«Лебядзіны» — біялагічны заказнік рэспубліканскага значэння, створаны ў прыгараднай зоне Мінска ў 1984 г. Мэтай заснавання стала зберажэнне прыбярэжнага фаўністычнага комплексу рэдкіх відаў жывёл і птушак.
Тэрыторыя плошчай 43 га ўяўляе сабой забалочаны і меліяраваны луг з закінутымі тарфянымі кар’ерамі. У цэнтры знаходзіцца аднайменная сажалка плошчай 15 га, якая амаль поўнасцю зарасла трыснягом, рагозам і асакой. У наваколлі маюцца ўчасткі бярэзнікаў і хвойнікаў, асобныя насаджэнні елкі. У флоры налічваецца больш за 300 відаў сасудзістых раслін, сярод якіх шмат лекавых, меданосных і дэкаратыўных. Фаўна прадстаўлена 94 відамі пазваночных жывёл, у тым ліку больш за 60 відамі птушак. Сярод рэдкіх насельнікаў — лебедзь-шыпун, малая паганка, крачка, малы бугай, чарацянка, лысуха, хахлатая чэрнядзь. Жывуць тут таксама некалькі відаў рыб і млекакормячых.
Заказнік з’яўляецца месцам, дзе жыхары Мінска могуць назіраць за жывой прыродай у межах горада. Тут абсталявана экалагічная сцежка, узведзены альтанкі для наведвальнікаў. У цяперашні час ахоўная тэрыторыя знаходзіцца пад пагрозай знікнення з-за моцнага антрапагеннага ўздзеяння.
Тэрыторыя цяперашняга заказніка на карце 1910 г. паказаная як забалочаная мясцовасць, з якой у Свіслач выцякала рачулка, побач яе была вёска Ржавец.
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Геаграфія Мінска Катэгорыя:Біялагічныя заказнікі рэспубліканскага значэння Беларусі Катэгорыя:З’явіліся ў 1984 годзе Катэгорыя:1984 год у Мінску