоў («Чорнай Смерці»), якая ахапіла Крым і суседнія рэгіёны . Нарымонт, які вярнуўся ў ВКЛ у пачатку 1347 года, імаверна, прывёз звесткі пра аслабленне Арды эпідэміяй і няўдачамі ў Крыме .

Адносіны Вільні з Масквой перад 1348 годам былі напружанымі з прычыны вялікалітоўскага ўплыву на Ноўгарад, Пскоў, Цвер і Смаленск, якія вялікі князь Сямён Горды лічыў абшарам свайго кантролю . У 1345—1346 гадах ВКЛ часова страціла пазіцыі ў Смаленску, а таксама Пскоў і Ноўгарад . Паход Альгерда на ноўгарадскія землі ў 1346 годзе быў успрыняты Масквой як напад на «цароў (ханскі) улус», а ўнікальныя роднасныя сувязі вялікага князя Сямёна з ханскім домам давалі яму перавагі ў дыпламатычнай барацьбе супраць ВКЛ у Сарай-Берке .

На заходніх і паўднёвых межах сітуацыя заставалася хісткай. З Польскім каралеўствам захоўваўся неафіцыйны нейтралітэт, аднак кароль Казімір III пастаянна выказваў прэтэнзіі на Галічыну і Валынь . Скарыстаўшыся распадам Галіцка-Валынскага княства, Альгердавічы замацаваліся на Валыні пры падтрымцы мясцовай арыстакратыі: Любарт Гедымінавіч узяў шлюб з дачкой мясцовага ўладара (імаверна, Данілы Астрожскага) . Дзейнасць Любарта і Карыятавічаў на Валыні наблізіла абшар вялікалітоўскага ўплыву шчыльна да Падольскай зямлі, што стала штуршком да жорсткай барацьбы за гэтыя тэрыторыі паміж ВКЛ, Польшчай, Венгрыяй і Залатой Ардой. Адначасова з гэтым Тэўтонскі ордэн актывізаваў рэйзы, 2 лютага 1348 года ВКЛ пацярпела цяжкае паражэнне ў бітве на рацэ Стрэве .

Склад пасольства Пасольства 1348 года вызначалася надзвычай высокім статусам удзельнікаў, што падкрэслівала важнасць місіі. Летапісы даюць пералік паслоў такім чынам, што даследчыкі бачаць там як чатырох, так і трох, і двух асоб — розныя спісы пачынаюць пералік як «Міхаілам Карыятам», «Міхаілам і Карыятам» і «Карыятам і Міхаілам» (ад ранейшых спісаў да пазнейшых).

Звычайна лічаць, што ўзначальваў пасольства князь Карыят Гедзімінівіч, брат вялікага князя Альгерда, 40-43 гадоў узростам, які з 1329 года валодаў Наваградкам. Такім чынам, Карыят першым з уладарнай дынастыі ўзначальваў бы афіцыйную місію ў Арду.

Юзаф Пузына, на грунце запісу ў Лаўрышаўскім евангеллі, адзначыў, што Карыят у хрышчэнні быў Міхаілам і выказаў гіпотэзу, што летапіснае «Міхаіла Карыяда» — не дзве асобы, а адна. Таксама Пузына лічыў, што сам Міхаіл-Карыят ў Арду не ездзіў, пасламі былі толькі Сямён Свіслацкі і Айкша — яго дзеці («чада»). Страчанае слова «чада» толькі гіпотэза Пузыны, абгрунтаваная тым, што вызваленае пасольства летапіс называе «Карыятавы чада» . Алег Ліцкевіч часткова пагаджаецца з такой гіпотэзай, але з уласнай інтэрпрэтацыяй, на яго думку, і праўда мог быць адзін Міхаіл-Карыят і ён узначальваў пасольства, а магчыма прапушчанае «чада» адносілася толькі да Сямёна Свіслацкага.

