Portal: Revolution — мадыфікацыя 2024 года для відэагульні Portal 2, распрацаваная і выдадзеная студыяй Second Face Software. Дзеянне адбываецца ў сусвеце Portal да падзей Portal 2: гулец кіруе безыменнай паддоследнай, якая спрабуе авалодаць прыладай, здольнай аднавіць тэставыя камеры Aperture Science. Гулец перасоўваецца па тэставых камерах з дапамогай партальнай пушкі. Акрамя стандартных механік гульняў серыі Portal, мадыфікацыя таксама ўводзіць душ з ачышчальным гелем, квантавыя кубы для перадачы лазерных прамянёў і пнеўматычныя вентыляцыйныя трубы, якія транспартуюць прадметы.
Распрацоўка пачалася ў 2016 годзе; мадыфікацыя выкарыстоўвае карыстальніцкую версію рухавіка Source. Гульня была выпушчана ў Steam бясплатна 6 студзеня 2024 года пасля затрымкі з-за цяжкасцей з зацвярджэннем. Гульнявы працэс, графіка і агучванне мадыфікацыі былі станоўча ацэнены рэцэнзентамі, тады як сцэнарый атрымаў неадназначныя водгукі.
Гульнявы працэс Як і серыя Portal, Portal: Revolution — гэта галаваломка-платформер, у якой гулец павінен разгадваць галаваломкі ў «тэставых камерах». Гулец мае партальную пушку, якая можа ствараць два канцы партала, чырвонага і сіняга колераў, і можа выкарыстоўвацца для ўзаемадзеяння з іншымі механікамі, такімі як кубы. У гульні таксама прадстаўлены спружыністыя і паскаральныя гелі з Portal 2. Спружыністы гель, сіняга колеру, дае імпульс скачка і можа выкарыстоўвацца ў якасці пляцоўкі для падскоку, а паскаральны, аранжавага колеру, дае гульцу паскарэнне. Portal: Revolution таксама спалучае ў сваіх камерах-галаваломках іншыя механікі, такія як пераўтваральны гель, які дазваляе гульцу размяшчаць парталы на непрыдатных для выкарыстання паверхнях, а таксама лазерныя палі. Мод уключае некалькі новых кампанентаў гульнявога працэсу, такіх як душ з ачышчальнага гелю і квантавыя кубы, якія перамяшчаюць лазерныя прамяні праз прастору і час. У ім таксама зноў з’яўляюцца пнеўматычныя вентыляцыйныя трубы, якія могуць усмоктваць самога гульца, кубы і гелі; яны былі выдалены з арыгінальнай версіі Portal 2 падчас яе распрацоўкі.
Portal: Revolution уключае ў сябе толькі аднакарыстальніцкі рэжым. Яго кампанія складаецца з 40 тэставых камер, размеркаваных па васьмі раздзелах; новыя элементы Portal: Revolution тлумачацца гульцу на працягу ўсёй гульні. Складанасць жа паступова павышаецца, і яе можна прайсці прыблізна за 8 гадзін. Значная колькасць галаваломак у першай палове гульні дазваляе гульцу кіраваць толькі адным парталам, у той час як другі застаецца ў фіксаваным становішчы; магчымасць кіраваць другім парталам гулец адкрывае пазней.
Сюжэт Portal: Revolution з’яўляецца перадгісторыяй да Portal 2, а дзеянне адбываецца пасля падзей Portal. У гэтай гульні гулец бярэ на сябе ролю безыменнай паддоследнай ў закінутых лабараторыях Aperture Science. Гульня пачынаецца з таго, што галоўную гераіню будзіць ядро асабовасці па імені Стэрлінг, які паведамляе ёй, што яна праходзіць падрыхтоўку ў складзе «атрада экстраннага рэагавання», і даручае вырашыць серыю тэстаў.
