Пятрас (Пётр) Краўяліс (, псеўданім Вештаўтас (); , в. Жагарай — , Вільня) — літоўскі каталіцкі святар, грамадскі і культурны дзеяч, прафесар Віленскай духоўнай семінарыі. Актыўны абаронца літоўскіх і беларускіх нацыянальных інтарэсаў ва ўмовах паланізацыі Віленшчыны, адзін з ініцыятараў беларускага хрысціянскага руху.
Біяграфія Нарадзіўся 8 ліпеня 1882 года ў вёсцы Жагарай (цяпер у Малецкім раёне Літвы). Вучыўся ў Мінтаўскай гімназіі, адкуль быў выключаны за ненаведванне праваслаўных набажэнстваў. У 1908 годзе скончыў Санкт-Пецярбургскую духоўную акадэмію. У 1907 годзе быў пасвечаны ў святары.
З 1908 года служыў вікарыем у касцёле Усіх Святых у Вільні. Там ён пачаў праводзіць набажэнствы на літоўскай мове, з-за чаго сутыкнуўся з ціскам з боку польскага духавенства. У 1909 годзе за гэта быў высланы ў бернардзінскі кляштар у Гродне, дзе таксама пачаў прамаўляць літоўскія казанні, распаўсюджваць літоўскую прэсу і згуртаваў парафіянак у гурток Святой Зіты. Свае артыкулы святар часта падпісваў псеўданімам «Вештаўтас» — у гонар паўвострава на возеры Сцірней, каля якога жыла яго сям’я. Пётр Краўяліс клапаціўся аб стварэнні парафіі ў Сцірнеі і пачатку будаўніцтва там мураванага касцёла. Праз публіцыстычную дзейнасць наклады яго газет часта арыштоўваліся, а супраць яго ўзбуджаліся крымінальныя справы.
У 1911 годзе працаваў вікарыем у касцёле Наведвання Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Троках. З 1912 года з’яўляўся пробашчам парафіі Святога Мікалая ў Вільні. Адначасова з 1912 па 1933 год працаваў прафесарам Віленскай духоўнай семінарыі. У 1930—1931 гадах выкладаў літоўскую мову ва Універсітэце Стэфана Баторыя.
Дзейнасць у Магілёве Падчас Першай сусветнай вайны Пётр Краўяліс апынуўся ў Магілёве, дзе працаваў у складзе ліквідацыйнай камісіі бежанцаў-літоўцаў, паколькі значная частка насельніцтва Літвы і Віленшчыны была эвакуіравана на ўсход ад лініі фронту. У гэты перыяд ён прыняў самы актыўны ўдзел у мясцовым беларускім нацыянальным руху.
23 сакавіка 1917 года на кватэры адваката Івана Рэўта ксёндз Краўяліс стаў адным з дванаццаці заснавальнікаў Магілёўскага Беларускага гуртка, які хутка быў пераўтвораны ў Магілёўскі Беларускі Камітэт — першую дэмакратычную нацыянальную арганізацыю на ўсходзе Беларусі.
Праз год, 31 сакавіка 1918 года, ён прысутнічаў на гістарычным агульным сходзе гараджан і прадстаўнікоў розных арганізацый у Магілёве, які праходзіў пад старшынствам Міхаіла Кахановіча. На гэтым сходзе, які амаль аднагалосна падтрымаў утварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі, Пётр Краўяліс афіцыйна прадстаўляў камісію літоўскіх бежанцаў.
Грамадская і выдавецкая дзейнасць Рэдагаваў шэраг літоўскіх выданняў, сярод якіх «Aušra» (1911—1914, 1915), а з 1920 года — «Lietuvos kelias», «Vilniaus garsas», «Garsas», «Vilniaus varpas» і іншыя. Быў ініцыятарам з'езда настаўнікаў літоўскіх пачатковых школ, які прайшоў 28—30 снежня 1922 года. У 1922—1933 гадах займаў пасаду старшыні літоўскага асветніцкага таварыства «Rytas». Прымаў актыўны ўдзел у дзейнасці Літоўскага навуковага таварыства, Таварыства Святога Казіміра і Літоўскага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. Жорстка супрацьстаяў паланізацыі Віленскага краю і закрыццю літоўскіх школ, за што неаднаразова арыштоўваўся польскімі ўладамі і ўтрымліваўся ў Лукішскай турме. У 1932—1933 гадах з'яўляўся віцэ-старшынёй Часовага Віленскага літоўскага камітэта.