Тыя хто не прымаў версію Пузыны пра тоеснасць Міхаіла і Карыята, прапаноўвалі іншыя атаясненні князя Міхаіла. На думку Юзафа Вольфа, ён мог быць Нарымонтавічам, аднак сучасныя даследчыкі не бачаць трывалых доказаў існавання такой асобы (гл. Васіль Нарымонтавіч). На думку Уладзіслава Гулевіча, князя Міхаіла немагчыма ні з кім надзейна атоесніць.

Князя Сямёна Свіслацкага крыніцы болей не згадваюць, у даследчыкаў няма і пэўнага меркавання якой Свіслаччу ён валодаў — каля Гродна або каля Менска, а таксама быў ён уладарным або служылым князем. Юзаф Пузына звязваў яго са Свіслаччу ў Ваўкавыскім павеце і лічыў, імаверна, старэйшым сынам Карыята. Таксама і Ян Тэнгоўскі адносіў яго да сыноў Карыята. Паводле Юзафа Вольфа ён мог быць сынам Нарымонта.

Айкша — таксама дыскусійная асоба пасольства. Юзаф Пузына лічыў яго яшчэ адным сынам Карыята , але сукупнасць ускосных звестак хутчэй за яго баярскі статус.

Ход падзей У летапісах пасольства згадана пад 6856 (Рагожскі летапісец) або 6857 (Траецкі летапіс) гадамі. Уладзіслаў Гулевіч датуе ад’езд пасольства з ВКЛ пачаткам 1348 года (сакавіцкага стылю), бо вялікі князь Сямён Іванавіч сам вярнуўся з Арды ў Маскву паміж 1 сакавіка і 25 мая і ў стаўцы хана з літвінамі не сустрэўся, а шлях з Арды ў Маскву займаў каля месяца. Імаверна, паслы прыбылі ў стаўку Джанібека (пэўна не вядома, дзе яна была тым часам, магчыма, на Паўночным Каўказе ў мясцовасці Біш-Даг) у красавіку або пачатку мая 1348 года.

Мэтай пасольства, паводле летапісаў, была просьба Альгерда да хана пра ваенную дапамогу («рати себѣ въ помочь»), ранейшыя летапісы не называюць супраць каго, а пазнейшыя проста называюць Маскву.

На думку Мікалая Карамзіна і , пасольства мусіла б прасіць дапамогі супраць Ордэна пасля паражэння на Стрэве. Па думку Гулевіча, ва ўмовах, якія склаліся ў рэгіёне, пасольства было спробай праясніць пазіцыю Джанібека перад маштабным сутыкненнем за паўднёва-рускія землі і знайсці рэсурсы для адначасовага процістаяння Ордэну і Польшчы праз дыпламатычныя манеўры. На думку Ліцкевіча, Альгерд імкнуўся заручыцца ваеннай падтрымкай татараў для абароны валынскіх і падольскіх зямель.

Даведаўшыся пра місію літвінаў, вялікі князь Сямён Іванавіч склікаў у Маскве раду з братамі Іванам і Андрэем, паводле нядаўняга дагавора 1348 года паміж Калітавічамі, ён не мог вырашаць пытанні знешніх адносін без згоды братоў. Вялікі князь Сямён звычайна вырашаў справы асабістымі паездкамі ў Арду, але гэтым разам не паехаў, імаверна, каб Джанібек не расцаніў яго прыезд як умяшанне. У Арду адправілі кілічэяў (паслоў) князя Фёдара Глебавіча, Аміня і Фёдара Шубачова.

Кілічэі перад ханам вінавацілі Альгерда, што «спустошыў ханскі ўлус» — Ноўгарад, галоўную крыніцу срэбра і даніны («чорнага бору»), выступалі як абаронцы ханскіх інтарэсаў. На праўдзе, імаверна, кілічэі імкнуліся справакаваць Джанібека на пакаранне літвінаў смерцю, каб сутыкнуць хана з Альгердам у прамым ваенным канфлікце і такім чынам нейтралізаваць вялікага князя літоўскага як канкурэнта.

