«Dzída» («Дзі́да») — першы беларускамоўны трэш-метал-гурт. Створаны ў 1989 годзе ў Полацку, першапачаткова называўся «Стресс» і спяваў на рускай мове.

Біяграфія У 1989 годзе гурт бярэ ўдзел у Наваполацкім фестывалі маладзёжнай песні, на якім Віталь Лосеў, барабаншчык гурта, атрымлівае прыз найлепшага інструменталіста.

У красавіку 1990 гурт выступае на фестывалі «Рока-кола’90», які праходзіў 29—30 красавіка і быў арганізаваны Наваполацкім рок-клубам, дзе выконвае кампазіцыю «Крыжакі», напісаную Валерыем Волісам, рытм-гітарыстам гурта. Кампазіцыя была прысвечана ворагам беларускага народа, любым захопнікам, але, хутчэй за усё, у ёй мелася на ўвазе савецкая таталітарная сістэма, пры якой праследавалі любога роду іншадумства і альтэрнатыўныя погляды: Азірніся вакол, Ты убачыш крыжы, Твае думкі і твар Перакрэсляць яны. Перакрэсляць цябе, Калі ты не такі, Не такі як усе, Як яны, крыжакі.

Пасля фестывалю гурт змяняе назву на «Дзіда».

Да беларускай мовы калектыў прыйшоў дзякуючы выступленню 26 чэрвеня 1990 года ў Полацку танцораў ансамбля «Васілёк» (прадстаўнік беларускай дыяспары ў ЗША) і фальклорнага ансамбля «Жывіца» з салісткай Валянцінай Пархоменка, на якім прысутнічаў Валерый Воліс. На наступны дзень Воліс прызнаўся, што падчас канцэрту ў яго ўзнікла думка зрабіць «трэшавую рэч» з фрагментаў пачутых беларускіх народных кампазіцыйЛейтман, А. Трапная полацкая «Дзіда» / А. Лейтман // Чырвоная змена. −1990. — 8 верасня. — с. 12.. З гэтага можна зрабіць выснову, што метал, нягледзячы на тое, што ён з’яўляецца прадуктам глабалізацыі, не толькі можа мець сінтэз з традыцыйнай культурай, але, наадварот, як правіла без яе горш успрымаецца. Аўтарам шэрагу тэкстаў песень «Дзіды» з’яўляецца полацкая паэтка Лера Сом, што яшчэ раз падкрэслівае сувязь нацыянальнай паэзіі з рок-музыкай.

1 ліпеня 1990 у Полацку адбываецца прэзентацыя «Дзідай» абноўленай праграмы і новага вакаліста — Міколы Балбаса. Аляксандр Калеснік, стары вакаліст, застаецца ў складзе музычнага калектыву, і ў гурте становіцца адразу два вакалісты, што для трэш-метала даволі незвычайная з’ява.

На фестывалі «Рока-кола’91» «Дзіда» выконвае новую песню «Поскудзь» на словы Леры Сом і Валерыя Воліса —

З выгляду быццам грозныя Спробуй капнуць, дык тухлыя Поскудзь бывае розная: Ёсць і худыя і пухлыя. Вунь пасміхаюцца міла, Душы нібы адкрыты, Толькі свінячыя рылы Не адвярнуць ад карыта. Свінням не веру болей Выйшаў даўно з запою Мокрай плямай на столі Ззяюць гады застою Свіння дастае насоўку: — «Я разбяруся сам! Хрэн вам, а не тусоўку! Выдаць дручкі ментам!» Вось ужо жыць не міла, Людзі сталі як дрэвы: Выдраны ўсе жылы, Парваны усе нервы Што нам гніючыя шаты — Гэта для нас не тэма, Лепшыя у свеце краты Падрыхтавала сістэма. «Людзям жыць добра досыць, Усе яны нам халопы», — Так разважае поскудзь І топча нас у балота.

У кампазіцыі можна пабачыць крытыку савецкай палітычнай сістэмы, а таксама бюракратыі, якія зрабілі з беларусаў савецкіх грамадзян, якія абсалютна ўжо не ўяўлялі сабою ні нацыі, ні грамадзянскай супольнасці. Людзі скандавалі на тым фестывалі: «Дзіда! Дзіда! Дзіда!»Мартыненка, В. Наваполацкае кола адраджэння / В. Мартыненка // Чырвоная змена. — 1990. — 19 мая. — С. 9., што кажа пра тое, што гурт сваёй кампазіцыяй вельмі моцна закрануў публіку, і гэтая песня была вельмі актуальная і адпавядала часу. Уладзь Дзёмін быў узнагароджаны прызам як найлепшы барабаншчык фестывалю, і дзякуючы яму «Дзіда» выступіла і на гала-канцэрце.

