Хе́ндрык (часта пішацца Ге́ндрык) Антон Ло́рэнц (; 18 ліпеня 1853, Арнем, Нідэрланды — 4 лютага 1928, Харлем, Нідэрланды) — нідэрландскі фізік-тэарэтык, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па фізіцы (1902, сумесна з Пітэрам Зееманом) і іншых узнагарод, член Нідэрландскай каралеўскай акадэміі навук (1881), шэрагу замежных акадэмій навук і навуковых таварыстваў.

Лорэнц вядомы найперш сваімі працамі ў вобласці электрадынамікі і оптыкі. Аб’яднаўшы канцэпцыю непарыўнага электрамагнітнага поля з уяўленнем аб дыскрэтных электрычных зарадах, якія ўваходзяць у склад рэчыва, ён стварыў класічную электронную тэорыю і прымяніў яе для рашэння мноства асобных задач: атрымаў выраз для сілы, з якой электрамагнітнае поле дзейнічае на зарад пры яго руху (сіла Лорэнца), вывеў формулу, якая звязвае паказчык пераламлення рэчыва з яго шчыльнасцю (формула Лорэнца — Лорэнца), распрацаваў тэорыю дысперсіі святла, растлумачыў шэраг магнітааптычных з’яў (у прыватнасці, эфект Зеемана) і некаторыя ўласцівасці металаў. На аснове электроннай тэорыі вучоны развіў электрадынаміку асяроддзяў пры руху, у тым ліку выказаў гіпотэзу аб скарачэнні цел у кірунку іх руху (скарачэнне Фіцджэральда — Лорэнца), увёў паняцце «мясцовы час», атрымаў рэлятывісцкі выраз для залежнасці масы ад хуткасці, вывеў суадносіны паміж каардынатамі і часам у інерцыяльных сістэмах адліку, якія рухаюцца адносна адна адной (пераўтварэнні Лорэнца). Працы Лорэнца спрыялі станаўленню і развіццю ідэй спецыяльнай тэорыі адноснасці і квантавай фізікі. Акрамя таго, ён атрымаў шэраг істотных вынікаў у тэрмадынаміцы і кінэтычнай тэорыі газаў, агульнай тэорыі адноснасці, тэорыі цеплавога выпраменьвання.

Біяграфія

Паходжанне і дзіцячыя гады (1853—1870) Хендрык Антон Лорэнц нарадзіўся 15 ліпеня 1853 года ў Арнеме. Яго продкі паходзілі з прырэйнскай вобласці Германіі і займаліся галоўным чынам земляробствам. Бацька будучага вучонага, Герыт Фрэдэрык Лорэнц (Gerrit Frederik Lorentz, 1822—1893), валодаў гадавальнікам пладовых дрэваў каля . Маці Хендрыка Антона, Гертруда ван Гінкель (Geertruida van Ginkel, 1826—1861), вырасла ў у правінцыі Утрэхт, была замужам, рана аўдавела і на трэці год удаўства выйшла замуж у другі раз — за Герыта Фрэдэрыка. У іх было двое сыноў, аднак другі з іх памёр яшчэ ў дзіцячым узросце; Хендрык Антон выхоўваўся разам Хендрыкам Янам Якобам, сынам Гертруды ад першага шлюбу. У 1862 годзе, пасля ранняй смерці жонкі, бацька сямейства ажаніўся з Лубертай Хупкес (Luberta Hupkes, 1819/1820—1897), якая стала дзецям клапатлівай мачахай.

У шасцігадовым узросце Хендрык Антон паступіў у пачатковую школу Цімера. Тут, на ўроках Герта Карнеліса Цімера, аўтара падручнікаў і навукова-папулярных кніг па фізіцы, юны Лорэнц пазнаёміўся з асновамі матэматыкі і фізікі. У 1866 годзе будучы вучоны паспяхова здаў уступныя іспыты ў , якая толькі што адкрылася ў Арнеме і прыкладна адпавядала гімназіі. Вучоба лёгка давалася Хендрыку Антону, чаму спрыяў педагагічны талент настаўнікаў, у першую чаргу Х. Ван-дэр-Стата, аўтара некалькіх вядомых падручнікаў па фізіцы, і Якоба Марціна ван Бемелена, які выкладаў хімію. Як прызнаваў сам Лорэнц, іменна Ван-дэр-Стат прывіў яму любоў да фізікі. Яшчэ адной важнай сустрэчай у жыцці будучага вучонага стала знаёмства з , які вучыўся ў тым жа класе і пасля таксама стаў фізікам; яны заставаліся блізкімі сябрамі на працягу ўсяго жыцця. Акрамя прыродазнаўчых навук, Хендрык Антон цікавіўся гісторыяй, прачытаў шэраг прац па гісторыі Галандыі і Англіі, захапляўся гістарычнымі раманамі; у літаратуры яго прыцягвала творчасць англійскіх пісьменнікаў — Вальтэра Скота, Уільяма Тэкерэя і асабліва Чарльза Дзікенса. Адрозніваючыся добрай памяццю, Лорэнц вывучыў некалькі замежных моў (англійскую, французскую і нямецкую), а перад паступленнем ва ўніверсітэт самастойна авалодаў грэчаскай і латынню. Нягледзячы на таварыскі характар, Хендрык Антон быў чалавекам сарамлівым і не любіў гаварыць пра свае перажыванні нават з блізкімі. Ён быў далёкі ад ўсякага містыцызму і, паводле сведчання дачкі, «пазбаўлены быў веры ў божую ласку… Вера ў найвышэйшую каштоўнасць розуму… замяняла яму рэлігійныя перакананні».