Хан Джанібек, заняты тым часам аблогай генуэзскай Кафы ў Крыме і аслаблены эпідэміяй чумы, вырашыў падтрымаць прыязныя адносіны з Масквой. Хан, аднак, не пакараў паслоў смерцю, што было б рэдкім выпадкам, а выдаў іх вялікаму князю Сямёну. Такім чынам, Джанібек не хацеў пачынаць вайны з Альгердам, а пераклаў адказнасць за лёс паслоў на вялікага князя Сямёна. Даставіў літвінаў у Маскву ханскі пасол Татуй. У маскоўскім палоне яны заставаліся да вясны 1349 года фактычна закладнікамі.

Наступствы Выдача асоб з уладарнай дынастыі вялікаму князю Сямёну была беспрэцэдэнтным учынкам, які паказаў сілу сувязяў паміж Сараем і Масквой таго часу. Выдача паслоў наогул парушала мангольскае права і звычаі («Ясу»), паводле іх татары заўсёды пільна ставіліся да недатыкальнасці такіх асоб. Паводле Мошэ Грынберга, нават у выпадках парушэння імунітэту замежных паслоў, ханы заўсёды вырашалі іх лёс самі. Паводле Грынберга, перадачы ханам суверэнітэту над іншаземнымі пасламі свайму данніку няма аналагаў і яе трэба разглядаць як дзеянні Джанібека па ўзмацненні вялікага князя Сямёна.

На думку Гулевіча, да дыпламатычнай катастрофы прывяла няслушная ацэнка Альгердам магчымай рэакцыі Джанібека. Паводле Ліцкевіча, разлік Альгерда не апраўдаўся, бо Джанібек ужо меў таемнае пагадненне з Казімірам III: у абмен на выплату даніны з Галіцкай зямлі хан паабяцаў каралю дапамогу супраць ВКЛ.

Для вызвалення паслоў Альгерд быў вымушаны накіраваць у Маскву пасольства з багатымі дарамі, просячы «міру і жыцця» для сваёй «браціі». Вынікам быў нявыгадны для Альгерда мір, заключаны вясной 1349 года, якім прызнаваўся маскоўскі суверэнітэт над Смаленскам. Пагадненне замацавалі дынастычнымі шлюбамі — Альгерд ажаніўся з цвярской княжной Ульянай Аляксандраўнай, сваячаніцай (сястрой жонкі) вялікага князя Сямёна, а Любарт — з Вольгай, дачкой растоўскага князя Канстанціна і пляменніцай вялікага князя Сямёна.

Польскі кароль Казімір III выкарыстаў дыпламатычную ізаляцыю ВКЛ і ўжо восенню 1349 года захапіў амаль усю Галіцка-Валынскую зямлю — Львоў, Уладзімір, Белз, Холм, Берасце, пакінуўшы за Любартам як лен толькі Луцкую воласць.

Няўдача пасольства 1348 года і наступная страта Валыні прымусіла Карыятавічаў (Юрыя, Аляксандра і Канстанціна) пачаць актыўнае прасоўванне на Падолле, дзе яны пабудавалі першыя замкі (Бакоту, Смотрыч, Камянец) для абароны ад Польшчы і татар. Паводле Пузыны, Карыятавічы прыйшлі туды на заклік мясцовых татарскіх «атаманаў» для сумеснай абароны краю ад палякаў і венграў. На думку Пузыны, пазіцыя Джанібека і поспехі палякаў таксама былі прычынай прыняцця Аляксандрам Карыятавічам каля 1350—1351 гадоў каталіцтва і сюзерэнітэту польскага караля, каб як лен захаваць свае ўладанні на «малым» Падоллі.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Знешняя палітыка Вялікага Княства Літоўскага Катэгорыя:1348 год у Еўропе