Кітайска-белару́скі сло́ўнік () — першы акадэмічны перакладны слоўнік з кітайскай на беларускую мову. Выдадзены ў 2026 годзе ў мінскім выдавецтве «Калорград». Выданне змяшчае больш за 30 тысяч слоў і фразеалагічных выразаў сучаснай кітайскай мовы з іх адпаведнікамі на беларускай мове.

Гісторыя стварэння Стварэнню новага акадэмічнага выдання папярэднічаў выхад у 2021 годзе вучэбнага «Кітайска-беларускага слоўніка. Беларуска-кітайскага слоўніка» (выдавецкі цэнтр БДУ), які стаў першай буйной лексікаграфічнай працай у гісторыі беларуска-кітайскіх моўных узаемадачыненняў і вытрымаў тры выданні. Першае выданне выходзіла пад навуковай рэдакцыяй І. Л. Капылова, а кожная з яго частак утрымлівала звыш 9 тысяч найбольш ужывальных слоў і выразаў.

У стварэнні новага фундаментальнага слоўніка прымалі ўдзел супрацоўнікі Рэспубліканскага інстытута кітаязнаўства імя Канфуцыя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (РІКК БДУ) і Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі. Праца вялася ў рамках выканання навукова-даследчага праекта па заказе Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Кіраўніком часовага навуковага калектыву выступіў дырэктар РІКК БДУ, кандыдат гістарычных навук і прафесар А. А. Тозік. Укладальнікамі і рэдактарамі слоўніка з’яўляюцца беларускія мовазнаўцы М. А. Баравік, Я. В. Волкава, І. Л. Капылоў, У. А. Кошчанка, М. В. Яромка, а таксама супрацоўнікі кафедры кітайскай мовы і краіназнаўства Кітая РІКК БДУ Гуо Хэін, Дзан Ін і Льёў Бо. Рэцэнзентамі працы выступілі кандыдат педагагічных навук Ю. В. Малаткова і кандыдат філалагічных навук А. М. Лапцёнак. Для тэхнічнага ўкладання і рэдагавання слоўнікавага рэестра выкарыстоўвалася спецыялізаваная камп’ютарная праграма «SloǔnikPlus», распрацаваная Аляксандрам Булойчыкам.

Характарыстыка і змест Акадэмічны слоўнік адносіцца да выданняў сярэдняга тыпу і налічвае 965 старонак. Яго рэестр рэгулярна абнаўляўся і арыентаваўся на сучасныя замежныя дасягненні перакладной лексікаграфіі, частотныя спісы кітайскай мовы (у тым ліку «Mandarin Frequency lists») і лексічны мінімум для міжнароднага экзамену па кітайскай мове (HSK, 6 узроўняў). Выданне ўключае агульнаўжывальную, размоўную і ўстарэлую лексіку, а таксама навуковыя, тэхнічныя, медыцынскія і грамадска-палітычныя тэрміны. Шырока прадстаўлены фразеалагічныя выразы, характэрныя для кітайскай мастацкай літаратуры і сучасных сродкаў масавай інфармацыі.

Рэестравыя адзінкі ў слоўніку размешчаны паводле транскрыпцыйнага фанетычнага алфавіта на лацінскай аснове (піньінь) з улікам тону. Слоўнікавы артыкул складаецца з загаловачнага слова, яго фанетычнай транскрыпцыі, беларускага эквівалента, стылістычных памет і, пры неабходнасці, тэкставых ілюстрацый ці прыкладаў словазлучэнняў.

Важнай часткай выдання з’яўляецца нарматыўная транскрыпцыйная табліца для перадачы кітайскіх складоў на беларускую мову. Яна распрацавана на аснове кітайскага піньіня і прынцыпаў перадачы сродкамі Міжнароднага фанетычнага алфавіта (IPA) з улікам сістэм транскрыпцыі ў іншых мовах з кірылічным алфавітам. Табліца была афіцыйна ўхвалена Вучоным саветам Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі і Саветам РІКК БДУ вясной 2025 года. Яе зацвярджэнне ў якасці нормы накіравана на ўніфікацыю перадачы кітайскіх уласных імёнаў і тэрмінаў у беларускай інфармацыйнай прасторы, што мае забяспечыць узгодненасць у афіцыйных дакументах, навуковых працах, СМІ і перакладчыцкай дзейнасці. Правілы транскрыпцыі таксама ўлічваюць выкарыстанне апострафа на стыку двух суседніх складоў, калі першы з іх заканчваецца на літару «-н», а другі пачынаецца на галосную (напрыклад, Чан’ань).

У дадатку да слоўніка змешчаны спіс найбольш вядомых геаграфічных назваў, перададзеных на беларускую мову ў адпаведнасці з сучаснымі міжнароднымі стандартамі. Спіс уключае асноўныя адміністрацыйныя адзінкі КНР, краіны свету і іх сталіцы, а таксама асноўныя сусветныя геаграфічныя аб’екты (акіяны, рэкі, азёры, пустыні, горы) і абласныя ды раённыя цэнтры Беларусі.

Значэнне Выданне прызначана для шырокага кола карыстальнікаў: студэнтаў, выкладчыкаў, перакладчыкаў, спецыялістаў у сферах турызму, навукі і культуры. Слоўнік пашырае магчымасці прафесійнай падрыхтоўкі перакладчыкаў і спрыяе міжкультурнаму ўзаемадзеянню, падтрымцы адукацыі, навуковым даследаванням і развіццю дзелавых сувязяў паміж Беларуссю і Кітаем.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Слоўнікі беларускай мовы Катэгорыя:Перакладныя слоўнікі Катэгорыя:Кнігі 2026 года Катэгорыя:Слоўнікі кітайскай мовы