Вучоба ва ўніверсітэце. Першыя крокі ў навуцы (1870—1877) міні|thumb|right|250px|Адзін з будынкаў Лейдэнскага ўніверсітэта (1875) У 1870 годзе Лорэнц паступіў у Лейдэнскі ўніверсітэт, найстарэйшы ўніверсітэт Галандыі. Тут ён наведваў лекцыі фізіка і матэматыка Пітэра ван Гера (Pieter van Geer), які чытаў курс аналітычнай геаметрыі, аднак найбліжэй сышоўся з прафесарам астраноміі Фрэдэрыкам Кайзерам, які даведаўся пра новага таленавітага студэнта ад свайго былога вучня Ван-дэр-Стата. Менавіта падчас вучобы ва ўніверсітэце будучы вучоны пазнаёміўся з асноватворнымі працамі Джэймса Клерка Максвела. І хоць гэта кашатвала Лорэнцу пэўных намаганняў, ён здолеў-такі разабрацца ў іх, чаму спрыяла вывучэнне прац Германа Гельмгольца, Агюстэна Фрэнеля і Майкла Фарадэя. У лістападзе 1871 года Лорэнц з адзнакай здаў іспыты на ступень магістра і, вырашыўшы рыхтавацца да доктарскіх іспытаў самастойна, у лютым 1872 года пакінуў Лейдэн. Вярнуўшыся ў Арнем, ён стаў настаўнікам матэматыкі ў вячэрняй школе і ў школе Цімера, дзе калісьці вучыўся сам; гэта праца пакідала яму досыць вольнага часу, каб займацца навукай. Асноўным кірункам даследаванняў Лорэнца стала электрамагнітная тэорыя Максвела. Акрамя таго, у школьнай лабараторыі ён ставіў аптычныя і электрычныя вопыты і нават беспаспяхова спрабаваў даказаць існаванне электрамагнітных хваль, вывучаючы разрады лейдэнскага слоіка. Пасля, закранаючы знакамітыя працы брытанскага фізіка, Лорэнц казаў: «Яго „Трактат аб электрычнасці і магнетызме“ зрабіў на мяне, мабыць, адно з наймацнейшых уражанняў у жыцці; тлумачэнне святла як электрамагнітнай з’явы па сваёй смеласці перасягнула ўсё, што я дагэтуль ведаў. Але кніга Максвела была не з лёгкіх! Напісаная ў гады, калі ідэі вучонага яшчэ не атрымалі канчатковай фармулёўкі, яна не ўяўляла закончанага цэлага і не давала адказу на многія пытанні».

У 1873 годзе Лорэнц здаў доктарскія іспыты, а 11 снежня 1875 года ў Лейдэне з адзнакай (magna cum laude) абараніў доктарскую дысертацыю «Да тэорыі адлюстравання і пераламлення святла» (), у якой даў тлумачэнне гэтых працэсаў на аснове максвелаўскай тэорыі. Пасля абароны малады доктар навук вярнуўся да свайго ранейшага жыцця арнемскага настаўніка. Улетку 1876 года разам з сябрамі ён здзейсніў пешы пераход па Швейцарыі. К гэтаму часу перад ім паўстала пытанне аб поўным пераключэнні на матэматыку: іменна гэту дысцыпліну ён паспяхова выкладаў у школе і таму Утрэхцкі ўніверсітэт прапанаваў яму пасаду прафесара матэматыкі. Аднак Лорэнц, спадзяваючыся вярнуцца ў сваю альма-матэр, адхіліў гэту прапанову і ў якасці часовай пасады вырашыў атрымаць месца настаўніка лейдэнскай класічнай гімназіі. Неўзабаве ў Лейдэнскім універсітэце адбылася важная змена: кафедра фізікі была падзелена на дзве часткі — эксперыментальную і тэарэтычную. Новую пасаду прафесара тэарэтычнай фізікі спачатку прапанавалі Яну Дыдэрыку Ван-дэр-Ваальсу, а калі той адмовіўся, на гэта месца быў прызначаны Лорэнц. Гэта была першая ў Нідэрландах і адна з першых у Еўропе кафедра тэарэтычнай фізікі; паспяховая дзейнасць Лорэнца на гэтай ніве спрыяла фармаванню тэарэтычнай фізікі як самастойнай навуковай дысцыпліны.

