«Дакудаўскі» — біялагічны заказнік рэспубліканскага значэння, створаны ў Лідскім раёне Гродзенскай вобласці ў 1990 годзе. Мэтай заснавання стала захаванне месцаў росту журавін, а таксама стабілізацыя гідралагічнага рэжыму вярховага балота на радовішчы торфу «Дакудаўскае».
Плошча ахоўнай тэрыторыі складае 630 га. Рэльеф уяўляе водна-ледавіковую нізіну, дзе акрамя балота маюцца невялікія азёрныя вадаёмы (Глухава).
У флоры зарэгістравана больш за 500 відаў сасудзістых раслін. Прылягаючыя да балота забалочаныя і сухадольныя лясы займаюць 54 % тэрыторыі. У дрэвастоі пераважаюць хвоя і бяроза, у лясах шмат лекавых і харчовых раслін (маліна, ажына, брусніцы, каліна, чабор, талакнянка, святаяннік). Сярод ахоўных відаў — журавіна драбнаплодная, марошка прысадзістая, вярба чарнічная, арніка горная, сфагнум мяккі.
У заказніку ўстаноўлена пражыванне 159 відаў наземных пазваночных жывёл. Тут водзяцца лось, дзік, казуля, бабёр, андатра, лісіца, янотападобны сабака, амерыканская норка, тхор і інш. Паўночная частка тэрыторыі служыць месцам адпачынку пералётных птушак. Сустракаюцца жывёлы, унесеныя ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь: барсук, чорны бусел, шэры журавель, вялікі бугай, малы падворлік, турухтан, вяртлявая чарацянка, пустальга звычайная, жужаль рашэцісты, чмель мохавы і інш.
Заказнік з’яўляецца аб’ектам экалагічнага турызму. Па яго тэрыторыі праходзіць турыстычны маршрут «Нёманскі шлях», у ваколіцах размешчана некалькі аграсядзіб. У вызначаныя тэрміны на яго тэрыторыі дазволена паляванне.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Геаграфія Лідскага раёна Катэгорыя:Біялагічныя заказнікі рэспубліканскага значэння Беларусі Катэгорыя:З’явіліся ў 1990 годзе Катэгорыя:1990 год у Беларусі