Пасля іх завяршэння Стэрлінг раскрывае, што ён увесь час хлусіў, і яго сапраўдная мэта — актываваць цэнтральнае ядро, якое цалкам адновіць функцыянаванне лабараторый, бо тыя прыйшлі ў заняпад пасля таго, як ГЛэДАС была пераможана паддоследнай з першай часткі. Ён просіць галоўную гераіню дапамагчы яму ў абмен на яе вызваленне. Прайшоўшы праз тэхнічныя памяшканні і тэставыя камеры, яны даходзяць да «Шпіля», дзе знаходзіцца гэтае ядро. Стэрлінг тлумачыць, што гэтая прылада развівае папярэднія распрацоўкі Aperture ў галіне тэлепартацыі, дазваляючы яму сабраць і зноў актываваць ГЛэДАС. Галоўная гераіня заходзіць у пакой кіравання ядром, і Стэрлінг даручае ёй пратэсціраваць прыладу, аднак адбываецца збой.
Праз няспраўнасць галоўная гераіня тэлепартуецца на старую эксперыментальную тэставую рэйку. Там яна сустракае Эмілію Конлі — былую працаўніцу Aperture, чыя свядомасць была скапіравана ў ядро. Конлі і гулец прасоўваюцца праз эксперыментальныя тэставыя камеры, у выніку дасягаючы падножжа Шпіля. Падымаючыся па Шпілі, Конлі папярэджвае паддоследную, што паўторная актывацыя ГЛэДАС прывядзе да катастрофы, бо раней, будучы ўключанай, яна забіла ўсіх людзей у Aperture Science, у тым ліку сапраўдную Конлі. У выніку прасоўвання галоўная гераіня дасягае вяршыні Шпіля, дзе сустракаецца са Стэрлінгам. Конлі спрабуе ўгаварыць яго, аднак той адмаўляецца змяняць свае планы, сцвярджаючы, што даследчаму цэнтру патрэбны ГЛэДАС.
Прайшоўшы праз тэставыя камеры бліжэй да паверхні, Конлі і галоўная гераіня зноў дасягаюць пакоя кіравання ядром. Там яны змагаюцца са Стэрлінгам, каб адключыць прыладу і перашкодзіць яму прабудзіць ГЛэДАС. Падчас бойкі Конлі раскрывае, што Стэрлінг першапачаткова быў робатам-пыласосам, якога яна стварыла. Конлі і галоўнай гераіні ўдаецца перашкодзіць Стэрлінгу выкарыстаць цэнтральнае ядро, якое ў выніку выбухае. У сцэне пасля цітраў раскрываецца, што выбух ядра прывёў да таго, што Шпіль тэлепартаваўся на Месяц, пакінуўшы галоўную гераіню і Конлі ў пастцы. Першая страціла прытомнасць і атрымала сур’ёзныя траўмы, таму Конлі змясціла яе ў сховішча Месяца, за што папрасіла выбачэнні і развіталася.
Распрацоўка Portal: Revolution была распрацавана і выдадзена студыяй Second Face Software. Аўстрыйскі галоўны распрацоўшчык Штэфан Хайнц раней ствараў гульнявыя ўзроўні з дапамогай Portal 2 Authoring Tools, перш чым пачаў працу над Portal: Revolution у 2016 годзе, натхніўшыся такімі модамі, як Portal Stories: Mel. З цягам часу каманда Хайнца пашырылася і стала ўключаць акцёраў агучвання, праграмістаў, прадзюсараў і іншых. Музыку да гульні напісаў Джарэд Пуло. Таксама гульня мае аўтарскую агучку.
Гульня прайшла праз некалькі ітэрацый, апошняя з якіх пачала распрацоўвацца ў 2019 годзе. Мод выкарыстоўвае Strata Source — створаную супольнасцю на базе рухавіка Source з Counter-Strike: Global Offensive, якая ўключае сучасныя магчымасці, што, паводле распрацоўшчыкаў, «былі немагчымыя ў Portal 2».