Прафесар у Лейдэне (1878—1911) 25 студзеня 1878 года Лорэнц афіцыйна ўступіў у званне прафесара, выступіўшы з ўступнай прамовай-дакладам «Малекулярныя тэорыі ў фізіцы». Паводле прызнання аднаго з яго былых студэнтаў, малады прафесар «меў своеасаблівы дар, нягледзячы на ўсю сваю дабрыню і прастату, захоўваць пэўную дыстанцыю паміж сабой і сваімі студэнтамі, ніколькі не імкнучыся да таго і сам таго не заўважаючы». Лекцыі Лорэнца карысталіся сярод студэнтаў папулярнасцю; яму падабалася выкладаць, нягледзячы на тое, што гэта дзейнасць адымала значную частку часу. Больш таго, у 1883 годзе ён узяў на сябе дадатковую нагрузку, замяніўшы свайго калегу Хейке Камерлінг-Онеса, які з-за хваробы не мог чытаць курс агульнай фізікі на медыцынскім факультэце; Лорэнц працягваў чытаць гэтыя лекцыі нават пасля папраўкі Онеса, аж да 1906 года. Па матывах курсаў яго лекцый была выдадзена серыя вядомых падручнікаў, якія неаднаразова перавыдаваліся і былі перакладзены на многія мовы. У 1882 годзе прафесар Лорэнц пачаў папулярызатарскую дзейнасць, яго выступленні перад шырокай аўдыторыяй карысталіся поспехам дзякуючы яго таленту даступна і ясна выкладаць складаныя навуковыя пытанні.

міні|thumb|250px|left|Фотапартрэт Лорэнца 1902 года Улетку 1880 года Лорэнц пазнаёміўся з Алетай Кайзер (Aletta Catharina Kaiser, 1858—1931), пляменніцай прафесара Кайзера і дачкой вядомага гравёра , дырэктара Дзяржаўнага музея ў Амстэрдаме. Улетку таго ж года адбыліся заручыны, а напачатку наступнага года маладыя людзі ажаніліся. У 1885 годзе ў іх нарадзілася дачка , якая атрымала імёны ў гонар маці і мачахі вучонага. У тым жа годзе Лорэнц купіў дом на Хойграхт, 48, дзе сям’я вяла ціхае, мернае жыццё. У 1889 годзе нарадзілася другая дачка — Іагана Вільгельміна (Johanna Wilhelmina), у 1893 годзе — першы сын, які не пражыў і года, а ў 1895 — другі сын, Рудольф. Старэйшая дачка пасля стала вучаніцай бацькі, займалася фізікай і матэматыкай і была замужам за вядомым вучоным Вандэрам Іаханесам дэ Хаазам, вучнем Камерлінг-Онеса.

Першыя гады ў Лейдэне Лорэнц правёў у добраахвотнай самаізаляцыі: ён мала друкаваўся за мяжой і практычна пазбягаў кантактаў з навакольным светам (верагодна, гэта было звязана з яго сарамлівасцю). Яго працы былі мала вядомы па-за межамі Галандыі аж да сярэдзіны 1890-х гадоў. Толькі ў 1897 годзе ён упершыню наведаў з’езд нямецкіх прыродазнаўцаў і ўрачоў, які праходзіў у Дзюсельдорфе, і з тых часоў стаў пастаянным удзельнікам буйных навуковых канферэнцый. Ён пазнаёміўся з такімі вядомымі еўрапейскімі фізікамі, як Людвіг Больцман, Вільгельм Він, Анры Пуанкарэ, Макс Планк, Вільгельм Рэнтген і іншымі. Расло і прызнанне Лорэнца як вучонага, чаму спрыяў поспех створанай ім электроннай тэорыі, якая дапаўняла электрадынаміку Максвела ўяўленнем аб «атамах электрычнасці», гэта значыць аб існаванні зараджаных часціц, з якіх складаецца рэчыва. Першая версія гэтай тэорыі была апублікавана ў 1892 годзе; пасля яна актыўна развівалася аўтарам і выкарыстоўвалася для апісання розных аптычных з’яў (дысперсія, уласцівасці металаў, асновы электрадынамікі асяроддзяў у руху і гэтак далей). Адным з найбольш яркіх дасягненняў электроннай тэорыі стала прадказанне і тлумачэнне расшчаплення спектральных ліній у магнітным полі, адкрытага Пітэрам Зееманам у 1896 годзе. У 1902 годзе Зееман і Лорэнц падзялілі Нобелеўскую прэмію па фізіцы; лейдэнскі прафесар стаў, такім чынам, першым тэарэтыкам, ганараваным гэтай узнагародай. Поспех электроннай тэорыі быў шмат у чым абумоўлены ўспрыімлівасцю яе аўтара да розных ідэй і падыходаў, яго здольнасцю злучаць элементы розных тэарэтычных сістэм. Як пісаў гісторык Аліўе Дарыголь,

Як і належала адкрытасці яго краіны, ён чытаў без разбору нямецкія, англійскія і французскія крыніцы. Яго асноўныя натхніцелі, Гельмгольц, Максвел і Фрэнель, належалі да вельмі розных, часам несумяшчальных традыцый. У той час як у звычайным розуме эклектызм мог бы стварыць блытаніну, Лорэнц атрымаў з яго карысць.