Станам на 2022 г. у Расійскай Федэрацыі пражывала 600 тыс. каталікоў, дзейнічала 220 прыходаўСвященник назвал число католиков в России.

Гісторыя У XI—XII стст. у Пераяслаўлі, Смаленску, Ладазе з’яўляюцца каталіцкія храмы, прызначаныя для каталікоў-замежнікаў. Дзякуючы цесным гандлёвым сувязям з германскімі гарадамі, якія ўваходзілі ў Ганзейскі саюз вольных гарадоў, дзейнічалі дзве каталіцкія царквы і ў Вялікім Ноўгарадзе. Аднак пагаршэне міжканфесійных адносін, узяцце крыжакамі ў 1204 г. Канстанцінопаля, заваявальныя паходы шведскіх і нямецкіх рыцараў на пскоўскія і наўгародскія землі, а таксама актывізацыя дзейнасці лацінскіх місіянераў змянілі да горшага стаўленне да каталіцызму на Русі. У 1233 г. каталіцкія храмы і манастыры былі разбураны.

У Маскоўскай дзяржаве каталіцкая прапаганда і лацінскае набажэнства былі забароненыя. З часоў Смуты быў забароены таксама ўезд лацінскаму духавенству. Становішча змянілася ў 1680-х гг., калі ў Маскве пры заступніцтве царэўны Соф’і і яе фаварыта князя В. В. Галіцына місіянерствавалі некалькі езуітаў і францысканцаў, якія прыбылі для акармлення замежнікаў на рускай службе. Езуітам удалося адкрыць у Маскве школу і пачаць выданне кніг на рускай мове. Але пасля звяржэння царыцы Соф’і патрыярх Іаакім дамогся выгнання каталіцкіх місіянераў са сталіцы.

Талерантнасць да каталікоў вярнулася ў часы Пятра Вялікага. Так, у 1695 г. іншаземцам-каталікам, якія складалі значную частку насельніцтва Нованямецкай слабады Масквы, было дазволена пабудаваць драўляны храм. У 1705 г. манарх дазволіў прадстаўнікам канфесіі будаваць на тэрыторыі Расіі каменныя храмы. Павялічвалася і колькасць каталікоў. Калі ў 1691 іх было 40 чал., у 1698 – 400, то да канца валадарання Пятра I (1725) – 2000. Адначасна цар зацвердзіў асноватворны прынцып адносін улады да Каталіцкай царквы: талерантнае стаўленне пры ўмове поўнай палітычнай лаяльнасці.

У ходзе падзелаў Рэчы Паспалітай адбылося павялічэнне каталіцкай абшчыны ў Расійскай імперыі. На далучаных землях па ўказе Кацярыны II у 1773 г. было створана Беларускае рымска-каталіцкае біскупства з рэзідэнцыяй у Магілёве (з 1782 архіепіскапія), у склад якога ўвайшлі ўсе лацінскія прыходы на тэрыторыі Расіі. У далейшым Магілёўская архіепіскапія атрымала статус першынствуючай Рымска-каталіцкай кафедры Расіі, а рэзідэнцыя яе кіруючага архірэя была перанесена ў Санкт-Пецярбург. Адначасна дзяржава дала заступніцтва ордэну езуітаў, якіх імператрыца мела намер выкарыстоўваць у справе асветы падданых. Дзякуючы гэтаму ордэн атрымаў магчымасць займацца выкладчыцкай і місіянерскай дзейнасцю ў Паволжы, Сібіры і шэрагу іншых рэгіёнаў.

У пачатку XIX ст. колькасць прадстаўнікоў канфесіі ў Расіі вызначалася ў 1 639 854 чалавек. Дзейнічала 6 рымска-каталіцкіх дыяцэзаў: Магілёўская, Віленская, Мінская, Самагіцкая, Луцка-Жытомірская і Камянец-Падольская, у якіх налічвалася 845 касцёлаў, 304 мужчынскіх і 80 жаночых манастыроў, 1710 святароў, 3094 манаха і 569 манашак.

Пры Мікалаі I становішча каталікоў ўскладнілася тым, што прадстаўнікі духавенства падтрымалі Польскае паўстанне 1830—1831. У выніку палітычна актыўныя каталіцкія клірыкі і свецкія былі высланы ў Сібір і ўнутраныя губерні Расіі, рушыла ўслед скасаванне манастыроў, манахі якіх аказалі падтрымку паўсталым. Рэпрэсіі паўтарыліся пасля паўстання 1863.

Да сярэдзіны 1870-х гг. урад пераходзіць да палітыкі лібералізацыі адносін з каталікамі. У 1894 г. былі адноўлены дыпламатычныя адносіны са Святым Прастолам. Пасля Маніфеста 1905 г. каталіцкая царква атрымала магчымасць больш свабодна ажыццяўляць сваю рэлігійную дзейнасць на тэрыторыі Расіі. Упершыню быў дазволены пераход у каталіцызм з іншых канфесій. Напярэдадні Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. на тэрыторыі сучаснай Расіі налічвалася 1 160 000 вернікаў, 400 святароў, 5 семінарый.

Пасля прыняцця ў 1918 г. Дэкрэта аб аддзяленні царквы ад дзяржавы каталіцкія структуры былі пазбаўленыя права юрыдычных асоб, а іх маёмасць нацыяналізавана. Многія каталіцкія прыходы разам з праваслаўнымі падвергліся разрабаванню пад падставай канфіскацыі царкоўных каштоўнасцяў на патрэбы дапамогі галадаючым. Пачаліся рэпрэсіі супраць каталіцкага духавенства. Да сярэдзіны 1930-х гг. практычна ўсе каталіцкія структуры на тэрыторыі СССР былі разгромленыя, а святары альбо высланы з краіны (замежнікі), альбо рэпрэсаваныя (грамадзяне СССР). Толькі два каталіцкіх храма – Святога Людовіка ў Маскве і Найсвяцейшай Маці Божай Лурдскай у Ленінградзе працягвалі дзейнічаць, паколькі лічыліся як установы французскага пасольства. У 1936 г. з краіны быў высланы апошні каталіцкі біскуп. На волі ў гэты час у СССР заставалася 16 святароў.

У перыяд хрушчоўскай адлігі становішча каталікоў у цэлым палепшылася. У прыватнасці, з лагероў вызвалены многія святары і радавыя вернікі. Было зарэгістравана некалькі новых рымска-каталіцкіх парафій, разам з якімі існавалі і нелегальныя абшчыны. Да 1988 г. у РСФСР налічвалася 39 зарэгістраваных каталіцкіх абшчын.

У 1990-х гг. адбывалася адраджэнне каталіцкай царквы ў Расіі, адноўлены самастойныя епархіяльныя структуры. У РФ яны першапачаткова былі заснаваны ў рангу апостальскіх адміністратур. Пазней былі заснаваны апостальскія адміністратуры для каталікоў Поўдня Расіі, а таксама Усходняй Сібіры і Далёкага Усходу. Апостальскія адміністратуры былі аб’яднаны ў канферэнцыю Каталіцкіх Біскупаў Расіі. У 2002 г. апостальскія адміністратуры былі ператвораныя ў самастойныя дыяцэзіі і аб’яднаннем дыяцэзій у Расійскую царкоўную правінцыю (мітраполію).

Крыніцы

Літаратура В. И. Петрушко Католицизм // Большая российская энциклопедия, 2004.

Катэгорыя:Каталіцтва ў Расіі