Стаўленне да беларускага руху Падчас працы ў Віленскай семінарыі Пётр Краўяліс адзначыўся як лаяльны і справядлівы выкладчык у адносінах да семінарыстаў-беларусаў. Калі пачаткі беларускага руху ў семінарыі сутыкаліся з жорсткім супраціўленнем польскіх выкладчыкаў і навучэнцаў, клерыкі і выкладчыкі літоўскага паходжання аказвалі беларусам моцную падтрымку. Па ўспамінах Адама Станкевіча, Краўяліс меў «цёплыя і справядлівыя адносіны... да клерыкаў беларусаў»Biеłаruskaja Krynica. — 1932. — № 27. — S. 2.. Зносіны ў семінарыі дазволілі Адаму Станкевічу завязаць добрыя знаёмствы з шэрагам будучых уплывовых дзеячаў літоўскай хрысціянскай дэмакратыі.
Разумеючы важнасць роднай мовы ў душпастырстве, Пётр Краўяліс і віленскі біскуп Юргіс Матулевіч вывучалі беларускую мову і ўсяляк садзейнічалі беларускай справе. Яны лічацца аднымі з пачынальнікаў беларускага хрысціянскага руху, бо выступалі за ўжыванне беларускай мовы ў касцёле насуперак пазіцыі тагачаснай польскай царкоўнай іерархіі.
Ушанаванне памяці Памёр 14 жніўня 1933 года ў Вільні. Пахаваны на Сонечных могілках.
У 1937 годзе Віленскае літоўскае асветніцкае таварыства «Rytas» выдала кнігу памяці «Ксёндз Пятрас Краўяліс» (), аўтарства якой належала Крыступасу Чыбірасу, Марцялінасу Шыкшнісу, Рапаласу Мацконісу і Вінцасу Будравічусу. У гонар святара ўсталявана мемарыяльная дошка на Маставой вуліцы ў Вільні. У касцёле Святога Мікалая маецца вітраж з яго партрэтам (аўтарства мастака Альгірдаса Давідзенаса). Побач з родным домам Краўяліса ў вёсцы Жагарай пастаўлена драўляная слуповая каплічка.
Бібліяграфія «Trys dvasiško gyvenimo pagrindai» (1921) «Dievui ir Lietuvai» (1922) «Šv. Kazimiero jubiliejaus iškilmės Vilniuje» (1922) «Trijų kryžių kalnas» (1924) «Trakų pilis» (1924) «Mokytoja» (1925) «Dr. J.Basanavičiaus laidotuvės» (1927) «Lietuvių švietimo draugija „Rytas“» (1927) «Pamokslas Aušros vartų paveikslo vainikavimo dienai» (1927) «Lietuvių likimas Lenkijoje ir lenkų Lietuvoje» (1928) «Kodėl Lietuva biedna» (1928) «Pirmieji lietuvių susirėmimai su totoriais» (1929) «Lietuvių tautinis valstybinis atgimimas» (1928) «Petras Goštautas ir jo gadynė» (1928) «„Ryto“ pradžios mokyklų programos» (1928) «Vytautas Didysis: Lietuvos didis kunigaikštis, Čekijos karalius, Lenkijos karūnos globėjas» (1930)
Крыніцы
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Нарадзіліся 8 ліпеня Катэгорыя:Нарадзіліся ў 1882 годзе Катэгорыя:Памерлі 14 жніўня Катэгорыя:Памерлі ў 1933 годзе Катэгорыя:Памерлі ў Вільні Катэгорыя:Пахаваныя на Сонечных могілках Катэгорыя:Каталіцкія святары Літвы Катэгорыя:Выпускнікі Елгаўскай гімназіі Катэгорыя:Выпускнікі Санкт-Пецярбургскай духоўнай акадэміі Катэгорыя:Выкладчыкі Універсітэта Стэфана Баторыя Катэгорыя:Публіцысты Літвы Катэгорыя:Дзеячы беларускага хрысціянскага руху