Уладзімір Аляксандравіч Ляўданскі (, вёска Гудавічы, Ігуменскі павет — ) — беларускі празаік, дзіцячы пісьменнік і перакладчык.
Біяграфія Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Пасля заканчэння ў 1926 годзе Пухавіцкай сямігодкі працаваў на лесараспрацоўках у Лапіцкім лясніцтве. У 1929 годзе прыехаў у Мінск і праз год паступіў у Мінскі педагагічны тэхнікум на вячэрняе аддзяленне, адначасова працаваў карэктарам у Беларускім дзяржаўным выдавецтве. У 1933 годзе прызваны ў Чырвоную Армію, дзе служыў да 1935 года. Пасля дэмабілізацыі вярнуўся ў выдавецтва. У 1938 годзе скончыў тэхнікум і да 1941 года працаваў рэдактарам палітычнай літаратуры. У гады Другой сусветнай вайны жыў у роднай вёсцы, удзельнічаў у партызанскім руху: быў сувязным, з сакавіка 1943 года камісарам атрада «Полымя» на Міншчыне, рэдактарам пухавіцкай раённай падпольнай газеты «Партизан Белоруссии». Пасля вызвалення Беларусі ўзначальваў Пухавіцкую раённую газету «Сцяг камунізму», затым загадваў рэдакцыяй у Дзяржаўным выдавецтве БССР (1945—1949). У 1949—1963, 1969—1973 гг. працаваў у Інстытуце гісторыі партыі пры ЦК КПБ загадчыкам сектара перакладаў (1949—1963), старшым навуковым супрацоўнікам (1969—1973). У 1963—1969 гадах быў дырэктарам выдавецтва «Народная асвета». У 1967 годзе стаў членам Саюза пісьменнікаў БССР.
Творчасць Літаратурную дзейнасць У. Ляўданскі пачаў як перакладчык. З рускай мовы пераклаў на беларускую п’есу Г. Мамліна «Цуды ў поўдзень», раман Э. Сінклера «No passaran! (Яны не пройдуць»), аповесць А. Талстога «Хлеб» (усе пераклады зроблены ў 1938 г.), раманы «Пастка» Э. Заля (1939), «Коннік без галавы» Т. М. Рыда (1941), зборнікі апавяданняў Л. Талстога, І. Тургенева, М. Салтыкова-Шчадрына, аповесць С. Мсціслаўскага «Грак, птушка вясенняя» (1949) і інш. У сярэдзіне 1950-х гадоў звярнуўся да ўласнай творчасці. Першае апавяданне «Пёстры язь» і казка «На аднаго жыўца — два шчупакі» з’явіліся ў друку ў 1957 г. Пазней было напісана шмат твораў для дзяцей, якія склалі зборнікі апавяданняў «Адкрыццё сезону» (1960), «На беразе ракі» (1962), «На прывале» (1966), «Ноч над Нёманам» (1969), «Пад старым дубам» (1971), «Яшка прыляцеў» (1973) і інш. Творы У. Ляўданскага звычайна грунтаваліся на канкрэтных жыццёвых фактах і здарэннях. Пісьменнік выкарыстоўваў свой вопыт паляўнічага і рыбалова, імкнуўся надаць дзіцячым апавяданням займальнасць і прыгодніцкі каларыт. Ён з’яўляецца таксама суаўтарам падручніка для школ дарослых «Буквар і першая кніга для чытання» (1947), які вытрымаў чатыры перавыданні.
Узнагароды Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, «Знак Пашаны», медалямі.
Крыніцы
Літаратура Беларуская энцыклапедыя : у 18 т. — Мінск, 1999. — Т. 9. — С.433 Беларускія пісьменнікі : біябібліяграфічны слоўнік : у 6 т. — Мінск, 1994. — Т. 4. — С.150.
Спасылкі
Катэгорыя:Перакладчыкі Беларусі