Першапачаткова гульня планавалася да выхаду ў 2022 годзе, аднак яе распрацоўка заняла больш часу, чым чакалася, што прывяло да пераносу рэлізу на 2023 год. Урэшце дату выхаду прызначылі на 5 студзеня 2024 года, аднак Valve не паспела зацвердзіць гульню да гэтага тэрміну. Хайнц у той час заявіў, што «гульня гатовая», аднак праверка з боку Valve зацягнулася з-за скарочанага штату супрацоўнікаў у святочны перыяд, у выніку чаго Хайнц не атрымаў адказу нават па меры набліжэння канца тэрміну. Замест гэтага гульня была выдадзена 6 студзеня бясплатна на Steam для платформаў Windows і Linux. Улічваючы, што гэта мод, для гульні ў Portal: Revolution карыстальнікам неабходна валодаць копіяй Portal 2. Перад выхадам Хайнц адзначыў, што каманда мае намер дадаваць змесціва пасля выхаду.
Ацэнкі Portal: Revolution атрымала «пераважна станоўчы» рэйтынг у Steam неўзабаве пасля выхаду. Аўтар PC Gamer Морган Парк адзначыў, што гульня мае «высокую планку якасці і завершанасці», якая даказвае, што «Valve пакінула шмат неапрацаванага патэнцыялу ў серыі Portal». Форд Джэймс жа з PCGamesN апісаў яе як «дапрацаваную да такой ступені, што яна цалкам магла б быць дапаўненнем ад самой Valve».
Рэцэнзенты пахвалілі дызайн галаваломак і гульнявы працэс. Элі Гулд з TechRadar ацаніла галаваломкі як «несаступнымі» ў складанасці выпрабаванняў Portal 2. Рэдактар PC Games Фелікс Шютц адзначыў, што гульня значна менш складаная за Portal Stories: Mel; ён таксама пахваліў новыя механікі, заявіўшы, што яны дапамаглі гульні заставацца свежай.
Сцэнарый гульні атрымаў неадназначныя водгукі рэцэнзентаў. Гулд заявіла, што гульня мае «сюжэт, дзеля якога варта паміраць» і «выдатна ўпісваецца» ў афіцыйную серыю Portal. Шютц пахваліў агучванне гульні і назваў сцэнарый «безумоўна ўдалым», хоць адзначыў, што ён не дасягае ўзроўню Portal 2. Парк паставіў пад сумнеў сцэнарый Стэрлінга ў першых раздзелах, сцвярджаючы, што распрацоўшчыкам не ўдалося ўкласці «„асобу“ у ядро асабовасці», аднак гэта не сапсавала агульную якасць мода. Джэймс пагадзіўся, адзначыўшы, што Стэрлінг быў, «магчыма, найслабейшым аспектам Revolution», аднак пахваліў персанажа Конлі ў другой палове гульні.
Графіка гульні была высока ацэнена рэцэнзентамі. Парк пахваліў візуальны дызайн, заявіўшы, што ён «не ведаў, што Portal 2 можа выглядаць настолькі прыгожа». Хвалячы атмасферную разнастайнасць гульні, Шютц адзначыў, што якасць асяроддзя дапамагла ёй арганічна ўпісацца ў сусвет Portal.
Беларуская лакалізацыя Аматарская беларуская лакалізацыя Portal: Revolution была створана суполкай Гулец / лакалізацыя відэагульняў і апублікавана на пляцоўцы Nexus Mods 30 жніўня 2025 года. Лакалізацыя ўтрымлівае тэкставы пераклад інтэрфейсу і субцітры.
Крыніцы
Спасылкі
Катэгорыя:Гульні для Windows Катэгорыя:Аднакарыстальніцкія відэагульні Катэгорыя:Гульні для Linux Катэгорыя:Шутары ад першай асобы Катэгорыя:Відэагульні 2024 года Катэгорыя:Мадыфікацыі відэагульняў Катэгорыя:Portal