9 верасня 1991 «Дзіда» ўдзельнічае ў эпахальным канцэрце «Беларускі рок вітае незалежнасць», які праходзіў у парку імя Янкі Купалы ў МінскуМартыненка, В. 222 альбомы беларускага року і ня толькі… Праз рок-прызму : даведкавае выданне / В. Мартыненка, А. Мяльгуй. — Мінск : Медысонт, 2006. — 431 с. С. 333 (некаторыя крыніцы месцам правядзення памылкова ўказваюць плошчу Леніна) і трансліраваўся ў прамым эфіры на БТ на працягу 6 гадзін.

У кастрычніку 1991 года на першым музычным хіт-парадзе беларускай рэдакцыі радыё «Свабода» (Мюнхен), кампазіцыя «Дзіды» «Крыжакі» ўваходзіць у дзясятку самых папулярных песень, заняўшы 9-е месцаГуненка, В. Новы, беларускі / В. Гуненка // Чырвоная змена. — 1991. — 4 — 10 лістапада. — С. 14..

На музычным хіт-парадзе Радыё «Свабода» ў лютым 1992 года кампазіцыя «Дзіды» «Поскудзь» трапляе на 9-е месцаГуненка, В. Ліхадзеям на зло / В. Гуненка // Чырвоная змена. — 1992. — 9 — 15 сакавіка. — С. 9., у сакавіку аказваецца ўжо на 6-й пазіцыі, у маі 1992 года апускаецца на 9-ы радокГуненка, В. Рок — гэта пазіцыя / В. Гуненка // Чырвоная змена. — 1992. — 29 чэрвеня — 5 ліпеня. — С. 14..

На фестывалі «Рока-кола’92», які праходзіў 23—24 мая ў Наваполацку, «Дзіда» трапляе ў лік лаўрэатаў-пераможцаўМартыненка, В. Не спыняе колы «Рока-кола» / В. Мартыненка // Чырвоная змена. — 1992. — 1 — 7 чэрвеня. — С. 9..

У ліпені 1992 года «Дзіда» бярэ ўдзел у фестывалі «Басовішча’92», які праходзіў 17—19 ліпеня 1992 года ў мястэчку Гарадок у Беластоцкім павеце Польшчы. На радзіме ў гурта былі пэўныя фінансавыя праблемы, і адчуўшы, што ў Польшчы больш чым у Беларусі аматараў трэш-металу і, наогул, металу (дастаткова ўспомніць вядомыя польскія метал-гурты Behemoth і Vader), гурт застаецца працаваць у Польшчы, каб рэалізаваць свой патэнцыял. Такім чынам, «Дзіда» становіцца першым беларускім гуртам, які пасля атрымання Рэспублікай Беларусь незалежнасці, эмігрыруе з краіны з фінансавых прычын.

У Польшчы гурт адразу пасля свайго выступлення на рок-фестывалі ў Яроціне, які праходзіў 6—8 жніўня 1992 года, атрымлівае запрашэнне ў Бельгію, што сведчыць аб пэўнай цікавасці да іх творчасці ў Заходняй Еўропе. Аднак якія-небудзь звесткі аб паездцы і выступленні «Дзіды» ў Бельгіі адсутнічаюць, як і інфармацыя аб далейшым лёсе гурта.

У 2008 годзе сынам В. Воліса гурт «Дзіда» быў часова адроджаны, аднак выконваў свае песні на рускай мове.

Дыскаграфія

Альбомы

Калі ласка (1990) І жывыя пазайздросцяць памерлым (1991)Пра існаванне канцэртнага альбома з падобнай назвай казаў Вітаўт Мартыненка

Зборнікі

Hard Life Heavy Music (2001) — кампазіцыя «Калі ласка»

Удзельнікі У склад гурта ў розны час ўваходзілі:

Аляксандр Калеснік, Мікола Балбас (1990—) — вакал Валерый Воліс — тэксты, рытм-гітара Віталь Лосеў (1989—1990), Уладзімір Дзёмін (1990—) — барабаны Аляксандр Цярэшка — лідар-гітара Уладзімір Курсанаў — бас-гітара Зміцер Шутко (1992—) — ?

Крыніцы

Катэгорыя:Музычныя калектывы, якія з’явіліся ў 1989 годзе Катэгорыя:Трэш-метал-гурты Беларусі