Мікала́й Іва́навіч Я́шын (; ) — удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, камандзір узвода разведкі 830-га стралковага палка 238-й стралковай дывізіі 50-й арміі 2-га Беларускага фронту, Герой Савецкага Саюза (1945, пасмяротна), старшы лейтэнант.

Біяграфія Нарадзіўся 23 лютага 1922 года ў вёсцы Ніжняя Гнілуша (цяпер — у Малаархангельскім раёне Арлоўскай вобласці) ў сям'і рабочага. Пазней жыў у горадзе Сямёнаўка Чарнігаўскай вобласці. Скончыў сем класаў няпоўнай сярэдняй школы.

У 1941 годзе быў прызваны ў шэрагі Чырвонай Арміі. У 1942 годзе скончыў Тамбоўскае кавалерыйскае вучылішча. Удзельнічаў у баях Вялікай Айчыннай вайны з верасня 1942 года: ваяваў пад Ржэвам, удзельнічаў у Арлоўскай наступальнай аперацыі, у складзе 2-га Беларускага фронту вызваляў Гомель і Мазыр. З 1943 года з'яўляўся членам Усесаюзнай камуністычнай партыі (бальшавікоў).

Вызначыўся падчас Беларускай наступальнай аперацыі ў чэрвені 1944 года. Байцы 830-га стралковага палка прарвалі абарону гітлераўцаў каля рэк Бася і Раста і атрымалі загад фарсіраваць Дняпро і захапіць чыгуначны вакзал у Магілёве. Паводле афіцыйнай савецкай біяграфіі, 27 чэрвеня камандзір узвода разведкі старшы лейтэнант Мікалай Яшын са сваімі байцамі пераправіўся цераз Дняпро ў раёне прадмесця Лупалава і правёў разведку боем, удакладняючы сістэму агню праціўніка. Сучасныя даследчыкі і гісторыкі ўдакладняюць, што ў гэты час цэнтральны Дняпроўскі мост быў цалкам разбураны, таму разведчыкі Яшына фарсіравалі раку значна вышэй па цячэнні — у раёне чыгуначнага моста і вёскі Палавінны Лог. У крытычны момант бою разведчыкі на чале з Яшыным ударам з флангу выратавалі ад акружэння і палону камандны пункт палка і яго камандзіра Смургіна.

28 чэрвеня 1944 года старшы лейтэнант Мікалай Яшын гераічна загінуў, ідучы ў апошнюю атаку пры штурме чыгуначнага вакзала горада. Пахаваны ў брацкай магіле на Грузаўскім (Карабанаўскім) могілках у Магілёве.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 24 сакавіка 1945 года за ўзорнае выкананне баявых заданняў камандавання і праяўленыя пры гэтым мужнасць і гераізм старшаму лейтэнанту Мікалаю Іванавічу Яшыну пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Узнагароды Медаль «Залатая Зорка» Героя Савецкага Саюза (24.03.1945, пасмяротна) Ордэн Леніна (24.03.1945, пасмяротна) Ордэн Чырвонага Сцяга Ордэн Чырвонай Зоркі медалі.

Памяць У вёсцы Аляксандраўка Малаархангельскага раёна ўсталяваны бюст Героя. У Магілёве імя Мікалая Яшына носіць піянерская дружына сярэдняй школы № 40. У 1964 годзе ў цэнтры Магілёва на пілоне Дняпроўскага моста была ўсталявана мемарыяльная дошка ў гонар М. І. Яшына. Гэта прывяло да ўзнікнення ў гараджан неафіцыйнай назвы — «мост Яшына». У пачатку 2026 года ўлады Магілёва збіраліся афіцыйна прысвоіць мосту імя разведчыка. Аднак ініцыятыва выклікала крытыку праз геаграфічную неадпаведнасць (месца подзвігу Яшына знаходзілася на паўночна-ўсходняй ускраіне горада, а не каля цэнтральнай пераправы) і не была прынятая праз юрыдычную калізію — заканадаўства Беларусі ўвогуле не прадугледжвае магчымасці афіцыйнага наймення інжынерных збудаванняў, якімі з'яўляюцца масты.

Крыніцы

Катэгорыя:Нарадзіліся 23 лютага Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1922 годзе Катэгорыя:Нарадзіліся ў Арлоўскай губерні Катэгорыя:Памерлі 28 чэрвеня Катэгорыя:Памерлі ў 1944 годзе Катэгорыя:Памерлі ў Магілёве Катэгорыя:Пахаваныя ў Магілёве Катэгорыя:Камандзіры ўзводаў у Вялікай Айчыннай вайне Катэгорыя:Разведчыкі Вялікай Айчыннай вайны Катэгорыя:Удзельнікі вызвалення Магілёва Катэгорыя:Загінулі ў баях Вялікай Айчыннай вайны Катэгорыя:Героі Савецкага Саюза Катэгорыя:Кавалеры ордэна Леніна Катэгорыя:Кавалеры ордэна Чырвонага Сцяга Катэгорыя:Кавалеры ордэна Чырвонай Зоркі Катэгорыя:Члены КПСС